Для Максіма Арэхава філатэлія — захапленне фамільнае. Калі быў зусім малы, бачыў, як збіраюць маркі бацька з цёткай, вось і заразіўся інтарэсам да “маленькіх кавалкаў паперы з адмысловымі малюнкамі”… Пры гэтым нельга сказаць, што сённяшняя падборка марак — механічнае папаўненне скарбонкі, якая засталася ў спадчыну.
Максім прызнаецца, што доўгі час збіраў тыя маркі, якія яму падабаліся, не задумваўся аб іх калекцыйнай каштоўнасці, цэласнасці сюжэтных блокаў і іншых нюансах, якія робяць пэўную колькасць аднародных прадметаў паўнавартасным зборам. Былі ў яго занятках і вялікія перапынкі. Напрыклад, калі некалькі гадоў жыў у Клімавічах — горадзе, які з пункту гледжання калекцыянера можна лічыць бясплоднай пустыняй. Цікавыя маркі там не прадаваліся, а іншых аматараў, з якімі можна было б весці абмен, на той час там не было.
Дарэчы, больш глыбока зразумець сэнс філатэліі яму дапамагла асіповіцкая “раёнка”. У адной з публікацый Максім прачытаў пра вядомага ў рэгіёне заўзятара гэтай справы — Анатоля Свірыдавіча Арцёменку — праз рэдакцыю знайшоў яго каардынаты і атрымаў ад больш вопытнага аднадумцы некалькі вельмі важных кансультацый.
З таго майстар-класу прайшло ўжо нямала гадоў, аднак атрыманы імпульс усё яшчэ задае накірунак руху ў рабоце з калекцыяй, што складаецца ўжо амаль з 3 тысяч знакаў паштовай аплаты.
Сёння асноўныя тэмы, за якімі Максім уважліва сочыць, — паравозы і дыназаўры. Марак па іх пакуль сабрана не вельмі многа, недзе па 60, аднак кожная — сапраўдны залаты самародак. У пераносным, зразумела, сэнсе: маецца на ўвазе не намінальны кошт, а звязаны з набыццём калекцыйнага прадмету шлейф успамінаў і эмоцый. Так, каб знайсці марку, якой не хапала для збору серыі з 16 выяў, яму спатрэбілася роўна тры гады. Некалькі разоў у Максіма была магчымасць набыць адразу ўвесь тэматычны блок, але ён слушна лічыў, што гэта неспартыўна. I якая ж была радасць, калі няўлоўная марка нарэшце заняла адпаведнае месца ў альбоме!
Зараз найбольш зручным спосабам папаўнення калекцыі філатэліст лічыць спецыялізаваныя інтэрнэт-сайты. Там мае нямала добрых знаёмых, актыўна абменьваецца з імі маркамі ды карыснай інфармацыяй, знайшоў некалькі цікавых для сябе прадаўцоў. Адзін з іх часта інтрыгуе асіповіцкага аматара разнастайным эксклюзівам, напрыклад, маркамі далёкіх малавядомых краін накшталт Малаві альбо Руанды. У далёкай усходне-афрыканскай глыбінцы, відаць, паравозамі карыстаюцца і зараз, таму гэты від чыгуначнай тэхнікі знаходзіць адлюстраванне на мясцовай паштовай прадукцыі пастаянна.
Самая старая марка з яго калекцыі выпушчна ў 1960 годзе, самая новая – у 2012. Розныя краіны, розны час, розная тэхніка выканання… Разглядаць паштовыя знакі і параўноўваць іх паміж сабой — вялікае задавальненне для апантанага філатэліста. Жонка, дарэчы, з разуменнем успрымае забаву мужа, а старэйшая дачка Даша, якой яшчэ няма і чатырох гадоў, ахвотна складае бацьку кампанію ў праглядзе сабраных для душы альбомаў. У марах Максім, зразумела, разлічвае перадаць свае здабыткі трэцяму пакаленню філатэлістаў з роду Арэхавых, аднак, калі дачушка праяўляе асаблівы інтарэс да нейкай канкрэтнай маркі, трымаецца напагатове: дзяўчынка ж яшчэ зусім маленькая, і для яе бацькава калекцыя пакуль толькі набор прыгожых кавалкаў паперы з адмысловымі малюнкамі…
Гісторыя паўтараецца? Калі так, то гэта выдатна!
Дзмітрый САЎРЫЦКI.