22 чэрвеня 1941 года… Не трэба тлумачыць, якое значэнне мае гэтая дата для кожнага беларуса, і таму ў Дзень усенароднага смутку землякі збіраюцца разам, каб ушанаваць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічна, што гэта адбываецца ў 12 гадзін — якраз у той час, калі ў першы дзень вайны аб нападзе Германіі аб’явіў наркам замежных спраў Вячаслаў Молатаў. Менавіта ў яго прамове прагучала знакамітая фраза: “Наше дело правое. Враг будет разбит. Победа будет за нами”.
…На традыцыйны мітынг-рэквіем каля помніка ахвярам вайны ля вёскі Цяплухі сабраліся прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў. Як заўсёды, было шмат дзяцей.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Захарчук ад імя ўсіх прысутных выказаў словы ўдзячнасці пакаленню, якое вынесла на сваіх плячах цяжар самай маштабнай вайны за ўсю гісторыю чалавецтва. I яшчэ раз падкрэсліў, што захаванне памяці аб подзвігах жывых і загінуўшых абаронцаў Радзімы, пакутах мірных жыхароў, што перанеслі цяжар акупацыі, — свяшчэнны абавязак кожнага беларуса.
Мы памятаем мінулае, упэўнена глядзім у будучыню і робім усё, каб наша Радзіма больш ніколі не ведала ваеннага ліхалецця. Наша справа таксама правая. I таму перамога заўсёды будзе за намі!