Усе астатнія праблемы — другасныя
У свет адметнага дзіцяці Увайсці не кожны можа. Ён дзверы на замку трымае, Толькі выбраных упускае.Пагартаць кнігу жыцця Асіповіцкай спецшколы-інтэрната змаглі ўсе, хто наведаў яе ў дзень юбілею. Кніга гэта незвычайная, мае 50 старонак, і кожная азначае год жыцця ўстановы, якой днямі споўнілася роўна паўвека. Зазірнём у яе і мы?
Народжаная эпідэміяй
У мінулым стагоддзі вялікай бядой для народа стаў поліяміэліт, вакцыны ад якога яшчэ не існавала. У сувязі з тым, што хварэлі гэтай інфекцыяй часцей за ўсё дзеці, узнікла неабходнасць стварэння спецыялізаванай школы для рэабілітацыі дзяўчынак і хлопчыкаў, якія пераадолелі гэта складанае захворванне, але атрымалі рухомыя абмежаванні. Так у Асіповічах, тады за межамі горада, у 1964 годзе і была створана спецыялізаваная школа-інтэрнат.
Установа не зачынілася і пасля таго, як знайшлі вакцыну ад жахлівай інфекцыі, якая хутка была ўтаймавана. Яна толькі памяняла назву — са спецшколы-інтэрната для дзяцей з наступствамі поліяміэліту ператварылася ў спецыяльную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата (АРА).
Дзяцей, якія маюць такую паталогію, на жаль, у краіне нямала і сёння, а таму школьныя пакоі не пустуюць. Штогод сюды прывозяць 3-5- гадовых малых, якія застаюцца тут нярэдка на 10-15 гадоў. Для многіх гэта адзіны дом, дзе дзецям рады, іх гадуюць, вучаць і лечаць.
Чараўнікі, што заўсёды побач
Школьнікам з абмежаванымі магчымасцямі вельмі трэба надзейная рука, на якую можна абаперціся ў любую хвіліну. Таму да падбору кадраў сюды заўсёды адносіліся адказна.
Узначальвалі школу ў розныя гады Аляксей Давідовіч, Леанід Шор, Алена Кулакоўская, Наталля Аўчыннікава. Адбор дзяцей сюды праводзіла медыка-педагагічная камісія пад началам дырэктара навукова-даследчага інстытута траўматалогіі і артапедыі Розы Мінінай. Пад яе ж кіраўніцтвам праходзіла навучанне медыцынскіх сясцёр і педагогаў абыходжанню з хворымі. Медыцынскае суправаджэнне забяспечвалі педыятры Вера Гордзіна, затым Сяргей і Ларыса Казлоўскія, Антаніна Статкевіч, Ніна Калеснікава. І ўжо многа гадоў лячэннем дзяцей займаецца Таццяна Івашчанкава.
Больш за 2 гады кіруе ўстановай адукацыі Ларыса Гормаш. Намеснікі дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Марына Гірэнка і Ірына Падбярозная разам з педагогамі ствараюць умовы для навучання, развіцця асобы кожнага дзіцяці, забеспячэння іх камфортнага знаходжання ў дзіцячым калектыве і паспяховай сацыялізацыі.
Што рабіць з такімі дзецьмі?
Такое пытанне ўзнікае ў кожнага, хто ўпершыню пераступіў гэты парог. Работнікі ж адказваюць проста: любіць. Нездарма крэда педагагічнага калектыву так і гучыць: любі і цані кожнае дзіця, прымай яго такім, якое яно ёсць, і памятай: індывідуальным магчымасцям — індывідуальны падыход.
Асноўныя напрамкі дзейнасці? Гэта аказанне медыцынскай, псіхалагічнай, карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям з парушэннямі функцый АРА, забеспячэнне іх сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства на аснове спецыяльна створанага адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя і рухомага рэжыму.
Плюс — забеспячэнне даступнасці ўсіх аб’ектаў адукацыйнага асяроддзя (функцыянаванне грузапасажырскага ліфта, наяўнасць пандусаў, поручняў, выкарыстанне спецыяльнай мэблі) і забеспячэнне максімальнага спалучэння адукацыйнага і лячэбнага працэсаў.
Свет дарослых такі складаны…
Вельмі важна, лічаць педагогі, пераадолець сацыяльную ізаляцыю і адсутнасць побач бацькоў, навучыць дзяцей самаабслугоўванню, падрыхтаваць да дарослага, па магчымасці самастойнага жыцця. Гэтаму садзейнічаюць заняткі ў кабінетах абслугоўваючай працы, кулінарыі, сацыяльнага арыентавання, псіхалагічнай разгрузкі, слясарнай і сталярнай майстэрнях. А ў гуртках рабяты не толькі развіваюць дробную маторыку рукі, што для іх надзвычай актуальна, але і вучацца рыхтаваць нескладаныя вырабы самастойна.
Цудоўным прыкладам мужнасці і мэтанакіраванасці могуць служыць выпускнікі школы, удзельнікі і пераможцы Паралімпійскіх гульняў розных гадоў Уладзімір Бубен, Аляксандр Данілюк, Валянціна Шыц.
Сустрэча з даўнімі сябрамі
адбылася ў той святочны дзень. Зранку жыхары гэтай невялікай установы, размешчанай у маляўнічым куточку горада, на мяжы з лясным масівам, сустракалі гасцей, якія паступова прыбывалі сюды.
Прыемным сюрпрызам стала наведванне школы прадстаўнікамі Генеральнай пракуратуры краіны. Яе кіраўнік Аляксандр Канюк адзначыў: «Даўно з’яўляемся не шэфамі, а сапраўднымі сябрамі. Калі прайшоўся па школе, паназіраў за адукацыйным працэсам, зазірнуў у вочы выхаванцаў, то адчуў, што ўсе існуючыя праблемы адышлі на другі план. Нельга пераацаніць працу тых, хто шчыруе тут, гэта самаадданыя людзі. Будзем і надалей наведваць дзіцячую ўстанову, дапамагаць па меры магчымасці». Уразіла высокага госця матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі, спальныя пакоі, басейн, музей. А зараз кабінет інфарматыкі папоўніцца чатырма новымі камп’ютарамі, якія атрымалі ў падарунак ад Аляксандра Уладзіміравіча.
Школу наведалі многія: начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Уладзімір Рыжкоў, старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч і яго намеснік Аляксандр Шаўлюга, начальнік дзяржаўнага Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў Рэспублікі Беларусь Іван Дубік, галоўны спецыяліст аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі краіны Святлана Сысой, начальнік райаддзела адукацыі Наталля Шаўчэнка, кіраўнікі прадпрыемстваў райцэнтра, спонсары, выпускнікі. Словы захаплення і ўдзячнасці за высакародную працу гучалі ў сценах спецшколы неаднаразова за дзень.
Прыемна было бачыць на свяце і ветэранаў працы. Ад іх імя выступіла Надзея Ермалаева, якая з любоўю і замілаваннем расказвала аб сваіх вучнях. Напрыклад, толькі з аднаго выпуску 13 чалавек закончылі ВНУ, знайшлі сваё месца ў жыцці. Цікава, што з ліку выпускнікоў аднаго з класаў 12 чалавек атрымала адукацыю ўрача — каб, пераадолеўшы сваю бяду, дапамагаць іншым.
Былыя вучні таксама прынялі ўдзел ва ўрачыстасці. Да прыкладу, Ала Трафімчук, якая паступіла ў школу, як толькі тая была ўтворана, з цяплом і слязамі на вачах расказала аб сваіх старэйшых таварышах, пад кіраўніцтвам якіх фарміравалася яе асоба. А Анатоль Мішчанка, які, пакінуўшы школу, не наведваўся сюды болей, і цяпер праз 40 гадоў, з радасцю сустрэў сваю былую выхавальніцу Таццяну Бондар і выказаў ёй словы падзякі за тое, што педагог змагла дапамагчы яму пераадолець цяжкасці пераходнага ўзросту, заўсёды знаходзіла падыход, чаго не ўдавалася амаль нікому. Дзякуючы гэтаму хлопец змог атрымаць адукацыю, зрабіць прафесійную кар’еру.
Прыемна было бачыць, што ёсць арганізацыі і людзі, якія бескарысна дапамагаюць хворым дзецям, робяць гэта па поклічу сэрца. Гэта і рамонт памяшканняў, і папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы, і валанцёрская дапамога ў арганізацыі святаў. Адна са спонсарскіх арганізацый носіць гаворачую сама за сябе назву — «Крыніца дабрыні». Няхай жа такія крыніцы не вычэрпваюцца ніколі. I каб дабрыні, цяпла і паразумення заўсёды хапала на ўсіх.
Іна ЗАСКЕВІЧ. Фота Ніны ЦАРЫК.