Каля 100 мільёнаў рублёў выдадзена сёлета аддзелам працы і занятасці насельніцтва райвыканкама 5 мясцовым прадпрымальнікам у якасці субсідый на развіццё малога бізнесу. Летась такой паслугай скарысталіся 2 чалавекі.
За экстраннай псіхалагічнай дапамогай, аказваемай па тэлефоне, у Цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва з пачатку года звярнулася 16 чалавек, у асноўным — жанчын. Псіхолагі кансультавалі іх па пытаннях міжасобасных, шлюбных і дзіцяча-бацькоўскіх адносін.
Яблычны сезон працягваецца на ААТ «Асіповіцкі кансервавы завод». З садавіны новага ўраджаю прадпрыемствам ужо выпушчана 8 тысяч трохлітровых слоікаў яблычных нектараў, у тым ліку купажыраваных яблычна-ананасавых, зроблена 8 тон яблычнага пюрэ, 2 — павідла.
Рэспубліканская акцыя «Моладзь за бяспеку», прымеркаваная да дня ўтварэння Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, праходзіць з 12 па 24 кастрычніка. У яе рамках членамі БМГАВП аказваецца дапамога шматдзетным сем’ям, адзінока пражываючым пенсіянерам, ветэранам і інвалідам.
У раённым Цэнтры культуры і адпачынку 19 кастрычніка а 18 гадзіне пройдзе кастынг раённага конкурсу «Міс-Асіповічы-2015», а з 20 па 22 чысло — універсальны кірмаш «Залатая восень».
У Карытненскім сельсавеце нядаўна прайшло чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы парадку, на якое запрашалася 5 чалавек. З пачатку года на пасяджэннях ГПАП пабывала 68 жыхароў сельсавета з асацыятыўнымі паводзінамі. Па рашэнні савета 21 з іх працаўладкаваны, 1 накіраваны ў лячэбна-працоўны пра-філакторый.
Кафэ «Беражок» райспажыўтаварыства, што размешчана ў аграгарадку Вяззе, штодня наведвае некалькі дзясяткаў чалавек. Комплексныя абеды тут каштуюць каля 20 тысяч. У асартыменце не менш 15 страў нацыянальнай беларускай кухні. Папулярныя — дранікі з мясам, запечаныя ў гаршку; верашчака вясковая, мачанка з блінамі.
На ўліку па цяжарнасці ў райпаліклініцы зараз знаходзіцца 323 жанчыны. Усяго з пачатку года пастаўлена на кантроль 466 чалавек — на 20 больш, чым летась. Матуль, якія сёлета нарадзілі дзяцей — 406, з іх 277 — ва ўзросце ад 25 гадоў.
«Дзіця — галоўны пасажыр». Акцыя, мэтай якой з’яўляецца ўзмоцнены кантроль за выкарыстаннем дзіцячых аўтакрэсел, будзе праводзіцца Асіповіцкай дзяржаўтаінспекцыяй па 20 кастрычніка.