Хочаце адчуць подых мінуўшчыны, атрымаць новыя звесткі пра гісторыю роднага краю, стаць сведкамі творчага ўдасканалення падрастаючага пакалення, акунуцца ў атмасферу дзіцячай непасрэднасці? Тады папрысутнічайце на раённай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў «Зямля бацькоў — жыцця крыніца», якая штогод праводзіцца цэнтрам турызму і краязнаўства.
Сёлета, як і апошнія гады, форум праходзіў у гімназіі. Адкрыў пасяджэнне юных навукоўцаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Міхаіл Грыгорчык, які падкрэсліў, што вучнёўская моладзь Асіповіччыны — мэтанакіраваная, творчая, ініцыятыўная, актыўна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, акцыях, конкурсах, спаборніцтвах. Кожнае іх высокае дасягненне — развіццё асабістага патэнцыялу, рух наперад, фарміраванне шырокага кругагляду. А тыя, хто займаецца краязнаўствам, маюць магчымасць дакрануцца да гісторыі і культуры малой радзімы, стаць яе сапраўднымі патрыётамі. I гэта пацвердзілася работамі, якія вучні прадставілі прысутным.
Вучні Ліпенскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Раман Дзівак і Мікіта Сачыўка разам з кіраўніком настаўнікам гісторыі Вольгай Падвойскай падрыхтавалі цікавае даследаванне «Становішча сялян вёскі Халуй у дарэформенны перыяд». Рабяты падзяліліся ўражаннямі ад работы з фондамі Нацыянальнага архіва краіны, што ўзбагаціла не толькі патрэбнай інфармацыяй, але і новымі стасункамі.
Самай шматлікай па колькасці работ стала намінацыя «Памяць» — падзеі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не сатруцца ў людской памяці. Яна ўсё далей адыходзіць у мінулае, але невядомых старонак застаецца многа, і іх вывучэннем займаюцца як дарослыя, так і вучні. Вікторыя Гурская і Юрый Канонік з Лапіч расказалі, напрыклад, пра тое, як разам з кіраўніком Юрыем Сцяпанавым і з дапамогай мясцовага сельсавета правялі вялікую пошукавую работу, вынікам якой стала аднаўленне амаль дзясятка новых імён загінуўшых падчас вайны на тэрыторыі вёскі савецкіх байцоў.
Андрэй Нікалаюк і Андрэй Жыдовіч з СШ № 2 пад началам настаўніка Ларысы Аляхновіч падрыхтавалі аповед пра нашага земляка — педагога, партызана, літаратара Сямёна Аляхновіча. Пра свайго гераічнага дваюраднага прадзеда Фёдара Крыловіча пранікнёна расказаў вучань гэтай жа ўстановы Мікіта Налівайка (кіраўнік Неаніла Цыганок) — сёлетні пераможца міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
Свіслацкі школьнік Яўгеній Волкаў (педагог Алена Кулак) паведаміў пра акупацыйны рэжым у роднай вёсцы. Прэзентацыя суправаджалася тэатральнай пастаноўкай, падрыхтаванай яго таварышамі. А работа вучняў з СШ № 4 Вольгі Дударонак і Марка Канаваленкі (Алена Анціховіч) перанесла прысутных у архітэктурнае мінулае нашага горада.
Захапляючым і змястоўным быў экскурс у гісторыю сям’і Ксеніі Сітнік. Дзевяцікласніца з Дараганава з дапамогай кіраўніка школьнага музея Жанны Каралені вывучыла свой радавод да восьмага калена. Сваім даследаваннем і шчырасцю дзяўчынка пакарыла не толькі асіпаўчан, але і расіян, з якімі спаборнічала па пытаннях краязнаўства ў Маскве.
Арына Арцыменя з СШ № 1 (настаўнік Святлана Брызінская) вывучала жыццё і дзейнасць сучасных творцаў гісторыі. Дзяўчына стварыла відэафільм пра благачыннага Асіповіцкай акругі, настаяцеля Свята-Уведзенскага храма протаіерэя Васілія Белавуса. Работа дэманстравалася на адным з рэспубліканскіх конкурсаў і стала дыпламанткай.
Комплекснае даследаванне водных аб’ектаў раёна правялі вучаніцы СШ № 3 Дар’я Кулакоўская і Алена Шаўчук (Святлана Зайцава) — дзяўчынкі таксама пераможцы аднаго з Міжнародных конкурсаў.
Усе юныя выступоўцы атрымалі дыпломы і памятныя падарункі, а артысты — цудоўны настрой гледачам і ўдзельнікам канферэнцыі стваралі навучэнцы студыі «Музычны ваяж» пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі райцэнтра турызму і краязнаўства Наталлі Грэнь — салодкія пачастункі.
Падводзячы яе вынікі, загадчык аддзела краязнаўства і экалогіі АРЦТіК Вадзім Грэнь адзначыў, што з года ў год узрастае цікавасць вучняў да роднай гісторыі, павышаецца якасць прадстаўляемых матэрыялаў, адкрываюцца невядомыя старонкі мінулага.