Майстэрства мастацкай апрацоўкі скуры мае старажытныя карані. Яшчэ ў каменным стагоддзі з’явілася вопратка са скуры, першыя ўтылітарныя прадметы — рамяні, якімі абмотвалі дрэўка кап’я, паясы, сумкі. Піфагор згадвае пра табліцы, аздобленыя скурай, якія выкарыстоўваліся ў абрадах егіпецкіх пірамід.
Прайшло шмат гадоў, але старажытнае майстэрства не забылася. Таццяна САБЕЛА з вёскі Ручэй працягвае старадаўнія традыцыі, ствараючы з кавалачкаў скуры сапраўдныя цуды.
Яе захапленне гэтым відам мастацтва пачалося яшчэ ў школе. Дзякуючы настаўніцы Але Барысаўне Журавель, якая пазнаёміла з рознымі спосабамі апрацоўкі скуры, Таццяна не толькі стварала прыгожыя рэчы, але і павялічвала прэстыж школы, атрымліваючы ўзнагароды на разнастайных раённых і абласных конкурсах, двойчы станавілася “Вучнем года”.
— Праца са скурай даецца лёгка, — адзначае Таццяна. — З яе можна зрабіць усё, што заўгодна, і гэты занятак даступны для ўсіх. Асаблівых навыкаў, каб пачаць займацца мастацкай апрацоўкай скуры, не трэба. Выбіраеце малюнак, перамалёўваеце яго на адваротны бок і выразаеце. Аднак, каб зрабіць нешта выдатнае, трэба засвоіць некаторыя тэхнікі. Як на любое хобі, на скураныя вырабы патрэбен вольны час. Пояс можна зрабіць за 2-3 гадзіны. Канешне, пры ўмове цярпення і ўседлівасці. Над складанымі работамі прыйдзецца пасядзець больш. Але колькі б часу ні было патрачана, усё потым вяртаецца ўдзячнасцю сяброў і знаёмых за эксклюзіўныя падарункі. А гэта шмат аб чым гаворыць.
На паліцах, сценах і стале пакоя Таццяны стаяць і вісяць “паказальнікі” ўзроўню яе таленту. Карціны, рамкі для фотакартак, аздобленыя скурай талеркі, паясы, розныя бірулькі, упрыгожанні, нават невялічкі куфэрак.
…Добра, што застаюцца людзі, якія займаюцца старадаўнімі рамёствамі. Іх дзейнасць, майстэрства не даюць забыцца пра спадчыну, якую пакінулі нам продкі.
Ганна ШАРАМЕТ.