У склад УКП ЖКГ уваходзіць 35 дзеючых кацельняў, з іх у шасці большую ўдзельную вагу мае газ, у 29 перавагу аддаюць мясцовым відам паліва. Працуе 11 цэнтральных цеплапунктаў.
Цэнтральная раённая бальніца папоўнілася кадрамі. У медустановы раёна прыбыло 13 дактароў, 4 інтэрны і 12 спецыялістаў сярэдняга звяна. Урачы агульнай практыкі сталі прымаць пацыентаў у амбулаторыях Ліпеня, Дрычына, Татаркі, Лапіцкай бальніцы.
Дапамогу хворым пачалі аказваюць вузкія спецыялісты: 2 маладыя отарыналарынголагі, рэнтгенолаг, гінеколаг, неўролаг, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, стаматолаг.
2 фельчары выязной брыгады першае працоўнае месца знайшлі на “хуткай дапамозе”, з’явіліся медыкі на ФАПах у Красным і Жорнаўцы, іншых установах.
Як паведамілі ў землеўпарадкавальнай службе райвыканкама, на тэрыторыі раёна асноўнымі землекарыстальнікамі з’яўляюцца лясгас, Жорнаўская эксперыментальная база, 9 сельгаспрадпрыемстваў, 16 фермерскіх гаспадарак і ТАА “Агракомплекс “Сваяк”.
45 шматкватэрных дамоў райцэнтра пабудавана на сродкі жыхароў у складзе жыллёва-будаўнічых кааператываў. Абслугоўванне іх ажыццяўляецца таксама самімі жыльцамі.
Па дадзеных раённага савета ветэранаў, на 10 жніўня ў раёне налічвалася 33 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 21 асоба, узнагароджаная ордэнамі і медалямі за самаадданую працу ў тыле і 9 інвалідаў вайны, а таксама 12 сямей ваеннаслужачых, партызанаў і падпольшчыкаў, што загінулі ў час ліхалецця. 5 чалавек — інваліды ў выніку ранення ці кантузіі. 123 землякі маюць статус вязняў канцлагераў, турмаў і гета.
На стадыёне «Алімпіец» 28 жніўня пройдзе турнір па міні-футболе. У ім прымуць удзел першыя 16 з зарэгістраваных каманд. Спярша адбудзецца групавы этап, па выніках якога па 2 лепшыя каманды выйдуць у чвэрцьфінал, каб працягнуць далейшую барацьбу.
Асіповіцкім вытворчым участкам Бабруйскага КХП прынята 38,4 тысячы тон зерня новага ўраджаю. З іх 27,1 тысячы тон — у лік дзяржзаказу, а 11,3 — на захоўванне і давальніцкую перапрацоўку.
Кошт камплекта школьных падручнікаў на наступны навучальны год для 1 класа складае 5,61 рубля, 2 — 7,70. Трэцякласнікі будуць карыстацца самымі таннымі кніжкамі — за 5,50 руб. Бацькі на год старэйшых дзяцей патрацяць 6,69, а пяцікласнікаў — 10,76 руб. Больш за ўсё выдаткаў чакае тых, чые дзеці пойдуць у шосты клас: іх “навука” каштуе 14,04 рубля. Камплект падручнікаў для сёмага класа абыдзецца ў 8,12, а восьмага — 8,70 руб. Вучні старэйшых класаў атрымаюць кніжкі за 8,01, 11,46 і 11,98 рубля адпаведна.