Калісьці набыць або забраніраваць квіток на цягнік не выходзячы з дома ці офіса было праблематычна. Сучасныя тэхналогіі значна спрасцілі гэту задачу, і зараз пасажыры чыгункі сталі часцей купляць квіткі менавіта праз інтэрнэт. Лічбы толькі пацвярджаюць факт: за студзень з дапамогай электроннай сувязі было аформлена больш за 126 тысяч праязных дакументаў — на 29 тысяч больш, чым за аналагічны перыяд летась.
Увогуле ўдзельная вага продажу білетаў праз інтэрнэт ад агульнай колькасці праязных дакументаў, аформленых праз АСК «Экспрэс» у білетных касах, павялічылася да 11,9% (у 2015 годзе — 8,6%). Чаму людзі сталі часцей набываць праязныя дакументы праз інтэрнэт? Павелічэнне продажу квіткоў такім чынам — вынік сумеснай работы Беларускай чыгункі і ААТ «ААБ Беларусбанк»: напрыканцы мінулага года яны ўкаранілі праграму лаяльнасці «Экспрэс». Сутнасць яе ў тым, што пры аплаце квіткоў, заказаных на сайце БЧ з выкарыстаннем карткі ААТ «ААБ Беларусбанк», яе трымальніку ажыццяўляецца залічэнне бонуса на карт-рахунак. Памер яго залежыць ад тыпу карткі і можа складаць 3-5%. Бонус залічваецца на заказы роўныя або тыя, якія перавышаюць 500 тысяч беларускіх рублёў.
Варта дадаць, што аплата праз інтэрнэт ідзе з выкарыстаннем аўтаматызаванай сістэмы адзінага механізму разлікаў па плацяжах (АРIП) Нацбанка. Таксама забяспечана магчымасць набыць праязны дакумент з дапамогай інтэрнэт-банкінгу ўсіх банкаў краіны і праз сістэмы электронных грошаў Easy Pay і WebMoney. Пасажыры могуць аплаціць квіткі па банкаўскіх картках Visa, Visa Electron, MasterCard, Maestro міжнародных плацёжных сістэм Visa International і MasterCard World Wide любога банка свету, а таксама карткамі сістэмы Белкарт.
Усяго летась на сайце Беларускай чыгункі было аплачана 1.470.200 праязных дакументаў (у тым ліку 1.304.600 з электроннай рэгістрацыяй) — 141% да ўзроўню 2014 года.
Ганна АБРАМКIНА.