Адзін з галоўных будынкаў горада — чыгуначны вакзал, і, безумоўна, вельмі важна, каб пасажырам і праважаючым-сустракаючым тут было камфортна.
На вакзале можна не толькі набыць білеты на любы цягнік і адпачыць перад дарогай, але і паглядзець тэлевізар, падсілкавацца ў буфеце, а з дапамогай банкамата папоўніць кашалёк, які з цягам часу схуднеў. Тут можна купіць часопісы і газеты, а калі хтосьці прыхварэў — неабходныя лекі.
Калектыў усяляк стараецца стварыць утульнасць. Многія заўважалі, колькі раслін буяе ў зале чакання, нядаўна адрамантаваны дыхтоўны дах дадае цеплыні і надзейнасці.
Начальнік вакзала Максім Лапко адзначае, што работнікам нярэдка даводзіцца чуць словы па-дзякі за работу, створаныя ўмовы, аказаную дапамогу.
— Заўсёды рады, калі пасажыры звяртаюцца да нас з нейкімі станоўчымі прапановамі, — распавядае субяседнік. — Прыслухоўваемся і з задавальненнем выкарыстоўваем. Напрыклад, такія парады спатрэбіліся пры афармленні клумб і газонаў, якім надаём шмат увагі. Пасажыры цягнікоў, што праходзяць праз станцыю, заўсёды з цікаўнасцю глядзяць у вокны, і хочацца, каб карцінка на пероне радавала вока.
На жаль, нярэдка людзі неабгрунтавана наракаюць на нейкія нязручнасці. Напрыклад, калі спазняюцца на цягнік. Між тым, работнікі вакзала заўсёды ідуць насустрач пасажырам, і, калі тыя па нейкіх прычынах не паспелі на патрэбны рэйс, прапануюць іншы варыянт, каб чалавек як мага хутчэй дабраўся да месца прызначэння. Так, калі ў сярэдзіне ліпеня разгулялася стыхія, з-за якой на некалькі гадзін быў прыпынены рух цягнікоў, працаўнікі вакзала падабралі кожнаму прымальны варыянт далейшага руху, памянялі білеты, пасадзілі на цягнік. Карацей, варта толькі звярнуцца за дапамогай.
Вакзал — гэта грамадскі будынак, і чыгуначнікі цесна супрацоўнічаюць з лінейным аддзелам міліцыі, таму, напрыклад, непрыстойныя паводзіны людзей на падпітку, калі такое здараецца, адразу спыняюцца. У рэгіянальных цягніках і на вакзале пастаянна вяшчаюць аб тым, каб не забываліся пра свой багаж, аднак выпадкі нечаканых знаходак здараюцца амаль штодзённа. У такіх сітуацыях супрацоўнікі АУСТ аглядаюць рэчы, здаюць іх дзяжурнаму па вакзале пад вопіс, дзе яны знаходзяцца на працягу месяца.
На пероне ў наяўнасці 2 электронныя інфармацыйныя табло і спецыяльныя ўказальнікі.
Карыстаюцца попытам аўтаматычныя камеры захоўвання багажу. З моманту ўстаноўкі не было ні аднаго наракання на іх работу: зручна, надзейна, нядорага.
Спадабалася пасажырам і абсталяванне пляцовак для курэння на пероне. Неаднойчы начальніку і загадчыку білетных кас даводзілася чуць словы падзякі за тое, што не плывуць клубы дыму ў памяшканні вакзала і вакол будынка.
Супрацоўнічаюць вакзальныя работнікі і з ваенізаванай аховай, папярэджваючы пераход пешаходамі чыгуначных пуцей ва неўстаноўленых месцах.
Асобныя адносіны — да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На вакзале расказваюць, якая ўдзячная была 85-гадовая пасажырка з Масквы, якой нядаўна дапамаглі з высадкай, знайшлі сваякоў, арганізавалі іх сустрэчу. I такіх гісторый нямала.
Але ёсць пытанні, якія не ўваходзяць у кампетэнцыю мясцовых чыгуначнікаў. Такія, як графік руху цягнікоў. Не заўсёды можна адразу дапамагчы пасажыру перасесці з аднаго саставу на другі, паскорыць яго адпраўленне — даводзіцца крыху пачакаць. I ўсім прымаць гэта трэба з паразуменнем. Як і перыядычна праводзімыя рамонтныя работы, без якіх якасная работа чыгункі немагчыма. А таму лепш не псаваць сабе настрой з-за часовых нязручнасцей, а адпачыць у зале чакання, каб з задавальненнем працягнуць шлях.
Iна ЗАСКЕВІЧ. Фота Ніны Царык.