Народныя песні і музыка спрадвеку лічыліся неад’емнай
часткай сялянскага і грамадзянскага быту сялян Асіповіччыны, як і Беларусі
ўвогуле. Асабліва шырока былі распаўсюджаны сярод сельскага насельніцтва песні.
Іх бытавала вельмі шмат, розных па тэматыцы і па зместу. У беларускіх народных
песнях праявіўся талент нашага народа, яго мастацкія здольнасці.
У асіповіцкіх мясцінах вызначаліся багаццем і
адметнасцю абрадавыя песні, якімі суправаджаліся розныя рытуалы: радзінны
(хрэсьбінны), вясельны, калядны, масленічны, талачынны, велікодны, купальскі,
дажынкавы і інш. Вялікае месца ў жыцці нашых продкаў займалі таксама песні,
якія не былі звязаны з выкананнем абрадавых дзеянняў. У іх адлюстраваны многія
бакі народнага жыцця: сямейныя адносіны, каханне, працоўная дзейнасць і інш. У
песнях апавялася прырода.
Нашы продкі спявалі песні ва ўсе поры года, у буднія
і святочныя дні, у час вячорак (попрадак), ігрышчаў (вечарынак), падчас працы на
ніве, сенакосе, пры праполцы і ўборцы лёну і канопляў, як пасвілі жывёлу, па
дарозе ў лес за грыбамі і ягадамі. Былі сярод гэтых песень вясёлыя, жартоўныя і
сумныя. Многія з іх сваёй задушэўнасцю і прыгажосцю краналі душу і сэрца,
вызывалі слязінку, увасаблялі высокую народную мараль.
Трэба адзначыць, што спяванне хорам ці сольна — старадаўняя
традыцыя беларускіх сялян. На Асіповіччыне, як і іншых мясцінах нашай краіны,
спяваць вучылі сялянскіх дзяцей з самага маленства маці ці бабуля. Менавіта імі
або іншымі дарослымі членамі сям’і дзецям прывівалі любоў да народнай песні,
выхоўваліся ў іх эстэтычныя пачуцці. Спевам сялянскіх дзяцей вучылі таксама ў
царкоўных школах і народных вучылішчах.
Як расказваюць старажылы, спяваць мясцовыя сельскія
жыхары даўней любілі і ўмелі. У сялянскім асяроддзі амаль ні адно святочнае
застолле ці ігрышча (вечарынка), ні адзін абрад не абыходзіліся без песень.
У другой палове XIX-пачатку XX стагоддзя сярод
насельніцтва Асіповіччыны, як і Беларусі ўвогуле, быў шырока распаўсюджаны такі
жанр вуснай народнай творчасці, як прыпеўкі , якія ўяўляюць сабой кароценькія,
звычайна чатырохрадковыя, песенькі. Асабліва іх шмат спявала сельская моладзь
на ігрышчах.
У прыпеўках, як і песнях, адлюстраваны каханне,
жартоўныя і вясёлыя матывы. Многія з іх былі прасякнуты задорам, тонкім і
здаровым гумарам, узнімалі настрой удзельнікаў ігрышчаў. Вось некалькі
прыпевак, зафіксаваных на Асі-повіччыне:
Усё я пела, усё я пела,
Усё я весялілася.
Ды адно мяне згубіла:
У дурня я ўлюбілася.
У майго мілёначка
Вось такусенькі насок —
Дзевяць курачак садзіцца,
А дзесяты петушок.
Сорак лет кароўкі нет,
А маслам адрыгаецца,
Пайшоў курыцу даіць,
А курыца брыкаецца.
Скора, скора снег растане,
З гор палеецца вада,
Скора мілы мой прыедзе,
І не буду я адна.
Коля, Коля, твае коні
Пад гарою воду п’юць.
Коля, Коля, твае вочкі
Мне пакою не даюць.
Песні і прыпеўкі нярэдка спявалі пад вясёлыя гукі
музыкаў. У нашых вёсках спрадвеку былі свае таленавітыя музыкі-самавучкі:
гарманісты, скрыпачы, цымбалісты, бубя-ністы. Была пашырана таксама ігра на
драўляных лыжках, трашчотках. Здаўна шырока ўжываўся такі інструмент, як дудка.
Трэба адзначыць, што музыкі, асабліва гарманісты,
карысталіся вялікай пашанай і любоўю нашых продкаў. Аб павазе да іх сведчаць
вось гэтыя даўнія, напоўненыя пяшчотай прыпеўкі:
Гарманіста я любіла,
Гарманіста цешыла,
Гарманісту на плячо
Сама гармошку вешала.
Гарманіст, гарманіст,
Румяныя шчочкі,
Праз цябе, гарманіст,
Я не спала ночкі.
Рассыпся, гарох,
На чатыры кучкі,
А ў нашага гарманіста
Залатыя ручкі.
Праўда, часам складалі і спявалі прыпеўкі пра музыкаў
і гумарыстычнага, кплівага характару, як, напрыклад:
Гармонь новы,
Крышка сцёрта,
Гарманіст пахож
На чорта.
А музыка без языка,
Каля печкі трэцца:
— Дзевачкі-паненачкі,
Пусціце пагрэцца!
Без музыкаў на Асіповіччыне не абыходзілася ні адна
ўрачыстасць. Пад іх нястомнае гранне на ігрышчах весялілася, вадзіла карагоды і
танцавала моладзь. Былі сярод іх свае завадзілы і танцоры, якія валодалі
спрытам, прыроджанымі здольнасцямі і ўмельствам. Танцы выконваліся ў хуткім ці
ўмераным рытмах і звычайна суправаджаліся прысядкамі, падскокамі,
прыхлопваннямі ў далоні, прытоптваннямі ў такт музыкі, бойкімі і задз-рыстымі
прыпеўкамі або песнямі.
Сярод сельскіх жыхароў Асіповіччыны любоўю
карысталіся такія танцы, як полька, вальс, кракавяк, кадрыля, падэспань і інш.
Як правіла, яны выконваліся дружна, зладжана, з дзівоснай бадзёрасцю і спрытам.
Народныя песні, прыпеўкі, музыка і танцы для нашых
продкаў — своеасаблівы эліксір, які разганяў сум. У спевах, віхрах карагодаў і
танцаў пад вясёлае гранне музыкаў забываліся штодзённыя клопаты і цяжкасці
сялянскага жыцця.
Ганна ДУЛЕБА,
кандыдат гістарычных навук, гісторык і этнограф.