Імя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Анатоля Кернажыцкага добра вядома жыхарам гэтага населенага пункта. Педагог доўгі час узначальваў тут школьны калектыў, выхаваў не адно пакаленне сяльчан. Яшчэ ў 1958 годзе па яго ініцыятыве была распачата пошукавая работа, і вучні з настаўнікамі сабралі цікавы матэрыял пра партызан-флегантаўцаў.
Першым экспанатам стала пісьмо былога камісара атрада імя Флегантава І.В.Жохава, у якім паведамлялася, што ў лістападзе 1942 года ў баі з нямецкім гарнізонам, размешчаным у Ліпені, загінулі 5 партызан. Жохаў прасіў, каб вучні дапамаглі знайсці месца іх пахавання. Просьбу камісара выканалі. Стала вядома, што яго сябры пахаваны ў брацкай магіле ў парку в. Ліпень. Завязалася перапіска з роднымі народных мсціўцаў…
— Добра памятаю, як падчас вучобы ў школе штогод адпраўлялі партызанам пасылкі з яблыкамі, кожны з вучняў ведаў іх прозвішчы, — гаворыць дырэктар школы Жанна Курыльчык. — Першапачаткова ўсе сабраныя звесткі пра дзейнасць флегантаўцаў змяшчаліся ў класе на спецыяльных стэндах, а пасля з’явілася магчымасць размясціць каштоўны скарб у асобным памяшканні, дзе раней жылі паважаныя людзі — сем’і Кунько і Кернажыцкіх. Музей адкрыўся ў 1980 годзе. Паступова дапаўняўся новымі экспанатамі, якіх зараз больш за тысячу. У экспазіцыі некалькі раздзелаў, у тым ліку — пра вайну. Прадстаўлены фотаздымкі, біяграфічныя дадзеныя лясных байцоў, успаміны іх родных, сяброў. Многа ўзнагародных знакаў, пасведчанняў да іх, асабістыя рэчы ветэранаў Вялікай Айчыннай, рэшткі гільз, патронаў, знойдзеных следапытамі. І цікавасць да гісторыі сваёй мясцовасці ў вучняў не знікае, пошукавая работа працягваецца.
Флегантаўцы змагаюцца
— Як вядома, конная група А.К. Флегантава прыбыла ў распараджэнне асіповіцкіх партызан восенню сорак другога па заданні ЦК КП(б) для аказання дапамогі атраду № 210 зброяй, боепрыпасамі і літаратурай, — расказвае маладая настаўніца гісторыі Вольга Падвойская, якой даручана ўзначальваць музей. — Сам Флегантаў загінуў непадалёк ад вёскі Ігнатоўка, ды і некаторыя байцы знайшлі апошні спачын на ліпенскай зямлі. У нас захоўваецца спіс з адрасамі ветэранаў партызанскай брыгады імя Флегантава, які складзены Іванам Васільевічам Жохавым у сакавіку 1968 года. У ім — 97 прозвішчаў. У тым ліку і Мікалая Паўлавіча Смірнова — аўтара кнігі «Ад Масквы да Брэста«. У нас жа захоўваецца яе рукапіс. Таксама захаваліся баявыя лісткі рукапіснага літаратурна—мастацкага часопіса атрада «Баявы» ўзгаданай брыгады.
Яшчэ адзін цікавы экспанат — верш паэтэсы Яніны Крайнік, які выдаваўся ў партызанскай друкарні 5 разоў агульным тыражом 5 тысяч экзэмпляраў. У ім апісаны зверствы гітлераўцаў падчас студзеньскай блакады. Чытаць іх без слёз немагчыма:
Разгул фашистов беспредельный: Там поджигают, там громят, Там вещи тянут — это цель их, Там скот ревет, дома горят. Как звери злые, нападают На мирных женщин и детей. В мороз трескучий выгоняют Несчастных с хаты со своей. Одних секут, других стреляют. Им воля действия дана. Живых детей в огонь бросают. А в чем же их была вина. И страшный крик, рыданья, стоны Слились в один протяжный вой. Вот в этом Гитлера законы. Вот это Гитлера покой.Сярод шматлікіх фотаздымкаў, сабраных у музеі, ёсць партрэт ляснога байца Івана Раманава, напісаны невядомым мастаком.
Сям’я Кунько
Ёй у музеі прысвечаны цэлы стэнд. Уладзімір Данілавіч і Вера Маркаўна прыехалі ў Ліпень да вайны настаўнічаць: ён узначаліў школу, яна выкладала матэматыку. У сям’і было трое дзяцей, Уладзімір, Марк і Рыма. У 1938 годзе Уладзіміра Данілавіча арыштавалі і праз некалькі месяцаў расстралялі. Здарылася так, што перад самым пачаткам вайны Вера Маркаўна паехала ў санаторый у Севастопаль, Валодзя быў у Мінску, Марк — у Магілёве, а Рыма засталася адна. Хутка браты вярнуліся ў Ліпень, і ўсе трое апынуліся ў партызанах. Пра іх гераічны шлях добра ведаюць не толькі на Асіповіччыне, але і за яе межамі.
Кунько сябравалі з Пелагеяй Сакольчык, якую ў атрадзе называлі партызанскай маці. Пасля вайны яна была частым госцем у школе, ёй таксама прысвечаны адзін з музейных стэндаў.
Чырвонаармейская кніжка
Яна належыць байцу Аляксандру Сцяпанавічу Есіну — аўтаматчыку 16 гвардзейскай Рэчыцкай танкавай брыгады. Загінуў пры вызваленні Асіповіцкага раёна ў баі з фашыстамі, якія вырваліся з «бабруйскага катла» і апынуліся ў раёне вёскі Усціж.
Дзякуючы пошукавай рабоце знойдзены прозвішчы загінуўшых і другіх у тым баі. Сярод іх Рыгор Хромаў, Іван Ушакоў, Сямён Юрчанка, Мікалай Ільіных, Барыс Ахцямаў, Васілій Ткачоў, Фоттах Міркюнусаў, Мікалай Хвастоў, Хасан Шакіраў. Магчыма, яны пахаваны ў брацкай магіле ў Брыцалавічах.
Таксама стала вядома, што пры выхадзе батальёна з акружэння каля вёскі Усціж прапалі без вестак Андрэй Калінічэнка, Іосіф Кірэеў, Міхаіл Сінькоў, Міхаіл Мелказераў, Іван Кукобін, Аляксандр Лушнікоў. На жаль, да гэтага часу іх лёс невядомы.
Радыстка-чырванафлотніца
Жыхарка Ліпеня, ураджэнка Перм-скай вобласці Ніна Афанасьеўна Савельева перадала ў музей фотаздымак, зроблены ў далёкім 1943 годзе. На ім такі надпіс: “Краснофлотцу Савельевой за отличную боевую подготовку. Начальник школы связи УОКБФ подполковник Колобов”.
Ніна ВІКТОРЧЫК.