“Не было яшчэ ні Асіповічаў, ні Дараганава…”
Ва ўсіх цяперашніх вёсках адна бяда: з цягам часу жыхары ўсё часцей з’язджаюць з родных хат у іншыя месцы. Калі ідзеш па іх, асабліва востра гэта адчуваецца ў цішыні, якой не сустрэнеш у горадзе. Таму асабліва прыемна, калі даўно знаёмае мястэчка ажывае: амаль у кожным двары чутна гамонка, гучаць песні і дзіцячы смех, паўсюль стаяць “прыкметы часу” — аўтамабілі, якія не зусім упісваюцца ў вясковую ідылію, але досыць яскрава падкрэсліваюць заселенасць хаты.
Менавіта з такімі думкамі сутыкнулася ў суботу, трапіўшы ў родную вёску матулі на сапраўды знакавае свята — 500-годдзе Мязовічаў. Дарэчы, адлік вядзецца з першых успамінаў селішча ў пісьмовых крыніцах, а на самой справе — хто ж яго ведае, можа і ўсю 1000 гадоў…
Ажыятаж сярод сучасных і былых жыхароў гэтага паселішча ў Дараганаўскім сельсавеце, дзе сёння налічваецца 39 пастаянных насельнікаў, пачаўся больш за месяц да самога свята. Землякі сутыкаліся ў розных куточках Асіповіччыны, тэлефанавалі і пісалі ў сацыяльных сетках з адным толькі пытаннем: “Ты ведаеш, што свята вёскі будзе? Абавязкова прыязджай!”
І вось — дзень Х, 22 ліпеня. Зараз цяжка вызначыць канкрэтную дату стварэння Мязовічаў, але, здаецца, сонечная ліпеньская субота — неблагі варыянт, каб адсвяткаваць.
А 15 гадзіне ўсе жадаючыя — каля паўтары сотні чалавек усіх узростаў — былі на месцы. Першай на імправізаваную сцэну выйшла Віталіна Сяргейчык з песняй “Дзе ты з’явіўся на свет”. Пасля такога сімвалічнага пачатку свята з прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся вядучыя, якія пазнаёмілі з гісторыяй Мязовічаў.
Вёска ў гістарычных летапісах вядомая з ХIV стагоддзя. У 1517 годзе пасяленне знаходзілася ў Глускай воласці Мінскага павета Вялікага княства Літоўскага, з 1793 г. — у складзе Расійскай імперыі, у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. З 1897 г. — у Жыцінскай воласці Бабруйскага павета. Налічвала 44 гаспадаркі, 286 жыхароў…
Дарэчы, дапамаглі ўспомніць шлях, які прайшла вёска Мязовічы, і нататкі яе былога жыхара Рыгора Сакалова, што друкаваліся ў тагачаснай раённай газеце “Запаветы Леніна”. Вядучыя зачыталі прысутным некаторыя, што выйшлі у 1967 г., — роўна паўстагоддзя таму…
Пасля невялічкага гістарычнага экскурсу на сцэну запрасілі ўраджэнца Мязовічаў, старшыню раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Пузіка, які завітаў на свята разам з яшчэ адной зямлячкай — сястрой Святланай, якая прыехала з Магілёва. Аляксандр Віктаравіч падзякаваў арганізатарам, павіншаваў землякоў і выказаў надзею, што вёска яшчэ будзе жыць і развівацца. Ён узнагародзіў Падзячным лістом Сяргея Пінчука (дом сацыяльных паслуг) і ўручыў падарунак старасце вёскі Ганне Патапавай.
“Чалавек нарадзіўся!” — як шмат у гэтых словах. Гэта зараз тут дзіцячы смех чуваць усяго ў адной хаце, а калісьці ў вёсцы налічвалася больш за тры дзясяткі шматдзетных сем’яў. Марк і Аксіння Тарлецкія выгадавалі 4 сыны і дачку, Раман і Марфа Балоцька — 3 сыны і дачку, Леон і Еўдакія Балоцька — 2 сыны і 2 дачкі. Дарэчы, сын апошніх Мікалай доўгі час працаваў брыгадзірам у мясцовым калгасе, а на суботнім свяце прысутнічала яго дачка Галіна са сваёй сям’ёй. Канстанцін і Хадосся Дамарад выгадавалі 3 дачкі і 2 сыны, таксама як Фёдар і Марыя Карлюк, столькі ж дзяцей было і ў сям’і Кузьмы Пузіка. А самымі шматдзетнымі бацькамі ў Мязовічах былі Ігнат і Надзея Дубовік: выгадавалі 6 сыноў і 4 дачкі. Адна з іх, Валянціна, прымала ўдзел у будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі і, на жаль, там загінула…
Зараз у вёсцы жыве адна шматдзетная сям’я — Уладзіміра Новіка і Алены Амельчанка. Сёлета юны жыхар Уладзімір ідзе ў першы клас. А прадстаўніцы Новікаў Юлі ўручылі падарунак для ўсіх.
Успаміны пра вайну — тое, што нельга губляць. 36 мязовіцкіх сямей не дачакаліся сваіх родных з фронту, 4 землякі-партызаны загінулі ад варожых куль. І імёны тых, хто навечна застаўся маладым, прагучалі над вёскай, іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання…
Адзначылі на свяце і старажылаў. Марыя Якаўлеўна Сямашка нядаўна сустрэла 92-гі дзень нараджэння, Сяргей Мікалаевіч Пінчук — 89, Дзмітрый Васільевіч Сугака — 86, Аркадзій Канстанцінавіч Сасімовіч — 84, Марыя Іванаўна Пузік — 83, Ганна Васільеўна Дамарад — 81. Юбілейны 75-ты дзень нараджэння адзначыла Таццяна Фёдараўна Шарамет. І кожны, хто змог прысутнічаць на свяце, атрымаў падарунак.
Некалькі дзён таму 50-гадовы юбілей святкавала былая жыхарка вёскі Галіна Талейка (Балоцька) — яе таксама адзначылі і павіншавалі.
А яшчэ ў гэты дзень шчырыя словы гучалі для пары, што ідзе разам ужо на працягу 57 гадоў — Уладзіміра Рыгоравіча і Зоі Еўдакімаўны Сашчэка.
Атрыманне адукацыі — адзін з важнейшых аспектаў жыцця для кожнага. Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў звычайным драўляным доме адкрылася Мязовіцкая пачатковая школа. У пасляваенны час дырэктарам быў мясцовы жыхар Мікалай Балоцька. Амаль усе прысутныя прадстаўнікі старэйшага пакалення атрымалі азы навукі ў гэтай установе. Сваімі ўспамінамі пра яе падзяліўся ўраджэнец Мязовіч Леанід Цыбульскі. Ён жа выказаў сваё меркаванне і наконт назвы вёскі:
— Лічу, што спачатку гэта былі Мяжовічы — мусіць, дзесьці тут праходзіла мяжа Вялікага княства Літоўскага. Ну а з цягам часу назва ператварылася ў знаёмыя ўсім Мязовічы. Не было ні Асіповічаў, ні Дараганава, а наша вёсачка ўжо існавала!
Прывёз з сабой Цыбульскі і ксеракопію з “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”, які выдадзены ў 2009 годзе РУП “Белкартаграфія” і захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. А там Мязовічы адзначаны 1461 годам. Сапраўды, яшчэ большы ўзрост…
Былыя жыхары памятаюць таксама і мясцовы клуб. Калісьці ім кіравала Марыя Некрашэвіч, а на свята завітала яе дачка — Галіна Балоцька. Яна і рассказала крышачку пра гісторыю культурнай установы. На жаль, зараз няма ўжо школы і клуба, але добра, што памяць аб іх жыве.
Павіталі на ўрачыстасці і лепшых гаспадароў і гаспадынь — 10 чалавекам выказала падзяку і ўручыла падарункі старшыня Дараганаўскага сельвыканкама Тамара Валадзько.
На працягу ўсяго свята выступалі артысты з дзіцячага лагера “Пціч” Дар’я Сідаровіч, Ангеліна Доўгаль, Марыя Торвінен, Вольга Борухава, Карына Батура, Алена Саманчук разам з начальнікам лагера Жаннай Пінчук, а таксама спевакі-аматары Аляксандр Яршоў і Наталля Ганчаронак. У вёсцы працавала аўталаўка райста, а яшчэ жыхарка Радуціч Раіса Васільева парадавала вяскоўцаў прысмакамі ўласнага прыгатавання. Было людна і каля Наталлі Мельнік з Радуціцкага клуба, якая праводзіла бяспройгрышную латарэю. А закончыўся фэст палутарагадзінным выступленнем артыстаў з Ялізава, якое было сустрэта з вялікім захапленнем.
Прыемна, што зазірнулі на свята самыя розныя людзі. Напрыклад, сённяшнія жыхары Расіі і Украіны, розных гарадоў Беларусі — адлегласць не стала перашкодай. Цікава, што сабраліся ў Мязовічах і больш за два дзясяткі прадстаўнікоў сям’і Дубовік. Не аднойчы гучалі і мясцовыя прозвішчы Балоцька, Новік, Чорны, Пузік, Карлюк, Дамарад…
— Зараз жыву ў Балашыхе Маскоўскай вобласці. Калісьці паехаў у камандзіроўку, знайшоў там сям’ю ды і застаўся, — расказвае Валерый Чорны. — Але абавязкова кожны год прыязджаю ў родную вёску. Бо дзе б ні быў, заўсёды цягне сюды…
— Каля 30 гадоў тут ужо не жывём, але перыядычна прыязджаем. Абавязкова сочым за лёсам малой радзімы, хвалюемся. Вялікі дзякуй арганізатарам, што далі такую выдатную магчымасць сустрэцца з землякамі, — падхоплівае сённяшні масквіч Яўген Карлюк.
Падзячных слоў у адрас арганізатараў было выказана нямала: далі добрую падставу землякам сабрацца. І як прыемна было прагуляцца вечарам па вёсачцы, якая зноў гаманіла, смяялася, спявала — словам, жыла.
А на дрэве каля скрыжавання дарог, як і калісьці, сядзелі і пазіралі на ўсіх буслы…
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота аўтара і з архіва Антаніны Радкевіч.
Круто — 500 лет! Жаль только, что истории так мало осталось… А почему так странно название деревни на первом фото? Дорожники белорусского языка не знают? Стыдно.
Очень обидно и печально что автор данной статья не удосужился собрать информацию о всех сторожил этой деревни, однако о Дятел Анне Никифоровне 1938 года рождения не указани ни одного слово, хотя этот человек присутствует на снимках.
Добрый вечер. Вы правы, стоило упомянуть всех. Однако я, к сожалению, не могу знать каждого, кто жил, живет, будет жить в Мезовичах. При написании материала использовала данные, предоставленные организаторами: имена, указанные в тесте, звучали и на празднике, я сама лично никого не добавила и не убрала. Однако спасибо за замечание, приняла к сведению.