Для студэнтаў, навучэнцаў і старшакласнікаў летняя пара — самая спрыяльная для асабістага заробку. Трэці працоўны семестр пачаўся 22 мая, калі ў Магілёве адбылося яго ўрачыстае адкрыццё, а кожнаму раёну ўручылі пуцёўкі ў студатрады. Працоўныя студэнцкія атрады дзейнічаюць усё лета і закрануць яшчэ і верасень. Зразумела, што і ў нашым раёне ў моладзі ёсць магчымасць самастойна зарабіць свае грошы.
Традыцыйна працаўладкаваннем юнакоў і дзяўчат раёна займаецца райкам БРСМ разам з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. З пачатку сезона і па 1 жніўня ўжо паспелі стаць удзельнікамі студатрадаўскага руху 200 маладых жыхароў Асіповіччыны — 21 атрад. Усяго ж плануецца забяспечыць часовым працоўным месцам каля 400 старшакласнікаў і навучэнцаў каледжа.
У гэтым годзе пашырыўся і спіс прадпрыемстваў, якія прымаюць працоўныя атрады. Акрамя ўжо звыклых АДУКВП «Райсэрвіс» і калгасаў раёна, моладзь працаўладкавалі кансервавы завод, райспажыўтаварыства і Жорнаўская эксперыментальная лясная база. Акрамя таго, навучэнцы каледжа сумяшчалі працу ў атрадах і вытворчую практыку на ААТ «АЗАА» і ААТ «Гандаль».
Што тычыцца заробку, то ўсё залежыць ад прадпрыемства або арганізацыі, дзе працуе «студатрадавец», усталяваных працоўных ставак, спецыфікі выкананых работ. Зразумела, што тыя, хто займаецца нейкімі будаўнічымі задачамі, атрымаюць крыху больш за астатніх, але ж там і нагрузка вышэйшая. У мінулым годзе ўдзельнікі руху зараблялі ў сярэднім 1,5-2 мільёны рублёў. Зараз месячны заробак прыблізна такі ж у залежнасці ад месца працы. Але трэба ўлічваць, што атрад дзейнічае толькі 2 тыдні, таму і сума будзе адпаведная. Вось толькі большасць юнакоў і дзяўчат не абмяжоўваюцца адным тэрмінам: працуюць і месяц, і болей. Суадносна, і грошы атрымліваюць нядрэнныя.
Зараз у раёне дзейнічае дзясятак атрадаў: у АДУКВП «Рэйсэрвіс», філіяле «Белшына-агра» ААТ «Белшына», калгасах «Бярэзіна», «Ясень», «Новы шлях», «Чырвоны ўдарнік», «Лапічы», імя Чарняхоўскага. У кожным з іх — ад 7 да 14 «байцоў». Як адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Ганна Дземідок, адзін з лепшых студатрадаў задзейнічаны менавіта ў «Белшыне-агра» (на здымку).
— Працаваць нам падабаецца, — дзеліцца кіраўнік будаўнічага атрада, педагог-арганізатар Яўгенія Грыгарчук. — Самі зацікаўлены ў добрым выніку, самі хацелі правесці лета з карысцю. Умовы працы дастаткова добрыя, усе нашы пажаданні выконваюцца. У складзе атрада 9 чалавек: 5 юнакоў і 4 дзяўчат. Дарэчы, сямёра ўжо робяць тут трэці тэрмін і плануюць застацца на чацвёрты. Усе — навучэнцы каледжа, якім у асноўным па 16-17 гадоў.
На месца «дыслакацыі» адпраўляемся з горада ў 7.20 раніцы, а праца пачынаецца а восьмай гадзіне. Працоўны дзень — 6 гадзін без уліку перапынку на абед. Зараз займаемся кароўнікам: фарбуем сцены, поручні. За 10 працоўных дзён маладыя работнікі атрымліваюць каля 1,4 млн рублёў. I ведаеце, ніколькі не шкадуюць, што праводзяць лета менавіта так!
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота Ніны ЦАРЫК.
то ли ребята стены красили, то ли стены красили ребят… зачем так было в краске перемазываться?