Днямі рэдакцыя “Асіповіцкага краю” сумесна з раённым вузлом паштовай сувязі правяла розыгрыш купонаў на бясплатнае віншаванне ў газеце сярод удзельнікаў Дня падпісчыка. Чатыры дзясяткі землякоў сталі ўладальнікамі такога бонусу. Найбольш актыўна кампанія прайшла ў гарадскім аддзяленні сувязі № 1, дзе абанемент на газету аформілі 26, у ГАС № 3 — 22 чалавекі. Выдатна спрацавала Пратасевіцкае аддзяленне сувязі, дзе “раёнку” выпісалі 23 жыхары, эфектыўна ўключыліся ў работу паштавікі ў Ліпені, Каменічах і Красным.
Уладальніцай прыза стала і былая настаўніца Ірына Петрушкевіч, якой даставіла купон паштальён ГАС-3 Таццяна Стукарчук.
Ірына Георгіеўна з “АК” сябруе не адзін год. Адзначае, што з цягам часу газета становіцца толькі лепшай, таму пытанне, ці выпісваць “раёнку”, ніколі не стаіць: адназначна — выпісваць!
Даражыць сяброўствам з “Асіповіцкім краем” Ірына Георгіеўна яшчэ і таму, што гэта яе родная газета з дзяцінства. Прыемна сустрэць на старонках знаёмых, была тут інфармацыя і пра яе саму: нямала гадоў працавала ў дзіцячым садзе-яслях № 15, у школе ў Дараганаве.
Тыя, хто яшчэ не падпісаўся на мясцовае выданне, маюць шанс паспець зрабіць гэта! Паспяшайцеся! Падпіска на газету «Асіповіцкі край» прадоўжана да 29 снежня!