Вось і надышоў час апошняй публікацыі нашага праекта. Шчыра сказаць, знайсці штосьці незвычайнае ў падзеях дзесяцігадовай даўніны аказалася досыць складана. Гэты час ад нас сённяшніх надта блізкі, таму галоўныя падзеі яшчэ захаваліся ў памяці, а дробна—злабадзённая фактура пакуль не набыла водару мінуўшчыны і вялікага інтарэсу не выклікае. Але гартаць старонкі “Асіповіцкага краю” за 2006 год было цікава. Хаця б таму, што гэта дало магчымасць зноў адчуць, як жылося ў эпоху, калі мы жылі ў зусім іншых умовах і бачылі ўласную будучыню зусім не такой, якой яна атрымалася ў рэчаіснасці. Ну сапраўды, хто мог уявіць у 2006 годзе, што, напрыклад, СЗАТ “Шклозавод Ялізава” можа стаць банкрутам?
Прамысловасць на ўзлёце
Дарэчы, пра тагачаснае ялізаўскае шкларобства. “У Беларусі будзе распрацавана дакладная пакрокавая стратэгія развіцця шкляной прамысловасці з тым, каб ужо ў бліжэйшыя гады вывесці яе на сусветны ўзровень. Пытанні, якія тычыліся стану спраў у гэтай галіне эканомікі, і знаходзіліся ў цэнтры ўвагі 10 лютага ў рамках рабочай паездкі Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць, у ходзе якой ён наведаў беларуска-аўстрыйскае сумеснае закрытае акцыянернае таварыства “Шклозавод Ялізава”.
З 2002 г. СЗАТ рэалізуе буйны інвестыцыйны праект па рэканструкцыі і тэхпераўзбраенні прадпрыемства. Шклозавод з’яўляецца адной з валаўтвараючых арганізацый Асіповіччыны, удзельная вага ў аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна на мінулы год — 20,9%. На долю прадпрыемства прыходзіцца больш за палову — 52,6% — экспартных паставак рэгіёна.
Новае наведванне завода не расчаравала Прэзідэнта. “Стан спраў пакідае добрыя ўражанні. Зараз не тое, што было ў 2002 годзе, калі я прыехаў на разбураны завод, калі трэба было ратаваць сітуацыю і, перш за ўсё, людзей”.
А гаворачы аб супрацоўніцтве з АТЕК ён сказаў канкрэтна: “Гэта прыклад таго, як трэба працаваць дзяржаўнаму і прыватнаму капіталу”.
Пры развітанні ялізаўчане падаравалі Аляксандру Рыгоравічу на памяць зроблены з вышыні птушынага палёту мастацкі фотаздымак свайго надзвычай прыгожага куточка беларускай зямлі. Жывучыя на якім землякі ў заўтрашні дзень глядзяць з вялікім аптымізмам”. (“АК” № 14 ад 14 лютага — “Ялізава: слова і справа, ці Завод з вялікай перспектывай”).
Шмат увагі ўдзяляла “раёнка” яшчэ аднаму знакаваму для прамысловасці рэгіёна праекту — “рэанімацыі” торфапрадпрыемства “Татарка”, якое з 1 верасня 2006 года павінна было пачаць здабычу торфу для патрэб Бабруйскай ЦЭЦ і здадзенай у эксплуатацыю 31 снежня 2006 года Асіповіцкай міні-ЦЭЦ. І хоць маштабы інвестыцый тут былі несупастаўныя з Ялізавам, назіраць за справамі торфанарыхтоўшчыкаў было цікава. У тым ліку і таму, што атрымлівалі яны на “ўзбраенне” выключна айчынную тэхніку, якая на той час не адрознівалася надзейнасцю.
“Людзі вытрымаюць, сумненняў тут няма, а вось пра тэхніку такога сказаць не магу”, — менавіта такімі словамі выказаў сваё бачанне сітуацыі галоўны інжынер “Татаркі” Аляксандр Канопліч.
На лінейцы гатоўнасці стаіць некалькі дзясяткаў машын і механізмаў, сярод якіх радуюць вока новыя аўтамабілі МАЗ ды трактары МТЗ. Тэхніка лічыцца падрыхтаванай да напружанай работы, аднак усе механікі аднадушна сцвярджаюць, што адзіныя надзейныя машыны — 5 зашмальцаваных і аблупленых трактароў ДТ-75, выпушчаных яшчэ ў СССР. А з “МАЗаў” і “Беларусаў” 80% без паломак не прайшло нават абкаткі. Асабліва “цёплых”, хоць і непрыдатных для друку слоў, заслугоўвае звышсучасны пагрузчык “Амкадор”. Ён адпрацаваў у даволі ашчадным рэжыме ўсяго 1.300 мотагадзін, але ўкладанні ў рамонт дасягнулі амаль 5% ад яго кошту”. (“АК” № 44 ад 26 мая — “Татарка: хроніка адраджэння”).
Тым не менш, попыт на прадукцыю айчыннага машынабудавання трымаўся на высокім узроўні, што адпаведным чынам адбівалася і на справах завода аўтаагрэгатаў. За 2005 год сярэдні заробак тут павялічыўся на 26,5%, і было відавочна, што тэндэнцыя росту ў аплаце працы захаваецца. Гэта зрабіла АЗАА вельмі папулярным работадаўцам.
“Патрабаванне Ураду краіны на працягу бягучага года абнавіць увесь айчынны аўтобусны парк і значны інтарэс да гэтага віду МАЗаўскай прадукцыі з боку бязмежнага расійскага рынку ставіць перад кіраўніцтвам АЗАА канкрэтныя задачы. Сярод якіх і стварэнне на прадпрыемстве новых рабочых месцаў.
І трэба ж было здарыцца такому супадзенню, каб менавіта ў гэты час новыя гаспадары СП “Дах” ААТ пачалі масавае звальненне сваіх работнікаў! Натуральна, усе адкрытыя на АЗАА вакансіі былі заняты імгненна. А далей пачалася сапраўдная “аблога” завода жадаючымі атрымаць работу. Людзі карыстаюцца ўсімі магчымымі спосабамі, каб уладкавацца сюды. Па стане на 15 студзеня чарга жадаючых працаваць на АЗАА перавысіла 350 чалавек”. (“АК” № 6 ад 20 студзеня — “АЗАА ў “асадзе”).
Актуаліі часу: армія, добраўпарадкаванне, мясцовае самакіраванне
Пачнём па парадку. Хоць тэматычная старонка “Прысяга” існавала ў газеце з 70-х гадоў, аднак яе адносіны да жыцця Асіповіцкага гарнізона да сярэдзіны 2000-х былі досыць ускосныя: гаворка пераважна вялася аб ветэранах вайны, пошукавай рабоце школьнікаў і іншых, далёкіх ад будняў вайскоўцаў, справах. Аднак у будаўніцтве нацыянальных Узброеных Сіл значны акцэнт быў зроблены менавіта на адкрытасці армейскага жыцця перад грамадствам, і колькасць матэрыялаў вайсковай тэматыкі ў СМІ пачала імкліва расці. “Раёнка” не засталася ўбаку. Тым больш, што тады часці нашага гарнізона займаліся не толькі баявой вучобай. Яны дапамагалі народнай гаспадарцы і нават удзельнічалі ў міжнародных акцыях, разлічаных на пашырэнне супрацоўніцтва з ваеннымі з іншых краін СНД.
“З 4 жніўня працуе ў гаспадарках Лагойскага раёна зводны ўзвод, сфарміраваны на базе 465 ракетнай брыгады. Воіны-ракетчыкі дапамагаюць ва ўборцы ўраджаю. У скла-дзе аўтамабільнага ўзвода — 24 аўтамабілі— грузавікі, бензавоз, машыны абслугоўвання. У атрадзе 40 байцоў — лепшых спецыялістаў сваіх падраздзяленняў”. (“АК” № 69 ад 22 жніўня — “Воіны на ўборцы”).
“Міжрэгіянальным фондам садзейнічання развіццю патрыятычных і культурных традыцый “Армія і культура” Расійскай Федэрацыі, які ўзначальвае вядомы артыст Васіль Ланавы, Міністэрству абароны нашай рэспублікі быў перададзены меч, які з’яўляецца сімвалам міжнароднай ваенна-патрыятычнай акцыі “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”. 15 верасня гэты меч быў перададзены 36-й дарожна-маставой брыгадзе. Прайшоўшы пэўныя вайсковыя часці і ваенкаматы, 2 лістапада меч-сімвал зноў вярнуўся на Асіповіцкую зямлю”. (“АК” № 91 ад 10 лістапада — “Міжнародная ваенна—патрыятычная акцыя”).
У гэты час набірала абароты кампанія па навядзенні парадку на зямлі. Ішла яна напружана, аднак да поспеху было яшчэ далёка.
“Праўду кажучы, за ўдзелам у новых, вельмі важных і маштабных справах, якімі быў багаты 2006 год, звыклая ўжо барацьба са смеццем неяк адышла на другі план, што і прывяло да нечаканага выніку: праведзеныя ў апошнія дні лістапада рэйды паказалі, што парадак і чысціня на вуліцах, для якіх жыхары горада ўжо пачалі прывыкаць, без мэтанакіраванай “энергетычнай падсілкоўкі” з боку раённага кіраўніцтва існаваць яшчэ не могуць”.
На перспектыву ж бачыцца неабходным як можна хутчэйшае добраўпарадкаванне вуліц у мікрараёнах прыватнай забудовы, якія носяць неафіцыйныя назвы “Карчы” і “Чаромушкі”. Для іх жыхароў ёсць добрая навіна: ствараемая зараз праграма добраўпарадкавання горада на 2007 год абавязкова будзе мець сярод галоўных прыярытэтаў развіццё там належнай вулічнай інфраструктуры: пракладку асфальту і тратуараў, пашырэнне сеткі кантэйнерных пляцовак”. (“АК” № 99 ад 8 снежня — “Веласіпед вынаходзіць не трэба”).
На працягу года газета рэалізоўвала маштабны інфармацыйны праект “Сельсавет: людзі і справы” — спроба разабрацца, што аб’ядноўвае землякоў, якія жывуць у розных частках раёна, і якая ў гэтых частак ёсць індывідуальнасць. Натуральна, значны акцэнт рабіўся на ходзе стварэння аграгарадкоў, складанасцях, з якімі сутыкаюцца органы мясцовага кіравання і самакіравання ў сваёй паўсядзённай дзейнасці.
“Выканкаму востра патрэбны трактар з наборам належных прыстасаванняў. З дапамогай гэтай універсальнай сельгасмашыны можна было б весці ворыва сялянскіх надзелаў і акошваць закінутыя землі, аператыўна ачышчаць ад снегу вуліцы, істотна спрасціць вяскоўцам нарыхтоўку дроў і г.д.”. (“АК” № 71 ад 29 жніўня — “Карытнянскі сельсавет: людзі і справы”).
Адной з удзельніц сельскага праекта была Тамара Валадзько. На той час яна працавала журналістам “раёнкі”, а потым была выбрана старшынёй выканкама Дараганаўскага сельскага Савета дэпутатаў. Хто як не яна можа аб’ектыўна ацаніць слушнасць надрукаваных дзесяцігоддзе назад газетных радкоў?
— Тэхнічнае забеспячэнне сельсаветаў вельмі адстае ад пастаўленых перад імі задач, — кажа Тамара Юльянаўна. — Пры наяўнасці сваёй тэхнікі, органы мясцовага кіравання мелі б магчымасць працаваць куды больш эфектыўна, прычым менавіта ў тых накірунках, дзе зрухі да лепшага даюцца найцяжэй і за недахопы ў якіх да сельвыканкамаў прад’яўляюцца самыя жорсткія патрабаванні як з боку насельнцітва, так і кантралюючых органаў.
Мэты і метады
Адзінае, што выбівалася з агульнай тэндэнцыі да росту, — сельская гаспадарка. Безумоўна, яна таксама рушыла ўперад, аднак якой цаной!
“Предприятиям АПК за период с 1 декабря 2002 года по 30 ноября 2006 года выделено бюджетных ссуд и займов на общую сумму 1.898,1 млн. рублей. Заемщики должны были вернуть полученные средства, но большинство из них свои обязательства не выполнило. За указанный период погашено всего 2,4 млн. рублей (из них 1,6 млн. — фермерскими хозяйствами и 0,8 млн. — СПК)”. (“АК” № 103 ад 22 снежня — “По счетам нужно платить”).
“Праблем у галіне — вышэй даху. І вынікам работы на сучасны момант пахваліцца аніяк нельга. Заданне па тэмпах росту аб’ёмаў сельгаспрадукцыі складае 108% — у цэлым па раёне яно забяспечана на 97,1%. 13 гаспадарак (усяго СВК тады было 15 — рэд.) з даведзенымі лічбамі не справіліся.
Размоў-ушчуванняў дагэтуль з кіраўнікамі-сельгаснікамі праведзена ўжо столькі, што і пералічыць цяжка. І калі адпаведныя вывады яны не робяць, то гэта робіцца ўжо за іх. Як і здарылася са старшынямі СВК “Калгас “Пціч” і “Карытнае”. А.А.Шалыпін і П.М.Васількоў вызвалены ад займаемых пасад, і не адзін з другіх кіраўнікоў атрымаў сваю “ўзнагароду”. (“АК” № 74 ад 8 верасня — “Дрэннаму танцору заўсёды што—небудзь перашкаджае…”).
Пра сур’ёзнасць стану тагачаснай сельскай гаспадаркі рэгіёна найбольш красамоўна сведчыць нечаканая перамена адносін да “раёнкі”.
“У свой час спецыялісты сельгасупраўлення з ахвотай супрацоўнічалі з рэдакцыяй, запрашалі журналіс-таў з сабой у паездкі. Пісалі самі — і пра станоўчае ў рабоце, і пра непаладкі. У газеце яны бачылі, як гаварылі раней, трыбуну, з дапамогай якой можна распаўсюджваць лепшы вопыт, ударыць па недахопах. А сёння — няма што хаваць — неахвотна ідуць на кантакт, маўляў, а ці варта прынародна смецце з уласнай хаты (чытай, галіны) выносіць? Забываючыся, што гэта не іх уласная хата. А калі з’яўляюцца ў газеце “добраахвотныя” заметкі мясцовых спецыялістаў, то толькі для таго, каб даць справаздачу перад абласным кіраўніцтвам: і мы друкаваліся…” (“АК” № 7 ад 24 студзеня — “Зроблена многа. Але недастаткова”).
Зноў ёсць нагода вярнуцца ў наша сёння. Бо і зараз, на жаль, нежаданне выносіць смецце — чытай, імкненне адказных асоб любой цаной замоўчваць існуючыя праблемы, не ўзгадваць пра недахопы — стала настолькі распаўсюджанай з’явай, што гэта ставіць сродкі масавай інфармацыі ў даволі двухсэнсоўнае становішча.
Такая сітуацыя трывожыць і Прэзідэнта краіны. У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка акрэсліў праблему “замоўчвання праблем” жорстка і канкрэтна: “…средства массовой информации — хорошо, но в большинстве своем они же превратились в рупоры некоей пропаганды и вранья.
…Когда-то у нас бытовало хорошее выражение: “К штыку приравнять перо!” Но то ли штык подзатупился, то ли перо потеряли…
Вот эту боевитость, умение активно и профессионально вести дискуссию, отстаивать конструктивную позицию сегодня как никогда важно взять на вооружение нашим газетам, журналам, телеканалам и радиопередачам не только республиканского уровня, но и регионального”.
Вось тут і трэба ставіць кропку, зрабіўшы, безумоўна, са слоў Кіраўніка краіны належныя высновы. Ці атрымаецца тое ў “раёнкі” — пакажа час. Аднак, мяркуючы па агледжаных падшыўках, на працягу як мінімум паўстагоддзя “трымацца праўды” ёй пераважна ўдавалася. Такую добрую традыцыю парушаць вельмі не хацелася б…
Сярод тых, хто быў удастоены высокага гонару стаць удзельнікам рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2006”, які прайшоў у Бабруйску, механізатар СВК “Калгас “Авангард” Уладзімір Уладзіміравіч АндрыевIч.