З перасяленцамі з так званай чарнобыльскай зоны асіпаўчане пачалі знаёміцца напрыканцы 80-х гадоў: у некаторых паселішчах раёна спецыяльна будаваліся дамы, якія так і называліся ў народзе — «чарнобыльскія». Асіповіччыну чорнае воблака мінула, і гэтая важная акалічнасць прывяла сюды і сям’ю Астраўцовых з горада Веткі. Іх гісторыя адсялення пачалася ў 1993 годзе — ажно праз 7 гадоў пасля той жудаснай даты…
— Масава з’язджаць з Веткаўшчыны пачалі толькі ў 1990 годзе, — расказвае Мікалай Трафімавіч. — Да гэтага раён чамусьці не лічылі забруджаным. Тады гаварылі пра Брагін, Нароўлю, Хойнікі, а інфармацыю пра Ветку трымалі пад грыфам «сакрэтна». Але краіна станавілася больш адкрытай, у тым ліку для замежных дэлегацый. Адна такая — японцы і немцы — прыехала і ў наш раён. Да іх тут вымяралі радыцыйны ўзровень прымітыўным ДП-5, калі не памыляюся, зробленым у 60-я гады. Замежныя госці выехалі за горад, памералі ўзровень — і за галаву ўзяліся. На паперу запісвалі лічбы, якія паказваў іх дазіметр, а ў вачах быў страх. Зацікаўлены такімі паводзінамі, выпрасіў тыя запісы ў замежнікаў, каб паглядзець — і ледзьве прытомнасць не страціў! Прыязджалі яшчэ дэлегацыі — жахлівая карціна пацвяр-джалася.
Стала зразумела, што справы кепскія, але ж трэба было яшчэ даказаць, што людзі ў бядзе, што бегчы адсюль трэба было даўно. Дзе узяць афіцыйныя дакументы з вымярэннямі радыяцыі па вёсках? Дапамог выпадак. Зноў у раён прыехалі немцы. Сярод іх — асабісты саветнік канцлера Коля прафесар Ленгфельдар, з якім тады аб’ездзіў уздоўж і ўпоперак усю Веткаўшчыну, замяраючы радыяцыйны фон. Ён літаральна зашкальваў — у некаторых месцах дасягаў 120-130 кюры. Кожная гадзіна жыцця сярод такіх доз азначала набліжэнне канца. Пасля візіту Ленгфельдара у мяне на руках апынуліся патрэбныя дакументы для доказу, што веткаўцы таксама жывуць у зоне забруджвання.
Паколькі працаваў фельчарам на «хуткай дапамозе», былі і асабістыя назіранні. Пачасціліся выпадкі насавых крывацёкаў у дзяцей, інсульты, кровазліцці ў дарослых. Прычым у знешне здаровых 40-50-гадовых людзей. Ракавыя захворванні таксама сталі нормай. Народ непакоіўся. Марылі аб павышанай аплаце, ільготах, а нічога гэтага не было. Прыйшлося з тымі дакументамі, копіі якіх пакінуў немец, «штурмаваць» Савет Міністраў. Чыноўнікі здзівіліся да-дзеным — маўляў, адкуль яны? Па ўсім было відаць, што такімі лічбамі і самі валодалі. Трапілі з землякамі тады на тэлебачанне, дзе на ўвесь Саюз расказалі пра бяду. Вярнуліся з Мінска пад раніцу — на плошчы чакаў ледзь не ўвесь горад…
Да гэтай пары Астраўцовы захоўваюць у дамашнім архіве тую злашчасную статыстыку. Сказаць, што яны страшныя — нічога не сказаць. Мяркуйце самі. Смяротнасць нованароджаных у 1986 годзе — 4,2 на тысячу, у 1990 — 9,3. Паталогія шчытападобнай залозы ў дзяцей у 1985 годзе не выяўлена, затое ў 1990 у хлопчыкаў і дзяўчынак да 14 гадоў — больш чым у 4 тысяч. У 1989-90 гадах палова дзяцей мела пры нараджэнні дэфекты развіцця. Жанчыны сталі баяцца нараджаць. Павялічылася колькасць псіхічна хворых…
— Каб зберагчы жыццё, трэба было з’язджаць, — уступае ў размову Валянціна Іванаўна, медсястра па адукацыі. — Радыёнукліды трывала заселі ўнутры кожнага з нас. На прыём прыходзіла ўсё больш хворых дзяцей. У душы пасялілася трывога не толькі за сябе, але і за будучае маленькіх пацыентаў. Большасць дарослых разумела, што паратункам стане тэрміновы пераезд у чыстыя зоны. Многія рушылі ў Мінск: там пачалі даваць жыллё. Нам таксама прапанавалі кватэру ў сталіцы, але так атрымалася, што Асіповіччына стала другой ра-дзімай для некаторых нашых родных. У Свіслачы жыла сястра мужа, у Асіповічах — старэйшая дачка і зяць. Ды і малодшая звязала свой лёс з гэтым горадам. Выбар, лічу, зрабілі правільна. Жывём тут больш за 20 гадоў. Трафімавіч дзве трэці тэрміну працаваў на чыгуначным медпункце, я каля дзясятка гадоў медсястрой у стаматалогіі. Думаю, што наш вопыт быў карысным асіпаўчанам…
Узгадваць пра тыя страшэнныя гады балюча, але гэта — частка жыцця. І памяць трымае ўсё да дробязей…
Пасля аварыі на ЧАЭС у Веткаўскім раёне пачалося будаўніцтва добраўпарадкаваных пасёлкаў для перасяленцаў. З’яўляліся новыя школы і дзіцячыя сады, вадаправоды і асфальтаваныя дарогі. І толькі праз 4 гады аказалася, што гэта — адзін з самых забруджаных у Гомельскай вобласці раёнаў. У выніку Веткаўшчына назаўсёды страціла 59 населеных пунктаў, з севаабароту была выведзена трэцяя частка зямель. Для прыкладу, у Нараўлянскім не стала 33 вёскі, Брагінскім — 31, Хойніцкім — 24. З 2005 года Ветка згубіла «права на адсяленне».
P.S. Астраўцовы, як і многія іх былыя землякі, наведваюць родны горад толькі раз у год — на Радаўніцу. Сустракаюцца на могілках, каб памянуць продкаў, суседзяў. Размовы пра цяперашняе жыццё-быццё, слёзы, боль, радасць — усё ўперамешку. І штогод — свежыя звесткі пра тых, з кім сябравалі, жылі побач, працавалі, але пабачыцца ўжо ніколі не змогуць: тыя без пары адышлі ў нябыт… І ў галаве рэфрэнам гучыць думка: ведалі, але маўчалі. Чаму!?
Ніна ВIКТОРЧЫК.