Мабыць, кожны з нас калі-нікалі задумваецца: “Як бы добра было, каб для вырашэння тых ці іншых пытанняў не патрэбна было нікуды выходзіць з хаты і нават тэлефанаваць!”
У красавіку мінулага года ў жадаючых зарэгістраваць свой шлюб у мясцовым аддзеле ЗАГС такая магчымасць з’явілася: цяпер аператыўна і ў любы час забраніраваць дату і час гэтага асаблівага для кожнага мерапрыемства лёгка можна праз “сусветную павуціну”.
Таксама анлайн даведаешся і аб загружанасці выбранага дня ўрачыстасці, памеры тарыфаў і дзяржаўнай пошліны, пазнаёмішся з поўнай юрыдычнай інфармацыяй аб тых ці іншых працэдурах, якія выконваюцца ў аддзеле ЗАГС, спампуеш шаблоны дакументаў або заяў.
Як адзначае начальнік аддзела Наталля Чамко, інтэрнэт-сэрвіс карыстаецца поспехам у маладажонаў: за год работы анлайн забраніравалі каля 70 дат шлюбу. Аднак трэба памятаць: для рэальнай рэгістрацыі адносін неабходна ўсё ж сюды наведацца — падаць заяву, аплаціць дзяржпошліну і іншыя паслугі. Ну і, вядома, пра самы галоўны дзень не забыцца.