Мясцовыя пажарныя-ратавальнікі 11 красавіка пасадзілі 164 дрэвы вярбы ніцай і амаль паўтысячы розных кустоў на 104-м і 120-м кіламетрах трасы М5. Акцыю па веснавым азеляненні яны прысвяцілі і надыходзячаму 165-гадоваму юбілею пажарнай службы краіны.
Ялізаўчане выпісваюць 68 найменняў перыядычных выданняў. Найбольшай папулярнасцю ў пасёлку карыстаюцца газета “Асіповіцкі край”, якой аддаюць перавагу 67 чалавек, “Друг пенсионера” — 64, “СБ” — 55. У “Железнодорожника Белоруссии” 26 падпісчыкаў, “Юный спасатель” атрымліваюць 23, “Белорусскую лесную газету” — 18 чалавек. Любяць тут і “Четверг”: 47 экзэмпляраў з укладкай і 21 — без.
Са 155 населеных пунктаў раёна ў 37 зарэгістравана да 10 чалавек. Па 1 налічваюць Аляксандраўка, Залессе і Ражнетава, па 2 жыхары ў Казімірова, Ражышчы, Дубралёва, Будзе, на жыхара больш — у Жураўцы, Пабокавічах, Кляпчаным Масту, Дубавым, Зорцы і Астроўках. Па 4 вяскоўцы ў вёсках Ясянёўка, Задняя Града, Слабодка, Крычавец, Жукаўка, Заняцечча і Вярэйцы, а ў Сухлаве, Вярхах, Пасеках і Прыцерпе — па пяць.
Градзянскі сельсавет прыкладае шмат намаганняў па навядзенні парадку ў населеных пунктах і за іх межамі. У санітарны дзень вяскоўцы добраўпарадкавалі цэнтральны парк. Накіравана 19 прадпісанняў кіраўнікам арганізацый і 7 — фізічным асобам. Актыўна вядзецца ўборка месцаў пахаванняў і грамадскіх могілак. Падвозіцца пясок, убіраецца смецце, вырубаецца хмызняк. У агульнай справе актыўна ўдзельнічаюць і работнікі лясніцтва.