Удзел у IV рэспубліканскім конкурсе танцавальнага мастацтва «Dance Power», які нядаўна праходзіў у Мінску, стаў паспяховым для юных асіпаўчан з узорна-харэаграфічнага ансамбля «Крынічка» з ДШМ № 1 (педагог Марыя Шабуневіч) — заваяваны Дыплом III ступені ў намінацыі «народны танец». Iх сябры з танцавальнага калектыву «Серпанцін» (Вікторыя Чаур) выступілі ў намінацыі «эстрадны танец» і атрымалі Дыплом удзельніка.
Усміхнулася фартуна гэтым двум калектывам і на рэспубліканскім конкурсе — харэаграфічнага мастацтва для пачынаючых танцораў «Я танцую»: «Серпанцін» вярнуўся дадому з другім месцам, «Крынічка» — з трэцім.
Вучні гэтай жа школы папоўнілі творчую скарбонку ўзнагародамі, прывезенымі з абласнога этапу VII рэспубліканскага адкрытага конкурсу імя I.I. Жыновіча. Юны баяніст Яўген Асомчык (педагог Таццяна Стэцюк) атрымаў Дыплом III ступені, дамрыстка Лізавета Крыль (Алена Чумак), гітарыстка Дар’я Барон (Iрына Збанок) — Дыпломы ўдзельнікаў. Такой жа ўзнагароды дасягнула і цымбалістка з Лапіч Юлія Шпаглова (Наталля Пятрэнка).
Крысціна Ціхановіч з Дараганаўскай дзіцячай школы мастацтваў прыняла ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе мастацтваў «Мой свет — мастацтва!», якая прайшла ў Мінску. Крысціна, уразіўшы журы сваёй гульнёй на цымбалах (настаўнік — Таццяна Пучкоўская, канцэртмайстар — Наталля Кліменка), адзначана Дыпломам III ступені. Сваё творчае майстэрства юная выканаўца прадэманструе на гала-канцэрце, які пройдзе 1-3 мая ў Маскве.
Пацешныя святлафоры і дабрадушныя інспектары ДАI, вясёлыя аўтамабілі і недысцыплінаваныя пешаходы — фантазія дзяцей і падлеткаў у адлюстраванні свету дарожнага руху не ведае межаў. Варта дадаць да яе паперу, фарбы, трохі пластыліну ці проста драўляных матэрыялаў — і правілы паводзін на дарозе ператвараюцца ў наглядныя і даступныя дапаможнікі. Размясціліся яны ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі — удзельнічаюць у творчым конкурсе «Захоўваем законы дарог», які праводзіцца Дзяржаўтаінспекцыяй РАУС сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Лепшыя з іх у кожнай узроставай катэгорыі і намінацыі адправяцца на вобласць.