I медалісты, і іх бацькі з настаўнікамі дакладна ведаюць, што кошт залатога медаля вымяраецца колькасцю ўкладзенай працы ды розных перажыванняў-хваляванняў. Медаль — дарослая ўзнагарода за дзіцячыя гады старання.
I прыемна, што з цягам часу прэстыж ведаў толькі ўзрастае.
9 чэрвеня ў райвыканкаме адбылося ўрачыстае ўручэнне заслужаных узнагарод лепшым выпускнікам Асіпо-віччыны, удзел у якім прынялі адміністрацыі вучэбных устаноў і класныя кіраўнікі, мамы і таты, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе працуюць бацькі медалістаў: матэрыяльная падтрымка таксама не лішняя.
З прывітальным словам да моладзі звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна. Яна падкрэсліла, што на гэтых юнакоў і дзяўчат раён мае асаблівыя спадзяванні. Творчыя, ініцыятыўныя, дасведчаныя кадры патрэбны заўсёды. Атрыманыя ў школе веды найвышэйшай якасці дапамогуць выпускнікам адчыніць дзверы самых прэстыжных ВНУ краіны.
Пра кожнага з медалістаў — іх сёлета 15 — падрабязна расказалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі.
I, характарызуючы, падышлі да гэтай задачы рознабакова і крэатыўна. Адчувалася, што вучнямі сапраўды ганарацца, развітваюцца з імі з сумам у душы. Але ёсць нагода і радавацца: пуцёўкі ў вялікае жыццё атрыманы, засталося толькі адзначаць у іх кропкі новых перамог.
Ад імя бацькоў выказала прызнанне ўсім, хто меў дачыненне да вучобы дзяцей, настаўніца нямецкай мовы СШ № 4 Наталля Пацкевіч. А гімназіст Арцём Шагаеў упэўнена гаварыў аб тым, што медалісты-2017 пастараюцца трымаць марку і далей набываць новыя якасныя веды, каб быць паспяховымі і ў будучым працоўным жыцці. А школа назаўсёды застанецца ў памяці светлым і радасным востравам дзяцінства. Шчыра віншавала «імяніннікаў» з найважнейшай падзеяй у жыцці і дала наказ ніколі не пасаваць перад цяжкасцямі класны кіраўнік 11 класа Ялізаўскай СШ Алена Мурог.
Урачыстая сустрэча стала добрай нагодай узнагародзіць і лепшых школьнікаў-спартсменаў, якія дасягнулі выдатных вынікаў. Напрыклад, выпускнік СШ № 1 Уладзіслаў Рагалевіч — неаднаразовы прызёр і пераможца чэмпіянатаў свету і Еўропы па тайландскім боксе, а 9-класнік з гімназіі Ян Абрамчык — прызёр чэмпіянату Еўропы па кікбоксінгу. Прэміі таксама атрымалі вучаніца СШ № 4 Кацярына Пракопчык і гімназіст Дзмітрый Андрыевіч. Акрамя Дзмітрыя, усе выхаванцы мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Падзячныя лісты старшыні райвыканкама атрымалі таксама трэнеры і бацькі.
За прадукцыйную работу ў алімпіядным руху, асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей навучэнцаў пасведчанне аб узнагароджанні прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў уручылі настаўніку-метадысту Таццяне Амбрушкевіч.
А цяпер — расказ пра кожнага з медалістаў. I няхай не крыўдуюць яны на тое, што не пералічылі ўсіх дасягненняў, месцаў-дыпломаў — для гэтага трэба адводзіць не адну старонку, а некалькі нумароў “раёнкі”. Дарэчы, многія ўжо не раз былі героямі артыкулаў “Асіповіцкага краю”. Ёсць упэўненасць, што будзе яшчэ шмат нагод пісаць пра гэтых таленавітых маладых людзей. А атрыманыя медалі няхай застануцца для юнакоў і дзяўчат прыемным фактам пацвярджэння іх вышэйшай пробы на ўсё жыццё!
Уладзіслава Абразцова,
гімназія
Асаблівы інтарэс і здольнасці дзяўчына праяўляла ў спасціжэнні гуманітарных навук. Добра валодае замежнай мовай. У 10 і 11 класах была прызёрам раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Умее мысліць нестандартна і крэатыўна, знаходзіць практычнае прымяненне сваім ведам. Гэта дзяўчына самастойная. Мае сваю кропку гледжання і можа аргументавана яе адстаяць. Нярэдка з’яўлялася ініцыятарам добрых спраў. Заўсёды спагадлівая ва ўзаемаадносінах з людзьмі. А самая запаветная яе мара — здзейсніць кругасветнае падарожжа. Само прозвішча медалісткі абавязвае быць узорам і ў вучобе, і ў паводзінах для іншых.
Арына Гапоненка,
гімназія
Заўсёды была здольнай вучаніцай, а засвойваць веды дапамагалі добрая памяць і развітае лагічнае мысленне. Атрыманую інфармацыю ўмее аналізаваць, выдзяляць галоўнае і рабіць правільныя вывады. Вольны час з задавальненнем пры-свячае чытанню мастацкай літаратуры. Сур’ёзна сябруе дзяўчына і са спортам: у складзе гімназічнай каманды прымала ўдзел у раённых спаборніцтвах па спартыўных гульнях і лыжных гонках, дзе займала прызавыя месцы. Скончыла дзве дзіцячыя школы мастацтваў: № 1 — па класе харэаграфіі і фартэпіяна, № 2 — па класе гітары.
Лізавета Крэхалёва,
гімназія
За час вучобы зарэкамендавала сябе як старанная і адказная вучаніца. Умее паслядоўна і прыгожа выказваць свае думкі. Мае шырокі светапогляд. Прымала ўдзел у міжнародных навукова-практычных канферэнцыях па гісторыі ў Маскве і Кіеве, дзе была адзначана пахвальным лістом і Дыпломам II ступені. Займаецца танцамі. Выступала на конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў. Iніцыятыўная, выканаўчая, даручаную справу заўсёды даводзіць да канца. У Лізаветы сфарміраваны такія якасці, як таварыскасць, гуманізм, развітае пачуццё справядлівасці. Дапамога людзям — вось крытэрый, па якім яна выбірае свой будучы шлях.
Паліна Лапікава,
гімназія
У характары ў значнай ступені праяўляюцца рашымасць, энергічнасць, здольнасць хутка дзейнічаць, мэтанакіраванасць. Лідарскія якасці дзяўчыны былі заўважаны, і Паліна мела магчымасць іх рэалізаваць. Яна член маладзёжнага парламента, які дзейнічае пры раённым Савеце дэпутатаў, прэзідэнт органа самакіравання навучэнцаў “Гімназічная ліга”. Дзяўчына заўсёды з цікавасцю і задавальненнем бярэцца за справу, прымала актыўны ўдзел у грамадска-карыснай працы.
Наталля Сіваракша,
гімназія
На ўроках заўсёды была ўважлівай, дысцыплінаванай. Неаднаразова прымала ўдзел у школьных, раённых і абласных алімпіядах па беларускай мове, грамадазнаўстве, фінансавай граматнасці — станавілася прызёрам і пераможцам. Вясёлая і жыццярадасная, эмацыянальная і працаздольная, настойлівая ў дасягненні пастаўленых мэт — гэта ўсё пра яе. Заўсёды ахвотна бралася за класныя справы. Не раз была вядучай мерапрыемстваў на гімназічнай сцэне — мае артыстычныя якасці. Па меркаванні Наталлі, галоўнае, чаму яе навучылі ў “alma mater”, — правільна расстаўляць прыярытэты.
Анастасія Шухава,
гімназія
Шмат чытае, валодае добрай памяццю, умее лагічна і паслядоўна выказваць свае думкі. Праяўляла цікаўнасць як да прадметаў прыродазнаўча-матэматычнага цыкла, так і да гуманітарных. Мае актыўную жыццёвую пазіцыю. Паспяхова спраўлялася з задачамі капітана гімназічнай каманды па інтэлектуальных гульнях “Могучая кучка”. Пераможца і прызёр раёна, вобласці, удзельніца рэспубліканскага турніру. Нязменны рэдактар прэс-цэнтра гімназіі “VITA”. Сфера, якая найбольш цікавіць і можа стаць прафесійным выбарам, — праграмаванне.
Арцём Шагаеў,
гімназія
Жыццёвае крэда юнака: “Хто змагаецца — можа прайграць, а хто не стаў змагацца — ужо прайграў”. Таму хлопец не выбірае лёгкіх шляхоў. Па характары ўраўнаважаны, вытрыманы, камунікабельны, тактоўны, прынцыпіяльны. Узаемаадносіны з аднакласнікамі і педагогамі базіраваліся на ўзаемаразуменні, падтрымцы, супрацоўніцтве. Шмат чытае. Пастаянна працуе над сабой. Неаднаразова паспяхова ўдзельнічаў у школьных, раённых і абласных алімпіядах і конкурсах па англійскай мове. Дапытлівасць прывяла ў інтэлектуальную зборную. Любімая гульня юнака, азы якой спасціг з малых гадоў, — шахматы. У прафесійным плане яго прываблівае банкаўская справа.
Дар’я Пацкевіч,
СШ № 1
Усяго адной дзясятай бала не хапіла ёй, каб бал атэстата быў 10. Але гэта ніколькі не засмучае, бо павінна быць прастора для ўдасканалення. Галоўнае для дзяўчыны — па-стаянны рух наперад, гармонія і любоў да свету. Любімая фігура — круг як сімвал дружнай сям’і, вернага сяброўства. Мае асаблівую любоў да паэзіі, некалькі твораў, у тым ліку і напісаны аднакласнікам, паклала на музыку. Не расстаецца з гітараю і ўвогуле не мысліць сябе без творчасці. Маючы добрыя вакальныя дадзеныя, была пастаяннай удзельніцай раённага конкурсу “Творчыя ўзлёты”. Валанцёрскі рух таксама яе накірунак. А галоўная мэта — зрабіць свет, у якім жывём, крыху лепшым. Збіраецца спасцігаць камп’ютарныя тэхналогіі.
Алена Маркава,
СШ № 1
Бал яе атэстата — 9,9! Дзяўчына валодае лідарскімі якасцямі. Цудоўная дыкцыя дазволіла шмат разоў быць вядучай школьных і раённых мерапрыемстваў. Выдатна ведае нямецкую мову. Займала прызавыя месцы ў абласным конкурсе эсэ, сачыненняў эпісталярнага жанру і іншых. За што б ні бралася, усё робіць з душою і вялікай адказнасцю. Жыццёвыя прыярытэты дзяўчына вызначыла так: сям’я, здароўе блізкіх людзей і развіццё. На працягу многіх гадоў мэтанакіравана спасцігае складаныя навукі — біялогію і хімію. Марыць стаць урачом.
Уладзіслаў Сямёнаў,
СШ № 1
Чалавек яркі і неардынарны. Сур’ёзна захапляецца гісторыяй і адносіць яе да цікавейшай з навук. З дзяцінства марыць стаць прафесійным абаронцам Радзімы, таму любіць дапрызыўную падрыхтоўку, а ваенную форму прымярае з павагаю і сапраўдным захапленнем. Член школьнага навуковага таварыства “Шукальнік”. У жыцці важнай справай лічыць сяброўства, беражлівыя адносіны да акаляючага свету. Упэўнены, што настойлівай працай можна дасягнуць многага. Сярод захапленняў — рыбалка. Па характары добры, разважлівы, ураўнаважаны. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.
Андрэй Жыдовіч,
СШ № 2
Званне “Вучань года” сярэдняй школы № 2 2017 года — вынік шматгадовай і мэтанакіраванай работы Андрэя. Член маладзёжнай суполкі, аматар музеяў, школьны сцяганосец на ўрачыстых лінейках, пастаянны ўдзельнік самых розных акцый і конкурсаў, чалавек, які ведае і цікавіцца гісторыяй краіны і роднага краю. Ужо ў пачатковых класах паспяхова далучыўся да алімпіяднага руху і зарэкамендаваў сябе трывалым выдатнікам. Яго любімы прадмет — хімія. А глыбокія веды хлопца пацвярджаюцца неаднаразовымі перамогамі на алімпіядах. У школе мяркуюць, што юнаку будзе пасаваць менавіта медыцынскі халат.
Таццяна Мялешка,
Ялізаўская сярэдняя школа
Дзяўчына выдзяляецца ўстойлівай матывацыяй на атрыманне глыбокіх ведаў і выбар прафесійнага шляху. Заўсёды арганізаваная і сабраная. Ёй характэрныя высокі інтэлектуальны ўзровень і здольнасць да дакладных і гуманітарных навук. Была стыпендыяткай фонду Йова Лаяніца. Шчырая, спагадлівая, адказная. Iмкнецца спланаваць сваю дзейнасць і прытрымлівацца плана, размяркоўваючы час на выкананне задуманага. Неканфліктная, узнікаючыя ва ўзаемаадносінах праблемы ўмее вырашаць на аснове кампрамісу. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, займалася харэаграфіяй. Галоўнае — не баяцца марыць і ісці да сваёй мэты, лічыць Таццяна.
Алена Хлус,
СШ № 4
Дзяўчына творчая, мае рознабаковыя інтарэсы. Iмкнецца прытрымлівацца прынцыпу: “Сёння я настойліва працую для таго, каб заўтра пакарыць новую вяршыню”. Не спыняе невядомасць перад чымсьці новым. Наадварот, Алена заўсёды імкнецца да адкрыццяў, з захапленнем займалася даследчай дзейнасцю. Яе работа на тэму “Паходжанне прозвішчаў настаўнікаў і вучняў нашай школы” заняла II месца на абласным конкурсе. Выпускніца прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы, была сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ. У людзях дзяўчына цэніць сумленнасць, тактоўнасць, шчырасць і ўменне сябраваць. Усмешку лічыць спосабам дзяліцца радасцю з тымі, хто побач.
Караліна Жук,
Каменіцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа
Актыўная ўдзельніца культурна-масавых мерапрыемстваў школы і класа. Пераможца і прызёр школьных, раённых і дыстанцыйных алімпіяд па нямецкай мове, фізіцы. Эрудзіраваная, ветлівая і спагадлівая дзяўчына. За гады вучобы праявіла сябе толькі са станоўчага боку. Любоў да працы, адказнасць, самадысцыпліна, гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу — вось галоўныя якасці выпускніцы. Не толькі ў вучобе, але і ў грамадскіх справах яна заўсёды наперадзе. Вельмі любіць чытаць, захапляецца бісерапляценнем, вышывае крыжыкам. Аматар падарожжаў, разам з бацькамі пабывала ў многіх куточках роднай Беларусі.
Святлана Пірагова,
Ліпенскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа
9 класаў скончыла ў Вязаўніцы, добра сябе зарэкамендавала і ў новай установе адукацыі. У 10 і 11 класах была пераможцай школьнага конкурсу “Лідар сярод нас”. Мае рознабаковыя інтарэсы: удзельніца творчых конкурсаў, алімпіяд па вучэбных прадметах, стваральнік відэаролікаў. Дзяўчына — адміністратар садружнасці “Музей Ліпенскай школы” ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Арганізатар і ўдзельнік краязнаўчых квестаў. Iнтэрнэт і работа на камп’ютары — яе стыхія. Відэафільм “Таленты роднага краю” аб асіповіцкай паэтэсе Марыі Цімінскай заняў прызавое месца на абласным конкурсе.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніна ЦАРЫК.