Петр КандрацIшка — дзяжурны сантэхнік ААТ «АЗАА” — з
маладосці захапляўся рыбалкай і паляваннем. Але ж вядома, што займацца гэтымі
відамі актыўнага адпачынку ўсур’ёз можна толькі маючы належны транспарт —
тэхніку, з дапамогай якой можна па любым бездарожжы дабрацца ў выбраную
мясціну.
Думка абзавесціся ўласным усюдыходам узнікла ў Пятра
яшчэ ў сярэдзіне 80-х. Тады ў СССР існаваў моцны рух
аўтасамадзельшчыкаў-аматараў, якія самастойна распрацоўвалі і будавалі
сапраўдныя аўтамабілі. Рабілі ўсё, ад чаго адмаўляўся «вялікі” аўтапрам —
спарткары, шматвосныя мінівэны, амфібіі, смела эксперыментавалі з кампаноўкай
кузава, прыдумвалі арыгінальныя сілавыя ўстаноўкі.
Адным з любімых відаў самаробнай тэхнікі тады былі
ўсюдыходы на пнеўматыках нізкага ціску, галоўным адрозненнем якіх з’яўлялася
простая, на мяжы прымітывізму, канструкцыя ды колы, абутыя не ў звычайныя шыны,
а ў лёгкія і трывалыя камеры ад трактароў ці грузавых машын. Вось такі агрэгат
і вырашыў зрабіць наш зямляк.
Першапачаткова выбраў самы просты — трохколавы —
варыянт, але пазней перарабіў яго ў больш практычны чатырохколавы. Самаробная
машына, аснашчаная рухавіком ад матацыкла «IЖ” і цапной трансмісіяй, цалкам
спраўдзіла чаканні свайго стваральніка: была надзейнай, простай у абслугоўванні
і магла прапаўзці па любым бездарожжы.
Супрацоўнікі рэгістрацыйнай службы ДАI да выні-ку
тэхнічнай творчасці асіповіцкага майстра спачатку, праўда, аднесліся без
энтузіязму: маўляў, не ведаем, да якой катэгорыі транспарту аднесці гэтае «брыдкае
качаня”. Праўда, пасля невялікай «папяровай вайны” ўсюдыходу
аўтара-самадзельшчыка ўсё ж было дазволена прымаць удзел у дарожным руху ў
статусе… трактара.
Як правіла, самаробнай машынай гаспадар карыстаецца
па прамым прызначэнні. За 20 гадоў эксплуатацыі па паляўніча-рыбалоўных справах
аб’ездзіў усе нерушы і «мядзведжыя куты” Асіповіччыны. Найчасцей жа робіць
вылазкі на прыроду восенню: дзякуючы свайму ўсюдыходу, адкрыў шмат некранутых
чалавекам журавіннікаў і стаў заўзятым збіральнікам гэтай карыснай ягады.
Ну а гэтай зімой Пятро Кандрацішка самаробны ўсюдыход
у гараж і не заганяў: ездзіць па сумётах ды галалёду на ім аказалася намнога
зручней і бяспечней, чым на «сапраўднай машыне”…