У чарговы дзень жывёлавода на фермы Асіповіччыны накіравалася
6 інфармацыйных груп, каб сустрэцца з вытворцамі мяса—малака і даведацца, як праходзіць зімовы стойлавы перыяд, якія вытворчыя праблемы маюць працаўнікі і, натуральна, пры магчымасці паспрыяць у вырашэнні пытанняў.
Група на чале са старшынёй райвыканкама Паўлам Налівайкам пабывала на цэнтральнай МТФ у Ясені. У дойным статку тут амаль дзве сотні галоў, сярэднясутачныя надоі — 11 кілаграмаў ад каровы, што на раённым узроўні. У снежні справы на МТФ ідуць даволі паспяхова: заданне на дэкаду выканана з плюсам у 1071 кілаграм, усяго ж за 10 дзён атрымана 18729 кг малака. Да канца месяца задача выйсці на вытворчасць у 100% да леташніх паказчыкаў павінна быць выканана.
Каб візіт стаў максімальна эфектыўным, перад сустрэчай з калектывам быў праведзены агляд сельгасаб’екта. Намеснік начальніка райсельгасхарчу Алена Кадуш зрабіла некалькі істотных заўваг па ўтрыманні цялят, абслугоўванні малочнага абсталявання. Дробязей на шляху да павелічэння колькасці і якасці малака не бывае. А жывёлаводы і самі маглі пераканацца на практыцы, што атрымліваць менавіта якасны прадукт — усебакова выгадна.
Кіраўнік раёна расказаў аб стане спраў у сельгасгаліне, пацікавіўся ў ясенскага калектыву, што людзей найбольш хвалюе сёння. У асноўным умовамі работы тут задаволены, няма нараканняў і на кармавую базу для жывёлы. Застаецца толькі старацца. Па вялікім рахунку ўсё ў руках саміх жывёлаводаў: каб атрымліваць добры заробак, трэба належным чынам працаваць.
Напрыканцы гутаркі Павел Налівайка павіншаваў калектыў з надыходзячым Новым годам і ўручыў салодкія пачастункі — чаму б у час перапынку разам не папіць чаю? Тым больш, што абсталяванае ўтульнае памяшканне на гэтай ферме ёсць. Ужо, дарэчы, і ёлка заняла сваё пачэснае месца. Варта толькі падмацаваць настрой добрымі надоямі.