Колькі каштуе сабраць дзіця ў школу? Многіх бацькоў напярэдадні новага навучальнага года гэтае пытанне прымушае моцна задумацца. Карэспандэнт “АК” прайшлася па асіповіцкіх крамах і даведалася, якую частку заробку прыйдзецца вылучыць, каб “экіпіраваць” вучня.
Канцылярскія прылады радуюць сваёй разнастайнасцю. Рознакаляровых сшыткаў, ручак, алоўкаў вялікае мноства, але далёка не ўсе з іх падыдуць для школьніка. Не паля-ніцеся прагартаць новы сшытак і паглядзець, наколькі інтэнсіўнага колеру ў ім лінейкі. Калі яны вельмі насычаныя, вучням будзе цяжка зрокава ўспрымаць тое, што напісана ручкай. Тонкія сшыткі на 12 лістоў каштуюць ад 800 да 2.000 рублёў. Старшакласнікам прыходзіцца пісаць больш, таму яны спыняюцца на паўагульных сшытках па 48 старонак і больш, кошт якіх — ад 5.500 рублёў.
Да выбару ручак і алоўкаў таксама варта падыходзіць з адказнасцю. Для вучняў пачатковай школы выбірайце пісьмовыя прылады, якія будуць ёмка трымацца ў руцэ, таму што менавіта ў гэты час у дзі-цяці фарміруецца почырк. Кошт ручак — ад 1.500 да 7.000 рублёў, але ёсць наборы і ад 5.700. Простыя алоўкі абыдуцца вам у 2-4 тысячы.
Збіраем астатняе “начынне” пенала: лінейка — ад 2.000, цыркуль — ад 17.000, тачылка — ад 6.500, рызінка — ад 2.000, сам пенал — ад 20.000 рублёў. Першакласніку спатрэбяцца касы літар і лічбаў. Кожную можна набыць за 20 тысяч.
Для пачаткоўцаў ёсць дадатковая графа выдаткаў: прыналежнасці для творчасці. Акварэльныя фарбы каштуюць ад 12.000, гуаш — ад 26.000, пэндзлі — 2.000-18.000 рублёў. Таксама спатрэбяцца каляровыя алоўкі за 11 тысяч і болей і, па жаданні, фламастары ад 14.000. Зараз у школах просяць набываць альбомы для малявання на 40 лістоў, і каштуюць яны каля 22.000 рублёў. Не абысціся і без каляровай паперы (ад 8 тысяч), кардону (ад 11), пластыліну (ад 14), нажніц (ад 14) і клею (ПВА — каля 6.000, клей-аловак — крыху даражэй).
Каб падручнікі і сшыткі выглядалі ахайна, для іх абавязкова трэба набыць вокладкі. Для сшыткаў — за 800-1.000 рублёў, для кніг — ад 3.000, для дзённіка — 3.200. Вельмі зручна складваць усё ў адну папку, якую можна купіць ад 15 тысяч.
Старшакласнікам па-трабуюцца разнастайныя друкаваныя сшыткі. Як правіла, іх трэба мець па геаграфіі (контурныя карты і атлас), хіміі і фізіцы (лабараторныя). Кошт тут залежыць ад класа. Напрыклад, контурныя карты для вучняў 8 класа абыдуцца ў 14.000, а для 9-га — у 22.400, атлас па геаграфіі для 6-7 класаў — у 27.000, а для 8-9 класаў — ужо у 40.800 рублёў. Лабараторныя сшыткі могуць каштаваць ад 8.500.
Ледзь не забыліся на дзённік. Як для малодшых школьнікаў 3-4 класаў, так і для старшакласнікаў яны каштуюць 7.300 рублёў. Асобны дзённік трэба набываць для другакласнікаў (15.800).
З канцтаварамі разабраліся — засталося самае галоўнае, тое, што робіць вучня вучнем — школьная форма. Для дзяўчынак можна выбраць шмат розных камбінацый у гарнітуры. Кошты таксама неаднародныя. Напрыклад, за камплект “камізэлька плюс спадніца” бацькі аддадуць ад 130.000 рублёў, а пінжак са штанамі каштуе ад 385.000. У хлопчыкаў у асноўным усё стандартна: гарнітур “пінжак плюс штаны” можна набыць ад 412.000 рублёў.
Калі купляць прадметы гардэроба асобна, то штаны прадаюцца ад 137000 рублёў, мужчынскі пінжак — ад 330.000, спаднічка — ад 78.000. Кашулі для хлопчыкаў каштуюць каля 110.000, блузкі для дзяўчынак — 118.000 рублёў і больш. Не забываем пра абутак. Туфлі для дзяўчынак можна адшукаць за 290.000, а для хлопчыкаў — за 330.000 рублёў. Апошнім яшчэ спатрэбіцца гальштук — ад 30 тысяч.
Акрамя школьнага, вучням неабходны яшчэ і спартыўны гарнітур. Апрануць хлопчыка на занятак фізкультуры можна за 138.000, а дзяўчынку — за 237.000. Спартыўны абутак каштуе ад 150.000 рублёў.
I апошняе — сумка. Дзявочы школьны ранец — гэта 197.000, а хлапчуковы — 180.000 рублёў.
Мы бралі мінімальныя кошты на тавары — і вось што атрымалася:
сабраць дзіця ў першы клас можна за 1.590.000 рублёў,
старшакласніка — каля 1.400.000 рублёў.
Канечне, падрыхтоўка да школьнага года адбіваецца на кішэнях бацькоў, але самае галоўнае, што яны могуць даць сваім дзецям — гэта любоў і адукацыю.
Ганна ГРЫДЗЮШКА.