Па дадзеных Магілёўскага аўтавучэбнага камбіната АсіповIцкага філіяла АП-19, за студзень-жнівень паслугамі па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі «В» скарысталася 146 чалавек — на 7 больш, чым летась. 77 вадзіцеляў былі перападрыхтаваны для ваджэння аўтамабіляў, якія абсталяваны газавымі ўстаноўкамі.
Райста за 8 месяцаў закупіла ад насельніцтва 2.558,6 тон металалому, з іх 81,6 — каляровага; макулатуры — 114,4; адыходаў тэкстылю — 1,6; ПЭТ-бутэлек — 5,6; шклабою — 60,2. Такім чынам землякі зарабілі каля 5 мільярдаў рублёў.
На мясцовым занальным вузле электрасувязі ўсталяваны 2 інтэрнэт-кабіны, паслугамі якіх з пачатку года скарысталася каля 250 чалавек.
У дзіцячыя школы мастацтваў № 1 і № 2 сёлета прыбылі 2 маладыя спецыялісты — выкладчыкі па класе фартэпіяна і скрыпкі.
У кафэ “Юнацтва” ААТ “Гандаль” штодня ў абедзенны перапынак прыходзіць каля 30 чалавек: комплексны абед каштуе каля 40 тысяч рублёў. На працягу тыдня тут праходзіць каля 8 карпаратыўных мерапрыемстваў. Стравы, якія карыстаюцца попытам у кліентаў, — заліўное і фаршыраваныя курыныя кумпячкі.
Натарыяльнай канторай з пачатку года здзейснена 3.483 натарыяльныя дзеянні. Найбольш запатрабаваная паслуга — выданне пасведчанняў аб праве на спадчыну. Усяго такіх дакументаў аформлена 823. Самая нераспаўсюджаная — заключэнне шлюбных дагавораў: звярнулася 6 сямейных пар.
Дараганаўскі сельсавет цесна супрацоўнічае з мясцовымі ўстановамі культуры. Сумесна праведзены 2 святы вёскі — у Радуцічах і Мязовічах, арганізуюцца выязныя канцэрты ў дамы сацыяльных паслуг, што знаходзяцца ў Свіханаве, Краях, Крынцы, Камарыне, Мязовічах, Луцэ. Нядаўна ў Радуцічах падвялі вынікі конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне па-дворкаў сярод пастаянных жыхароў і дачнікаў, за кошт якіх у летні перыяд насельніцтва сельсавета павялічваецца ўдвая.
На мясцовым заводзе жалезабетонных канструкцый штодня выпускаецца 350 кубаметраў бетону і жалезабетону прыкладна на 700 млн рублёў.