Словам — сапраўдная фігура. Сапернікі ведаюць: садзішся з ім за партыю — расслабляцца не давядзецца, гэта — сіла! Нездарма можа на працягу многіх гадзін весці баталіі на чорна-белым полі. Лагічнае мысленне, уменне прадугледзець выхад з рознай сітуацыі, упарадкаванасць думак — толькі некаторыя якасці, развіццю якіх спрыяе гэтая старажытная гульня. Дарэчы, шахматы нярэдка дапамагаюць і ў рабоце. У Козела яна, напрыклад, звязана з апрацоўкай вялікага аб’ёму рознабаковай інфармацыі — ён займае пасаду галоўнага інспектара Асіповіцкага раённага аддзела Магілёўскага ўпраўлення Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. I па выніках мінулага года Вячаслаў Рыгоравіч узнагароджаны Ганаровай граматай Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва — адзначаны на рэспубліканскім узроўні. Сёння ж размова пра яго шлях у таямнічы свет любімай гульні.
— Спачатку, як часта здараецца, былі шашкі. З шахматамі ж пазнаёміўся, калі ўжо хадзіў у трэці клас. Вучыўся ў СШ № 4, дзе ў пэўным сэнсе існавала свая “шахматная школа”. Гурток вёў Леанід Раманавіч Чудаў, які і змог зрабіць маё захапленне глыбокім і стабільным. Шахматы сталі прыемным дадаткам да школьных урокаў.
— Найбольш памятны турнір?
— Кожны пакідае асаблівы след — бываюць розныя нюансы. Але, мабыць, найбольш запомнілася першае выступленне на дарослым раённым спаборніцтве: тады прайграў усе партыі, зарабіўшы 14 нулёў…
— I вельмі расчараваўся?
— Не так расстроіўся, як раззлаваўся на сябе, зразумеў, што трэба працаваць яшчэ больш накіравана. I ўжо на наступны год, у 10 класе, меў 4 перамогі. Пасля вучобы на фізмаце ў Магілёўскім педінстытуце, дзе ў нас была цэлая кагорта шахматыстаў, наогул здорава павысіў свой узровень і, вярнуўшыся ў родны горад, “адпомсціў” усім ранейшым сапернікам. Зараз успамінаю, як па крупінках здабываліся веды, якім дэфіцытам была навучальная літаратура па гэтай гульні, незабыўнае адчуванне шчасця, калі атрымлівалася займець спецыяльную кнігу…
— Вам пашанцавала ў тым плане, што ад традыцыйных шахмат, якія існавалі тысячы гадоў, разам з прагрэсам дайшлі да анлайн гульні…
— Зараз сапраўды іншая эпоха, надзвычай шырокія магчымасці. Аднак паядынак з камп’ютарам больш падыходзіць для трэніроўкі, чым для сапраўдных спаборніцтваў. Гуляючы з “нікам” не ведаеш, хто з табою мераецца майстэрствам. Праўда, затое заўсёды можна знайсці саперніка, прычым з самых розных краін. А вось жывая гульня — гэта ўжо перакрыжаванне поглядаў, эмоцыі, дрыжыкі ў руках ад хвалявання.
— А больш цікава іграць калі прайграеш ці перамагаеш?
— Калі чалавек насупраць — роўны па сілах. Аднолькава нецікава ўвесь час выйграваць альбо здаваць пазіцыі.
— Сапернік мужчына ці жанчына — ёсць розніца?
— Прыгожай палове чалавецтва сорамна прайграваць, такая ўжо ў нас, мужчын, натура.
— Як лічыце: авалодаць шахматамі можна ў любым узросце?
— Можна, канечне, навучыцца рабіць хады па правілах хоць у колькі гадоў, аднак тут ёсць “але”. Калі захапленне ідзе з сям’і, з ранняга дзяцінства, потым падтрымліваецца ў школе, загартоўваецца ў студэнцкія гады, вынік атрымліваецца больш якасным і трывалым.
— З якой фігурай на шахматным полі сябе асацыіруеце?
— З пешкай.
— ???
— Чым больш ведаеш, тым больш усведамляеш, што нічога не ведаеш. Ды і ў пешкі заўсёды ёсць магчымасць вырасці, ператварыцца ў таго ж ферзя.
— Быць шахматыстам здорава таму, што…
— …Адчуваеш сваю прыналежнасць да асаблівага клану, які мае доступ да ўнікальнага пласту чалавечай культуры. I заўсёды маеш лекі ад дрэннага настрою: партыя-другая — і забываешся на ўсякія непрыемнасці. Гэта магчымасць, альбо, хутчэй, нагода пабываць у розных гарадах, пазнаёміцца з рознымі людзьмі, пастаянна пашыраючы свой кругагляд. Ну і, нарэшце, пэўнае права ўпрыгожыць інтэр’ер дома столікам з шахматамі…
Гутарыла Валянціна КОРБАЛЬ.