Механізатар ААТ «Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне» Валерый Сухоцкі на трактары «Беларус-1523» з прэс-падборшчыкам, абмотчыкам рулонаў «ТАРНАДА» ў чэрвені нарыхтаваў больш за 1.516 тон кармоў у палімернай упакоўцы.
Раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на сёння прадастаўляе паслугі сядзелкі 12 чалавекам (па медыцынскім заключэнні аб такой патрэбе). Паслуга аказваецца згодна з заключанай дамовай на 4, 8 або 10 гадзін у суткі. Нянямі забяспечаны 9 сямей, у якіх адначасова нарадзілася двое ці больш дзяцей. Паслуга прадастаўляецца да дасягнення малымі ўзросту 3 гадоў пры ўмове ненаведвання імі дашкольнай установы. Няня знаходзіцца з двайнятамі 20 гадзін у тыдзень, з трайнятамі — удвая большы час.
Аддзел па збыту электраэнергіі РЭС за 6 месяцаў замяніў каля 4.200 лічыльнікаў. Месца 600 індукцыённых занялі электронныя з магчымасцямі па перадачы дадзеных. Напісана 11 актаў аб крадзяжы электраэнергіі, з іх 9 — на бытавых спажыўцоў.
Палівачная машына ДУКВП «Райсэрвіс» летняй спякотай ажыццяўляе штодзённае «асвяжэнне» вуліц. Рабочы дзень вадзіцеля Станіслава Радзюка пачынаецца ў 5 гадзін раніцы. За 5-6 рэйсаў ён вывозіць і разлівае на вуліцы, клумбы і мост 30-36 кубаметраў вады.
Спецыялістамі землеўпарадкавальнай службы сёлета праведзена 363 праверкі. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 32 землекарыстальнікі, што склала 119% да аналагічнага перыяду мінулага года. Парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафа на агульную суму 25,7 млн рублёў.
Работнікі Вяззеўскага сельсавета пачалі рамонт агароджы могілак у Вярэйцах. Актыўна рыхтуюцца да правядзення свята вёскі, якое адбудзецца 9 ліпеня, вызначаюць лепшыя домаўладанні і вуліцы. На кантролі знаходзіцца адпачынак каля вадаёмаў, вядзецца тлумачальная работа аб купанні толькі ў адведзеным месцы.
Раённы Цэнтр народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім фестывалі «Александрыя збірае сяброў». Майстры прадэманструюць свае таленты: Вольга Наўдзюнас будзе ткаць пояс, Валянціна Прасаловіч вырабляць валеныя, а Святлана Чараватая — тэкстыльныя лялькі, Вольга Варанец дасць урок вязання кручком, а Мікалай Шмаргілаў — работы з дрэвам.
Адзіны разліковы цэнтр вядзе актыўную работу па спагнанні дэбіторскай запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі. Па 106 асабовых рахунках даўжнікоў дакументы перададзены ў аддзел прымусовага выканання. У 10 кватэрах адключанна асвятленне, 8 грамадзянам, якія карыстаюцца камерцыйным жыллём, накіраваны папярэджанні аб высяленні.