Жыццё дырэктара дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Жорнаўская эксперыментальная лясная база Iнстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Руслана Казачка, ураджэнца Любаншчыны, з асіповіцкай зямлёй звязана ўжо амаль 17 гадоў. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта пачынаў працоўную дзейнасць з памочніка ляснічага Каменіцкага лясніцтва. Потым быў майстрам лесу, выконваючым абавязкі ляснічага, ляснічым Градзянскага і Вяззеўскага лясніцтваў. Градзянскае жыццё ўспамінае з асаблівай цеплынёй. Там і зараз жыве многа сяброў і знаёмых, з якімі працаваў, праводзіў вольны час. Як дэпутат мясцовага Савета дапамагаў пасялкоўцам вырашаць злабадзённыя пытанні. Не забылі, мабыць, яны пра добрыя справы ляснічага, на апошніх выбарах зноў аказалі давер — стаў дэпутатам раённага Савета па Градзянскай выбарчай акрузе № 28.
— Дэпутацкі партфель нялёгкі, — шчыра прызнаецца Руслан Алегавіч. — Але разам са старшынёй Градзянскага сельсавета Валянцінай Хісаевай знаходзім шляхі вырашэння праблем, з якімі прыходзяць людзі. Асноўныя — добраўпарадкаванне дарог, асвятленне вуліц, работа магазінаў. Звяртаюцца з прапановамі-пытаннямі і гараджане. Даношу запыты да райсавета. Калі атрымліваецца дапамагчы чалавеку, адчуваю, што дзень пражыў недарэмна.
— Як грамадская работа спалучаецца з асноўнай?
— Стараюся планаваць дзень так, каб і просьбы-пытанні выбаршчыкаў не забываць, і з прафесійнымі абавязкамі спраўляцца. Узначальваемы калектыў немалы: больш за 100 чалавек, сярод якіх трое — навуковыя супрацоўнікі. У структуры арганізацыі — Лапіцкае і Жорнаўскае лясніцтвы, а таксама навуковы аддзел, які праводзіць вялікую работу па шэрагу накірункаў у лесаводстве. У асноўным працуем над удасканаленнем тэхналогій вырошчвання насаджэнняў, устойлівых да неспрыяльных фактараў, праводзім адпаведныя агратэхнічныя і лесаводчыя работы. Хапае клопатаў па падтрыманні і аднаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Чым для установы быў адметны Год навукі?
— Зараз у рэестры навуковых аб’ектаў ЖЭЛБ знаходзіцца 49 даследчых аб’ектаў, якія ўяўляюць высокі навуковы і практычны інтарэс, звязаны з фарміраваннем і выро-шчваннем насаджэнняў. Вучоныя працягвалі назіраць за рэліктавай дубровай, якой ужо амаль 400 гадоў, насаджэннямі лістоўніцы еўрапейскай, што з’явіліся на свет у пачатку мінулага стагоддзя. Створана 5 доследна-вытворчых аб’ектаў, адзін з іх — па вырошчванні лясных культур дуба чарэшчатага ў водаахоўнай зоне возера Лочынскае: развядзеннем гэтай культуры займаемся не першы год. Нашы кандыдаты сельскагаспадарчых навук Уладзімір Рашэтнікаў і Хрысціна Старажышына кансультуюць працаўнікоў лясной гаспадаркі па дадзеным пытанні, даюць слушныя рэкамендацыі. Яны прымалі актыўны ўдзел і ў навукова-практычных канферэнцыях, дзе выступалі з да-кладамі, публікаваліся ў спецыялізаваных выданнях. А напрыканцы года атрымалі прыемную навіну: Хрысціна Міраславаўна ўвайшла ў лік маладых вучоных, каму прызначана стыпендыя Прэзідэнта краіны па выніках работы за 2017 год. Практычная значнасць яе навуковых даследаванняў пацверджана 5 актамі аб укараненні ў лесагаспадарчыя арганізацыі тэхналогіі вырошчвання дуброў, якая забяспечвае высокую прадуктыўнасць і ўстойлівасць насаджэнняў. Мне ж пашчасціла прыняць удзел у рабоце II з’езда вучоных, які праходзіў у сталіцы 12-13 снежня. Гэта была добрая магчымасць ацаніць і ўклад нашай установы ў развіццё беларускай навукі.
— У лютым адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў новага склікання, ідзе працэс вылучэння кандыдатаў. У гэтым спісе ёсць Ваша прозвішча?
— Маючы добрую школу работы з людзьмі, што немалаважна для дзейнасці дэпутата, вырашыў зноў балатавацца па той жа акрузе. Абраў самы просты спосаб — збор подпісаў, які ажыццяўляўся членамі ініцыятыўнай групы. Пакет дакументаў ужо перададзены ў акруговую камісію. Спадзяюся на давер выбаршчыкаў. А перадвыбарную праграму паспрабую звязаць з вырашэннем пытанняў па добраўпарадкаванні вёсак, навядзенні парадку на зямлі.
Ніна ВIКТОРЧЫК.