Раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва плануе аказаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы 403 сем’ям, якія выхоўваюць 3 і больш непаўналетніх. Усяго яе атрымаюць 811 вучняў.
Падведзены вынікі работы саветаў ветэранаў вобласці па пытаннях узаемадзеяння з дзяржорганамі па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні моладзі. За гэту, а таксама за работу па сацыяльнай падтрымцы састарэлых людзей і ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджаны і старшыня райсавета ветэранаў Міхаіл Пятровіч Слесарэнка.
У Ліпенскім сельсавеце вядзецца ліквідацыя аварыйных дрэў на могілках у Бозаку, Ліпені, Семіровічах, рыхтуецца дакументацыя па перадачы на баланс “Белшыны-агра” і землеўпарадкавальнай службе 8 гектараў пустуючых зямель.
ДУКВП “Водаканал” за красавік-чэрвень прадало насельніцтву 557 тысяч тон вады, у тым ліку сяльчанам — 133 тысячы. У мінулым годзе — 557 і 142 тысячы адпаведна.
Каля 80 дзіцячых пляцовак знаходзіцца на балансе ДУКВП “Райсэрвіс”. Сёлета на іх рамонт было выдзелена звыш 35 мільёнаў рублёў.
Асіповіцкі філіял “Магілёўсаюздрук” разам з прадстаўнікамі вытворчага прадпрыемства «Кока-Кола Бевриджиз Белоруссия» для сваіх спажыўцоў нядаўна ўстанавілі дзве ўстаноўкі для продажу ахалоджваючых напояў. Адна з іх знаходзіцца на вуліцы Сумчанкі, другая — у павільёне на Паркавай.
Каля 3 тысяч тон дранкі і амаль столькі ж дроў нарыхтавана за час вясенне-летняга перыяду работнікамі Асіповіцкага раёна цеплавых сетак. Гэта складае каля 60% неабходнага запасу.
Тэатральны заезд Міжнароднага творчага фестывалю «Хваля ідэй» прайшоў у балгарскім мястэчку Кранева. Удзельнічалі ў ім і два асіповіцкія калектывы: «Калейдаскоп» (ЦТДіМ) і «Парус» (ДШМ № 1). Першы стаў Дыпламантам фестывалю, а другі прывёз аж 3 дыпломы: за перамогу ў тэатральным конкурсе са спектаклем «Калабок», за лепшы акцёрскі састаў і асабісты — кіраўніку Людміле Багук — за раскрыццё акцёрскіх здольнасцей дзяцей.