Мікрараён «Чарняхоўскага» мае сваю адметную асаблівасць: утварыўся ён нядаўна, таму пражываюць тут у асноўным маладыя сем’і, вялікая частка якіх — мнагадзетныя. Зразумела, запатрабаваны імі ў першую чаргу аб’екты сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння. Безумоўна, маецца патрэба і ў аптэцы.
Бліжэйшая ад названага мікрараёна знаходзіцца ў будынку вакзала, таму з радасцю жыхары вуліцы Чарняхоўскага ўспрынялі навіну аб адкрыцці побач з іх дамамі новай аптэкі, якая размясцілася ў будынку магазіна гандлёвай сеткі “Дабраном”.
Магілёўскае ГВРУП “Фармацыя” было прадстаўлена ў нашым рэгіёне пяццю аптэкамі ў горадзе і чатырма — на раёне. Новы медыцынскі аб’ект стаў дзясятым па ліку.
Як расказала загадчыца Асіповіцкай ЦРА № 109 Ларыса Куўшынава, графік работы склалі, вывучыўшы попыт насельніцтва мікрараёна. З аўторка па пятніцу набыць лекі можна будзе з 11.00 да 19.30, у суботу — з 9.00 да 17.30. Будуць адпускацца медыкаменты і па льготных рэцэптах, распаўсюджваюцца і скідкі для пенсіянераў, мнагадзетных сямей і дзяцей да 3 гадоў.
Многія жыхары ўжо змаглі ацаніць усе плюсы медыцынскай кропкі. Ганне Кабышавай таксама падабаецца працаваць у новым памяшканні са зручнымі стэлажамі і ветлівымі кліентамі.