РАУС
З 23 па 29 мая зарэгістравана 8 крадзяжоў, 2 нанясенні цялесных пашкоджанняў. Канфіскавана 28 л брагі. Знойдзены 2 трупы без прыкмет гвалтоўнай смерці. Узбуджана 13 крымінальных спраў. Раскрыты 6 раней здзейсненых злачынстваў.
У ноч з 20 на 21 мая з аўтамашыны “Рэно Лагуна” ў горадзе шляхам вольнага доступу скрадзена 4 колы з 20 крапежнымі балтамі коштам 8 млн рублёў.
Вечарам 21 чысла ў ЦРБ у стане алкагольнага ап’янення са шматлікімі ранамі твару дастаўлена 32-гадовая мінчанка, цялесныя пашкоджанні якой ў спрэчцы нанесла маці.
16 мая з двара аднаго з дамоў па вул. Вакзальнай зніклі 2 дываны коштам звыш 5 млн рублёў.
У перыяд з леташняга жніўня па 10 мая сёлетняга года ў пенсіянеркі са сталіцы скрадзены… драўляны дом, які знаходзіўся ў в. Ражнетава Ясенскага сельсавета.
Узбуджана крымінальная справа да непрацуючай, раней несудзімай асіпаўчанкі, якая ноччу 24 красавіка ў банкамаце ААТ “Беларусбанк” з чужой банкаўскай карткі выкрала каля 2 млн рублёў.
Таксама — у адносінах да мінчаніна, які 5 красавіка днём каля дома па вул. Ленінскай шляхам падману і злоўжывання даверам пад маркай пакупкі завалодаў аўтамашынай “БМВ 730” коштам каля 118 мільёнаў, якая належала жыхару Рагачова.
ДАI
Спынена 88 парушэнняў правіл руху. Прыцягнута да адказнасці 2 п’яныя вадзіцелі і пешаход, 38 чалавек — за перавышэнне хуткасці. Здзейснена 10 ДТЗ з механічнымі пашкоджаннямі і 1 — з цялеснымі.
22 мая ноччу 24-гадовы мінчанін на аўтамашыне “Пежо” па дарозе Мінск-Гомель ля в. Цяплухі наехаў на пераходзіўшага дарогу ў неўстаноўленым месцы 22-гадовага жыхара Вяззя, які ад атрыманых траўм загінуў на месцы.
ДАI нагадвае: з 25 мая па 5 чэрвеня праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Увага — дзецI!”, падчас якой у адпаведнасці з п. 166.9 на любым транспартным сродку пры руху ў светлы час сутак павінна быць уключана бліжняе святло фар або дзённыя хадавыя агні.
АУСТ
Зарэгістравана 20 правапарушэнняў. Складзена 58 адміністрацыйных пратаколаў. Суправоджана 164 цягнікі, дзе затрымана 6 чалавек. У спецізалятар дастаўлены 1 грамадзянін. Узбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў. Канфіскавана 36 л спіртаўтрымліваючай вадкасці.
3 23 па 25 мая праходзяць спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы “Бяспека”.
Дэпартамент аховы
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 10 чалавек: 4 — за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым выглядзе, 3 — за дробныя крадзяжы, 1 — за дробнае хуліганства.
Спецізалятар
Дастаўлена 39 чалавек, з іх 4 жанчыны, па аднаму інваліду і пенсіянеру.
IАЖіРС
Складзена 4 пратаколы: за парушэнне правіл лесакарыстання (3) і за знаходжанне з забароненымі сродкамі рыбалоўства паблізу вадаёмаў.