«Мы за мір!»
Менавіта пад такой назвай у мінулы чацвер прайшла святочная акцыя, прысвечаная тыдню міру. А шаснаццатай гадзіне ў гарадскім парку сабраліся малыя і дарослыя асіпаўчане. Шмат у каго з прысутных да верхняй вопраткі былі прышпілены эмблемы з надпісам «Мы за мір!»
Пасля першага творчага нумара і прывітальнай прамовы вядучай аб’явілі конкурс. Вучняў гімназіі, школ № 1, 2, 3, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дзіцячай школы мастацтваў і рамёстваў запрасілі намаляваць на асфальце мір. Узяўшы рознакаляровыя кавалкі крэйды, удзельнікі накіраваліся ўпрыгожваць пляцоўку каля сцэны.
Пакуль мастакі займа-ліся сваёй справай, выступалі мясцовыя артысты — выхаванцы ЦТДіМ, РЦК і ДШМ № 2. Хлопцы і дзяўчаты, маленькія і дарослыя, спевакі і танцоры стваралі добры настрой усім гасцям свята. А яшчэ ўсе жадаючыя маглі зрабіць з паперы сімвал міру — белага голуба.
Праз некаторы час журы накіравалася да малюнкаў. Пільна разгледзеўшы кожны, нарэшце выбралі пераможцаў. Лепш за ўсё свой мір адлюстравалі выхаванцы школы рамёстваў, на другім месцы апынуўся цэнтр творчасці, а трэцяе занялі вучні СШ № 2.
Такая акцыя праводзілася ў Асіповічах упершыню. І, спадзяёмся, з цягам часу стане традыцыйнай для нашага горада.
Фота Марыі ТАЛЕЙКА.
Здаецца, нешта вельмі падобнае было падчас «Карапуз-шоу»… Якая ж, у такім разе, «новая» акцыя? Усё як і заўсёды, адно і тое ж…