Па-асабліваму вырашылі сёлета адзначыць Дзень пажылых людзей ветэраны-медыкі: “пярвічка” “Серабрысты ландыш” запрашае ўсіх 1 кастрычніка ў 11 гадзін на майстар-клас, які правядуць інструктары Школы скандынаўскай хадзьбы ў Беларусі пры фінансавай падтрымцы германскага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” ў рамках праекта “Залаты ўзрост”. Пройдзе мерапрыемства на стадыёне “Юнацтва”, удзел бясплатны. У каго ёсць інвентар — бярыце з сабою!
35 юнакоў і дзяўчат з Асіповіччыны ў гэтым годзе паступілі на педагагічныя спецыяльнасці ВНУ краіны. У тым ліку студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова сталі 5 выпускнікоў.
Пад сяўбу азімых сёлета патрабуецца ўнесці 194 тоны дзеючага рэчыва азотных удабрэнняў, забяспечанасць якімі складае 104%, 846 тон д.р. — калію (105%), 415 – фосфарных (91%). Апошнімі будуць удабрацца і палеткі пад цукровыя буракі.
Працягваецца вакцынацыя супраць грыпу. Па апошніх дадзеных, у раёне за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ўжо зроблены прышчэпкі 43 дзецям і 682 дарослым. У ліку апошніх — хворыя, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, медработнікі, пенсіянеры.
Аглядавая камісія Дараганаўскага сельвыканкама за студзень-верасень наведала 588 домаўладанняў, як і было запланавана. Наконт пажарнай бяспекі членамі камісіі праінструктавана 645 жыхароў з розных населеных пунктаў сельсавета. Сёння на кантролі камісіі 7 домаўладанняў, дзвюм сем’ям нядаўна аказана дапамога па рамонце печаў і электраправодкі.
Беспрывязнае ўтрыманне жывёлы стала больш шырока выкарыстоўвацца на фермах асіповіцкіх сельгаспрадпрыемстваў. Напрыклад, пры падрыхтоўцы да зімовага стойлавага перыяду зроблена рэканструкцыя хлява ў Жорнаўцы (ААТ “ЖорнаўкаАГРА”), дзе будзе ўтрымлівацца такім метадам больш за 200 быкоў, таксама на ферме ў Цэзарове (ААТ “Каменічы”) — тут “прапішуцца” цялушкі.