З 8 па 14 лютага праваслаўныя вернікі святкуюць Масленіцу.
У католікаў тыдзень перад пачаткам Вялікага посту
называецца карнавалам або Запустамі.
Дастаткова распаўсюджана думка, што гэтае свята
хутчэй язычніцкае, чым хрысціянскае. Гэта не зусім так, бо да нашага часу
дайшлі не толькі некаторыя з традыцый нашых продкаў, але і даследуецца свята
праводзін зімы і сустрэчы вясны. У пацвярджэнне — наступныя каментарыі.
Настаяцель Свята-Уведзенскага храма Васілій Белавус:
— Няпраўда, што Масленіца — язычніцкае свята. На
тыдні перад Вялікім постам не дазваляецца есці мяса, а вось сыр, масла ды бліны
— галоўныя стравы. Язычніцкія святы прывязаны да астранамічных з’яў, як,
напрыклад, Дзень вясенняга раўнадзенства. На думку царквы, усяго павінна быць у
меру. Яна ніколі не дазваляла абільных гулянняў. А прыйдзе Дараваная нядзеля —
трэба пакаяцца.
Ксёндз Рымска-каталіцкага касцёла Божай Міласэрнасці
Пётр Вайтала:
— Людзі каталіцкага веравызнання ладзілі карнавал. На
карнавальным тыдні народ імкнуўся запасціся вяселлем і забавамі на ўвесь
40-дзённы Вялікі пост. Карнавал і бліны непарыўна звязаны паміж сабою. Апошні
яго дзень, аўторак перад Папяльцом, называўся блінным днём або Тлустым
аўторкам. А ў Папяльцовую сераду пачынаецца саракадзённы час пакаяння. Святар
пасыпае галовы веруючых попелам, напамінаючы аб пакаянні.
Дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ірына
Маслава:
— Масленіца не так добра вывучана, як іншыя абрады. У
нас распрацавана некалькі сцэнарыяў па дадзенай тэматыцы. Але папулярнасць
свята расце. Напрыклад, казацкая Масленіца ў вёсцы Краснае, якая ў гэтым годзе
будзе праводзіцца чацвёрты раз. Адраджаюць традыцыі і некаторыя іншыя сельскія
клубы.
Цікава ведаць
У ЗША таксама
ёсць свой Fat Tuesday — святочнае гулянне з карнавалам. У франкамоўных краінах
ён называецца Мардзі Гра, і адзначаюць яго ў Францыі, Чэхіі, Бельгіі, у англамоўных
— Pancake Day (блінны дзень).
А ў некаторых краінах з прэвалюючым каталіцкім
веравызнаннем адзначаецца Тлусты чацвер — у гэты дзень ядзяць пончыкі з
разнастайным напаўненнем: ружовым варэннем, цукровай глазурай. Нешта падобнае
можна знайсці і ў кельтаў. Толькі ірландска-шатландскае свята азначае пачатак
лета і святкуецца напрыканцы мая з распальваннем вогнішчаў і карагодамі, і
называецца Б’ялтан.
Так, у традыцыйным календары былой Рэчы Паспалітай
Запусты або Запускі — назва апошняга тыдня перад постам (і зараз у многіх
месцах Беларусі гэтая назва захавалася). Пачынаўся гэты тыдзень Тлустым
чацвяргом — днём «шырокага разгулу”. Разыгрываліся батлейкі і рэлігійныя сцэнкі,
дзівілі фокусамі дрэсіраваныя мядзведзі, гучалі дуды і карбовыя ліры. Запусты
былі самым вясёлым, бесклапотным ты-днем у годзе, асабліва ў шляхец-кіх дамах.
Старадаўняя прыказка сцвярджала: «На Запусты не хоча панства капусты”.
Ад ежы і напояў выгіналіся сталы, і чаго толькі не
было на іх! Самай старажытнай і распаўсюджанай стравай, зразумела, былі бліны,
як і на Масленіцу.
У бяднейшых сем’ях у Тлусты чацвер елі тыя самыя
стравы, што і ў будні, напрыклад, капуснік, круп-нік, верашчаку, толькі
імкнуліся як мага болей дадаць тлустага. Апроч бліноў, папулярным печывам былі
пончыкі і хруст, званы інакш фаворкамі, якія паступова сталі ўспрымацца як
сімвал Тлустага чацвярга.
Адзначым, што ў Беларусі традыцыі Масленіцы і
каталіцкіх Запустаў, непазбежна, узаемна ўплывалі адна на адну, асабліва ў
сялянскім асяроддзі. Найбольш вядомай шляхецкай забавай былі масавыя санныя
вандроўкі ад адной ся-дзібы да другой, якія парадыйным спосабам імітавалі
«сялянскае вяселле” — у карнавальны час саслоўі быццам мяняліся месцамі,
узаемна высмейваючы адно аднаго.
Як жа шмат добрых і прыгожых звычаяў, па-са-праўднаму
годных, страчана намі ў пагоні за модай, асабліва ў апошняе стагоддзе. Аднак
ніхто не можа забараніць хрысціянам трымацца сваіх традыцыйных святочных
звычаяў, хоць бы ў вузкім сямейным коле.