Экіпаж СВК “Калгас “Лапічы” Сяргея ЛОСЯ і Арцёма ЖДАНОВІЧА — лідар на жніве ў сваёй гаспадарцы і адзін з лепшых у маладзёжным спаборніцтве. У такім саставе хлопцы ўжо працавалі летась і паказалі, што тандэм эфектыўны. Гэтым жа сезонам іх камбайн убраў больш за 200 гектараў калгасных палёў, намалаціў амаль 800 тон зерня.
Жніво-2014 застанецца ў памяці як пара спякотная. А адчуванне, што бункер жніўнага “карабля” запаўняецца хутка і роўна, вельмі прыемнае: нівы не падвялі! Цяжкасці? Не абышлося і без іх: як і ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, былі палеткі з палеглым збожжам. А любы хлебароб ведае, наколькі складана якасна спраўляцца з такімі ўчасткамі, каб не пакінуць на полі ні каласка…
Гаспадарка, як і ў мінулым годзе, у тройцы лідараў Асіповіччыны па ўраджайнасці: у сярэднім кожны гектар аддзячыў за пільны догляд і старанне 40,5 цэнтнера — на 4 больш, чым летась. Адпаведна, і вал таксама багацейшы — складае каля 2.300 тон.
Лепш за ўсё ў лапіцкіх аграрыяў урадзіла яравая пшаніца — 52,9 цэнтнера на круг. Не расчаравала і азімая — 41,3. Клін быў самым вялікім па плошчы — 250 гектараў — і, адпаведна, вы-значальным у агульнай ураджайнасці.
Праблем са здачай дзяржзаказу не ўзнікала: запланаваныя 300 тон жыта і 250 пшаніцы ўжо дастаўлены перапрацоўшчыкам. Уся пшаніца прынята трэцім класам — клейкавіна была 23 і вышэй, што таксама добры паказчык.
Час атрымліваць здабыткі!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.