Знаёмцеся:
кіраўнік сярэдняй школы №2
Андрэй Генадзьевіч Лянчэўскі
Нарадзіўся ў Брэсце ў 1968 годзе. З цягам часу сям’я пераехала на Асіповіччыну, дзе праходзіла служба бацькі.
Скончыў сярэднюю школу № 3, потым Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага. Наступным жыццёвым этапам стала служба ў арміі, якую праходзіў у складзе абмежаванага кантынгенту ў Афганістане.
З 1992 па 1998 год працаваў настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства і англійскай мовы СШ № 3, а з 1998 па 2014 настаўнічаў у гарадской СШ № 2. У 2009 годзе атрымаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.
Педагог заўсёды займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, вёў грамадскую і метадычную работу. Удзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх педагагічных семінарах, канферэнцыях. Вопыт работы Андрэя Генадзьевіча друкаваўся ў многіх педагагічных перыядычных выданнях. Пераможца і прызёр рэспубліканскіх выстаў навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту. Быў фіналістам раённага конкурсу «Настаўнік года-2011». У 2010 годзе ўдзельнічаў у рабоце IV Усебеларускага народнага сходу.
У педагагічнай дзейнасці канцэнтруе намаганні на развіцці асобы дзіцяці, а перапрацоўку інфармацыі выкарыстоўвае як сродак дасягнення мэты. Паспяхова ўкараняючы ў адукацыйны працэс новыя інфармацыйныя развіваючыя педагагічныя тэхналогіі і творча выкарыстоўваючы іх, распрацаваў уласную сістэму работы з адоранымі вучнямі па фарміраванні вынаходніцкіх кампетэнцый. Яго вучні станавіліся пераможцамі і прызёрамі амаль 30 рэспубліканскіх, абласных, раённых навукова-даследчых конкурсаў і прадметных алімпіяд, а таксама конкурсаў творчых работ і сацыяльных праектаў.