Штогод з мэтай прапаганды фізкультуры, спорту і здаровага ладу жыцця ў раёне праводзіцца круглагадовая спартакіяда сярод арганізацый і кіраўнікоў. У першыя выхадныя лютага спаборніцтвы-2017 стартавалі з лыжных гонак, у якіх прынялі ўдзел 70 спартсменаў-аматараў з 17 арганізацый Асіповіччыны.
Як звычайна, усё пачалося з рэгістрацыі ўдзельнікаў і пасяджэння судзейскай калегіі. Пасля — урачыстае адкрыццё, паўдзельнічалі ў якім першы намеснік старшыні і намеснік старшыні райвыканкама Павел Налівайка і Аляксандр Шаўлюга.
А палове 11 раніцы на старт выйшлі жанчыны. Лыжніцам патрэбна было пераадолець дыстанцыю ў 2 кіламетры, мужчыны, якія выступалі наступнымі, прабеглі на кіламетр болей. Разам з асноўнымі ўдзельнікамі сваё майстэрства прадэманстравалі і кіраўнікі арганізацый і ўстаноў.
У камандным заліку мацнейшымі сталі: у першай групе — ФСК «Лакаматыў», УКП ЖКГ і ААТ «АЗАА», другой — філіял «Асіповіцкае ўпраўленне магістральных газаправодаў» ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» і Асіповіцкі ВУ ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў», у трэцяй — установа па захаванні матэрыяльных каштоўнасцей «Маяк», ААТ «Рыбгас «Свіслач» і райаддзел па надзвычайных сітуацыях, у чацвёртай — каманда ААТ «ЖорнаўкаАГРА».
Сярод жанчын-кіраўнікоў ва ўзросце да 40 гадоў на першую прыступку п’едэстала гонару паднялася вядучы спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Грэдзель, на другую — галоўны спецыяліст той жа ўстановы Вольга Каралёва, трэцюю — бухгалтар аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Алешка. У жанчын больш сталых віншаванні прымала галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Пахоменка, у мужчын «да 40» — намеснік начальніка РАНС Аляксандр Стукарчук, а «пасля 40» — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДДЛГУ «Асіповіцкі доследны лясгас» Аркадзь Новікаў, другое месца заняў намеснік начальніка філіяла «Асіповіцкае УМГ» Міхаіл Калінін.
На фінішы ўсіх чакалі гарачая гарбата і заслужаныя ўзнагароды.
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота аўтара.