Памятаеце, у дзяцінстве заўсёды чакалі 1 студзеня, каб зазірнуць пад святочна прыбраную ёлачку — там жа павінны быць падарункі ад Дзеда Мароза! І многія верылі ў яго існаванне, пакуль не заўважалі бацьку ці суседа, апранутага ў чырвоную шубу, або проста не вырасталі. А ці ёсць казачны Дзед на самай справе?
У падлеткавым узросце даведалася: ён жыве ў знакамітай Белавежскай пушчы. Але як гэта праверыць? І вось у рэзідэнцыю Дзеда Мароза “паляцеў” ліст з віншаваннямі і пажаданнямі. Калі прыйшоў адказ, стала відавочна: існуе! Толькі ліст лістом, а сваімі вачыма паглядзець на чараўніка цікавей. Часу заўсёды не хапала, амаль 500 кіламетраў — шлях не блізкі, але нарэшце вырашыла: еду!
…25 снежня, 5 гадзін раніцы. Горад яшчэ спіць, навокал цёмна і золка. З-за павароту паказаўся вялікі турыстычны аўтобус. Прыпыніўся, адчыніў дзверы — падарожжа ў казку пачынаецца!
Шлях да Белавежскай пушчы доўжыўся цэлых 7 гадзін: усе падарожнікі паспелі не толькі выспацца, але і ўдосталь наглядзецца на беларускія краявіды. На жаль, снегу нідзе не было, а надвор’е — як у знакамітай казцы: “Травка зеленеет, солнышко блестит…”
Такім вось сонечна-зялёным яно аказалася і ў пушчы, куды трапілі апоўдні. Некалькі гадзін любаваліся на жывёльны свет запаведніка: спачатку — у музеі прыроды, потым — на тэрыторыі вальераў з зубрамі, аленямі, дзікамі, ваўкамі і інш. І вось — доўгачаканы момант: накіроўваемся да мясцовага чараўніка!
Трэба адзначыць, што проста так на тэрыторыю пушчы не заедзеш. Легкавыя аўтамабілі пакідаюць за варотамі, а да Дзеда Мароза пускаюць толькі на турыстычных або спецыяльных рэйсавых аўтобусах. Дарога — былы чыгуначны насып — праходзіць непасрэдна праз запаведнік, таму таксама можна паглядзець на мясцовыя прыродныя дзівосы. Напрыклад, 350-гадовая сасна расце каля самай дарогі…
Нарэшце дабраліся. Уваход на тэрыторыю рэзідэнцыі ахоўваюць драўляныя рыцары — Дуб-Дубовіч і Вяз-Вязовіч: раней велізарныя дрэвы раслі ў пушчы, але былі пашкоджаны падчас урагану. Каля разных варот экскурсантаў звычайна сустракаюць розныя казачныя персанажы — памочнікі і сваякі Дзеда Мароза. Галоўная ўмова — у думках пакінуць усё дрэннае, што адбылося раней. Вароты адчыняюцца — і мы ў казцы! Першае, што кідаецца ў вочы — вакол усё драўлянае і разное. Прычым не толькі будынкі, але і розныя дэкаратыўныя фігуры, у большасці — героі беларус-кіх і рускіх казак. Каля кожнага збудавання ці павароту — указальнікі. А яшчэ — забараняючыя дарожныя знакі з выявай Змея Гарыныча.
За цікавай размовай-аповедам пра рэзідэнцыю дайшлі і да яе гаспадара. Вось ён — сапраўдны беларускі Дзядуля Мароз! У чырвонай шубе і з чароўным посахам Дзед разам з унучкай Снягуркай сустракае гасцей на ганку свайго двухпавярховага дома. Дарэчы, каля казачнага будынка стаіць макет пагранічнага слупа: у 2008 годзе Дзядулю пры-свяцілі ў Ганаровыя пагранічнікі краіны.
— Прывітанне, сябры! Адкуль і як вы да мяне дабраліся? А ці чакаеце Новага года і падарункаў? Вельмі рады бачыць вас у сябе ў гасцях! Давайце зробім агульны фотаздымак на памяць.
Пагутарыўшы колькі хвілін з Дзедам Марозам і заручыўшыся абяцаннем атрымаць падарункі на выха-дзе, накіроўваемся далей аглядаць уладанні белавежскага чараўніка. Млын, які перамолвае ўсе дрэнныя ўчынкі, паляна Дванаццаці Месяцаў і алея знакаў Усходняга Календара, дзе можна абняць фігуру свайго месяца або года і загадаць жаданне, задорны драўляны лось, запрэжаны ў сані Дзеда Мароза, чароўны мост з 97 бярвенняў, на кожнае з якіх таксама нешта жадаюць… Давялося зазірнуць і ў акенца церама Снягурачкі і пасядзець на троне, трымаючы ў руках посах, і завітаць да бабы Каргоды — далёкай сваячкі Бабы Ягі. А які Новы год без карагода? На паляне Жывой Навагодняй Ёлачкі разам з Матуляй Зімой усе іх водзяць і спяваюць знакамітую навагоднюю песеньку пра лясную прыгажуню. І, канечне, загадваюць жаданні. Увогуле, у рэзідэнцыі амаль усюды можна нешта жадаць, і, як абяцае гаспадар, усё абавязкова збудзецца!
Атрымоўваем абяцаныя падарункі і накіроўваемся да выхаду. Гэта — ужо іншыя вароты, бо ў рэзідэнцыі строгае правіла: гасцей вадзіць толькі па “гадзіннікавай стрэлцы” і ні ў якім разе не выходзіць там, дзе зайшлі — каля тых жа варот засталіся ўсе дрэнныя думкі і пачуцці, нельга іх забіраць! Паласаваўшыся тутэйшымі блінамі з сунічным варэннем, рушым да аўтобуса. У целе — лёгкая стома, у сумцы — шмат сувеніраў, а ў душы — прыемная асалода ад таго, што яшчэ адна мара збылася і цяпер можна сапраўды з упэўненасцю сказаць: “Дзед Мароз існуе!”
Да беларускага Дзеда Мароза завітала Марыя ТАЛЕЙКА.
* * *
Дарэчы, пераднавагоднія «цуды» мелі працяг і непасрэдна ў рэдакцыі «Асіповіцкага краю»: напярэдадні свят з віншаваннямі-пажаданнямі прыйшлі лісты ад Дзеда Мароза і яго замежных братоў — нямецкага Нікалауса і французскага Пэра Наэля. І асабліва прыемна, што наш Дзядуля звяртаецца непасрэдна да чытачоў “АК”!