Сёння ўжо даволі цяжка ўявіць наша жыццё без жыллёва-камунальнай гаспадаркі — недарэмна сярод людзей ходзіць трапнае выказванне: камунальнікі сустракаюць нас, суправаджаюць усё жыццё і праважаюць у апошні шлях. Таму дабрабыт кожнага ў многім і залежыць ад іх добрасумленнай і якаснай працы.
Разам з даччынымі прадпрыемствамі “Райсервіс” і “Водаканал” унітарнае камунальнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Асіповіччыны налічвае больш за 1.300 работнікаў. Яны займаюцца добраўпарадкаваннем горада і дваровых тэрыторый, эксплуатацыяй жыллёвага фонду, водаправоднымі і каналізацыйнымі пытаннямі, вытворчасцю і рэалі-зацыяй цеплавой энергіі, абслугоўваннем кацельных і цеплатрас і г.д. Плюс, займаюцца і іншымі відамі дзейнасці: рамонтна-будаўнічай і дрэваапрацоўчай вытворчасцю, сантэхмантажнымі, электрамантажнымі і праектнымі работамі, нарыхтоўкай лесу, рытуальнымі і транспартнымі паслугамі, шмат чым іншым.
У цэлым па рэспубліцы каля 300 тысяч спецыялістаў гэтай галіны. І ў нядзелю яны будуць прымаць віншаванні з нагоды прафесійнага свята.