“Нашы землякі»
Вось ужо 5 гадоў узначальвае фермерскую гаспадарку з такой назвай Іван Бараноўскі з Жорнаўкі. Вырошчвае сельскагаспадарчыя культуры, запатрабаваныя сярод гарадскога насельніцтва: бульбу, моркву, буракі, капусту. З наступленнем восені, калі народ пачынае актыўна рыхтавацца да зімы, выязджае са свежым, экалагічна чыстым дабром на рынак. Удзельнічае і ў сельскагаспадарчых кірмашах, што праходзяць як у Асіповічах, так і суседніх райцэнтрах: Пухавічах, Бабруйску, Чэрвені.
Не стаў выключэннем і гэты год: кожны чацвер аранжавую машыну з вітаміннай прадукцыяй можна пабачыць каля магазіна “Свіслач”. Пакупнікі ёсць заўсёды. Пры неабходнасці, набытую гародніну нават завязуць на дом. Па цане яна не дарагая: 2 400 за капусту, моркву і буракі, 3 900 рублёў — за цыбулю.
— Адукацыю маю педагагічную, — гаворыць Іван Пятровіч. — Некалькі гадоў адпрацаваў у школе настаўнікам фізікі і матэматыкі, але зразумеў, што не маё гэта, што не хапае свежага паветра, прастору. Цяга да зямлі, да якой з дзяцінства прыкіпеў душой, перамагла. Вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі фермера. Зямля дасталася не самая лепшая, аднак кульцівіраваць агародніну можна. Зараз клапачуся на палях, плошча якіх — 21 гектар. Больш паловы занята зерневымі і шматгадовымі травамі, астатняе — пад агароднінай. Лічу, што справа, якой займаюся, патрэбная. Прыемна думаць, што вырашчаную мною прадукцыю, з задавальненнем купляюць і ядуць. Наогул, прытрымліваюся прынцыпу здаровага харчавання, і, як калісьці казалі продкі, ешце тое, што пад нагамі, і будзеце здаровыя. А зараз нашы магазіны запоўнены прывезенымі з-за мяжы садавінай і гароднінай. І не заўсёды яна дабраякасная.
Супрацоўнічае Бараноўскі і з некаторымі ўстановамі горада і раёна. Напрыклад, яго паслугамі карыстаецца раённы аддзел адукацыі, ААТ “Гандаль”, камбінат хлебапрадуктаў. Частку прадукцыі бярэ кансервавы завод. Безумоўна, кожнаму гаспадару хацелася б павялічыць колькасць спажыўцоў такога плану. Таму штогод вядуцца перамовы на заключэнне новых дамоў на пастаўкі.
Як і ў любога прадпрымальніка, у яго ёсць свае канкурэнты, якія ўвесь час наступаюць на пяту. Таму Іван Пятровіч пастаянна вывучае спецыяльную літаратуру па агратэхніцы, цэнавай палітыцы і менеджменту.
Каб апрацоўваць зямлю, збіраць ураджай, у гаспадарцы ёсць уся неабходная тэхніка: што куплена ў крэдыт, што — у лізінг. З пастаянных рабочых — некалькі чалавек. Астатнюю работу выконваюць землякі, якія наймаюцца на сезон.
— Ці збіраецеся павялічваць плошчы пад вырошчваемыя культуры?
— Які ж салдат не марыць быць генералам? Мне б таксама хацелася займець некалькі лішніх гектараў. Аднак тут ёсць некаторыя нюансы. Як толькі яны будуць вырашаны, можна будзе падумаць і аб нарошчавнні абаротаў.
— Сёлетняя ўраджайнасць задаволіла?
— Бывалі і лепшыя гады. Але, улічваючы не зусім спрыяльныя пагодныя ўмовы, можна лічыць, што з задачай справіліся. Спадзяюся, што ў наступным годзе з’явіцца больш спажыўцоў, якія стануць карыстацца вырашчанай нашай фермерскай гаспадаркай агароднінай.
Ніна ВІКТОРЧЫК. Фота Нiны ЦАРЫК.