Градзянскі сельсавет сумесна з РАНС праводзіць абследаванне дамоў з мэтай аналізу захавання проціпажарнай бяспекі. Сёлета ўжо наведалі 45 адзінокіх грамадзян, з іх 36 — маламаёмныя. Сочаць тут і за станам дарог — іх расчысткай займаюцца ДУКВП «Райсэрвіс», СВК «Калгас «Новы шлях» і ДРБУ № 199. У полі зроку знаходзіцца работа аўталавак, энергазабеспячэнне населеных пунктаў. З 19 хат, дакументы на якія былі перададзены ў суд, па 5 ужо прынята рашэнне аб зносе.
27 аграэкасядзіб зарэгістравана ў раёне. Летась зачыніліся 3 месцы вясковага адпачынку — у Градзянцы, Карытным, Ялізава, затое з’явілася столькі ж новых: «Дом рыбака» ў Красным, аграэкасядзібы «Мішкіна» ў Iгнатоўцы і «Вяззе» ў аднайменнай вёсцы.
Касамі чыгуначнага вакзала летась было прададзена 1.243.382 білеты на розныя накірункі краіны і за яе межы. У параўнанні з папярэднім годам гэта складае 110% (1.130.705 квіткоў адпаведна).
У інфекцыйным аддзяленні райбальніцы за 2015 год прайшлі лячэнне 1.086 пацыентаў, з іх 488 дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі часцей за ўсё траплялі ў стацыянар з дыягназам ротавірусная інфекцыя, а дарослыя лячылі ангіну і востры гастраэнтэрыт. Успышак інфекцыйных захворванняў не зафіксавана.
ДЭУ № 73 з пачатку сезона для забеспячэння бесперашкоднага руху на дарогах выкарыстала 880 т солі і 4.700 т пясчана-солевай сумесі. Штодзённа на аўтамагістралях працуюць па 8 МАЗаў і трактароў, аўтагрэйдар, 3 пагрузчыкі. Уручную расчышчаюць аўтобусныя прыпынкі і масты.
На IV Міжнародным конкурсе вакальнага мастацтва «Салют талентаў у гасцях у Снегавіка» ў сталіцы прынялі ўдзел педагогі і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў № 2. Любоў Пірагова з дуэтам юных выканаўцаў у складзе Аліны Пракапенка і Ксеніі Коба, як і Вераніка Кузьміч з вучаніцай Iлонай Кесаравай і Святлана Бараноўская з навучэнкай Валерыяй Кастко вярнуліся з дыпломамі.
Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама летась была назначана дзяржаўная адрасная дапамога 1.666 грамадзянам на 3,9 млрд руб. За штомесячнай сацыяльнай дапамогай звярнулася 136 сямей (выплачана 808,9 млн), аднаразовую дапамогу атрымала 199 сямей (325,7 млн). 140 дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў забяспечаны прадуктамі харчавання, сацыяльную дапамогу на набыццё падгузнікаў атрымалі 400 чалавек.
Асноўнымі прычынамі ўзнікнення надзвычайных сітуацый у жылым сектары па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём. З мэтай папярэджання пажараў і гібелі ад іх людзей з 1 па 27 лютага ў раёне пройдзе акцыя «Бяспека — у кожны дом!»