Ведаць. Памятаць. Ганарыцца
На тэрыторыі размешчана 13 населеных пунктаў, дзе на 649 сядзібах жыве 1.153 чалавекі. Да вайны ў тутэйшых вёсках налічвалася звыш 4 тысяч сяльчан. Самым буйным паселішчам ледзь не ва ўсім раёне была Свіслач — 1.420 жыхароў, большасць якіх — яўрэі. Зніклі з карты такія назвы, як Баранцы, Заельнік, Карма, Максімаўка, Новая Ніва, Падзіра, Перадзіла, Прудзішча, Рыдлё…
Многія вёскі вораг зруйнаваў амаль дашчэнту. У сорак трэцім годзе цалкам або часткова былі спалены Буда, Слабада, Сталяры, Свіслач.
Па дадзеных кнігі “Памяць”, з франтоў Вялікай Айчыннай не вярнуліся каля 500 чалавек. Многія жыхары сталі партызанамі 1-й Асіповіцкай партызанскай брыгады. Больш за паўсотню загінула, у тым ліку — 22 вязычынцы.
Пацярпела і мірнае насельніцтва. У Свіслачы з 2 па 14 кастрычніка быў знішчаны 791 мірны жыхар-яўрэй. Яшчэ каля 70 чалавек загінула ад рук фашыстаў у розныя гады вайны, у тым ліку ў Шэйпічах — 20, Сталярах — 10, Кассі — 9.
На свіслацкай зямлі знаходзіцца 10 воінскіх пахаванняў і памятны знак у гонар 309-га аддзялення партызанскага атрада імя Кірава. Iмёны Герояў Савецкага Саюза Леўчанкі і Кліменкі носяць вуліцы ў Навасёлках і Свіслачы адпаведна.
У Свіслацкай СШ ёсць краязнаўчы музей, у якім утрымліваюцца матэрыялы пра землякоў — удзельнікаў вайны і партызан, а таксама пра воінаў падраздзяленняў, вызваляўшых мясцовасць ад ворагаў.
Ваеннае ліхалецце болем адгукнулася ў сэрцах людзей. З пачаткам акупацыі ў Кассі, Чуччы, Вязычыне, Свіслачы і іншых месцах былі размешчаны фашысцкія гарнізоны. Да пачатку лета 1943 года некаторыя заставаліся неліквідаванымі. У першыя дні ліпеня быў распрацаваны план іх знішчэння ў Кассі і Чуччы. Правядзенне аперацыі ў першай вёсцы было даручана 210-му партызанскаму атраду пад камандаваннем Сумчанкі, у другой — атрадам Баразны і Падгайнага, а ўсім кіраваў Каралёў.
Увечары атрады падышлі да Чучча. Ноччу, калі паліцаі спалі, наперад былі высланы штурмавыя групы. Яны закідалі гранатамі дзоты і падабраліся да школы, дзе размяшчаўся вораг. Ціха зняўшы з вышкі вартавога, Сямён Пінчук даў каманду на штурм, але тут жа ўпаў, скошаны куляй. Паляцелі гранаты. Партызаны ўварваліся ў будынак, і хутка варожае логава было знішчана. Адначасова атрад імя Сталіна наступаў на гарнізон у Кассі. Паліцаі і немцы размясціліся таксама ў школе. Каб падавіць агнявыя кропкі, партызаны расходавалі ўсе гранаты, і казарму штурмаваць не было чым. Раптоўнае нападзенне не атрымалася — аб падыходзе партызан гарнізон быў кімсьці папярэджаны, — Сумчанка вырашыў, што штурмаваць без гранат безнадзейна і даў загад аб адыходзе. Партызаны панеслі значныя страты, і разгром участка адбыўся пазней.
Вязычын. У 1974 годзе з’явіўся абеліск 13 невядомым байцам, якія загінулі ў вайну.
7 мая 2005 года на ўездзе ў вёску Вязычын быў адкрыты мемарыяльны знак у гонар партызанскага атрада спецыянальнага назначэння № 309 імя Кірава.
У 2012 годзе ўстаноўлены помнік Міхаілу Міхайлавічу Бураку, партызану-разведчыку ўзгаданага атрада. Гераічна загінуў у 21-гадовым узросце ў няроўным баі з фашыстамі 21 мая 1943 года.
— На ўсё жыццё запомнілася 16 красавіка 1944 года. Было яшчэ халаднавата. Усе партызаны добра разумелі, што гэтая вясна будзе апошняй для ворага на нашай зямлі. У Вязычыне знаходзіліся фашысцкі гарнізон і штаб батальёна. Неадкладна знішчыць гэтае гняздо праціўніка — такую задачу паставіў перад сваім атрадам. I яна была выканана. 60 варожых салдат знайшлі тут сабе магілу, а партызаны, па-гаспадарску распарадзіўшыся трафеямі, паспяхова вярнуліся на сваю базу.
У Свіслачы паліцэйскіх участкаў было некалькі. Мясцовыя старажылы памятаюць, што першым паліцыю ўзначаліў мясцовы немец Бурштэль, былы ляснічы. Бургамістрамі былі ў розны час школьны ваенрук Шыдлоўскі і Бондар.
— Лясныя байцы тройчы спрабавалі ўзяць мясцовы гарнізон, які размяшчаўся ў так званым доме Яцко. I на замчышчы паліцаі былі. На тэрыторыі цяперашняга санаторыя стаяла памешчыцкае двухпавярховае памяшканне — там таксама знаходзіліся гітлераўскія служакі. Усе пляцоўкі абнеслі бярвеннем, засыпалі пяском і зрабілі амбразуры праз кожныя 50 метраў. Вакол калючы дрот. За час акупацыі людзям хапіла ліха. Майго бацьку тройчы арыштоўвалі. Апошнім разам і мне “пашчасціла”. Сядзелі ў канцлагеры, што знаходзіўся ў Вяззі, па віне Бішлера, які абрабаваў нашу хату. Але дзякуючы хабару, ён выпусціў нас.
Гета ў мястэчку размяшчалася на месцы даваеннага кампактнага пражывання яўрэяў. Не менш за 40 мужчын расстралялі асобна — летам, прыкладна ў жніўні-верасні. Забойства адбылося ў калгасным садзе на гары, і пахавалі іх там жа, у рвах.
Асноўная маса людзей загінула ў кастрычніку сорак першага. Салдаты і паліцаі выганялі яўрэяў з дамоў, закідвалі ў кузаў грузавіка і вывозілі ў лес: Хто жыў на ўскрайку Свіслачы, тых проста гналі палкамі, прыкладамі. Адусюль даносіліся страшныя крыкі, плач.
— Нас было пяць чалавек, якія выратаваліся ў кастрычніку сорак першага года. Гэта я, Iзя Аўсіевіч, наша настаўніца Соф’я Адамаўна з дачкой і Ніна Файеберг. Усё, больш нікога не ведаю. Як засталася жывою? Сама не разумею. Пакуль трапіла ў тую яму, шмат пабегала ад немцаў, але ўсё роўна патрапіла на іх. Схапілі мяне паліцаі, затым павялі на месца расстрэлу. Як атрымалася так, што кулі праляцелі міма, не ўяўляю. Апрытомнела, калі было ўжо цёмна, і адчуваю, што хтосьці на мне ляжыць і нейкі тупы боль у левым плячы. Відаць, стукнулася аб чыесьці косці. Набраўшыся сіл, вылезла з-пад трупаў, азірнулася — нікога нідзе няма. Пачала выбірацца. Не памятаю, што на мне было з адзення, але тое, што аказалася ўся ў крыві — не забываецца ніколі. Было холадна. У нейкай лужыне абмылася і пайшла праз чыгунку. Хапіла гора. Сустракала розных людзей: і злых, і добрых. Некаторыя рады былі зноў выдаць мяне немцам. Але лёс наканаваў застацца жывой…
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што пасля вайны на тым месцы, дзе знішчылі яўрэяў, стаяў помнік. З’явіўся напрыканцы 40-х-пачатку 50-х гадоў. Зараз месца гібелі нічым не абазначана. Астанкі перавезены ў Бабруйск.
Непадалёк ад дома, вядомага пад назвай Яцко, у 1967 годзе пастаўлены абеліск 148 ваеннаслужачым, якія загінулі 30 чэрвеня 1944 года ў баі за вёску. У брацкай магіле ляжыць і Герой Савецкага Саюза Мікалай Кліменка. Чым праславіўся гэты чалавек? Мужна змагаўся з фашыстамі, якія ў канцы чэрвеня сорак чацвёртага, вырываючыся з «бабруйскага катла», апынуліся ў раёне Свіслачы.
Група Кліменкі ў ноч на 30 чысло падышла да Бярэзіны супраць вёскі Чучча. На падручных плаўсродках пераправіліся на правы бераг, углыбіліся ў лес і пайшлі ўправа. У вёсцы Свіслач, паблізу моста праз аднайменную раку, байцы выбралі зручную пазіцыю і замацаваліся.
Раніцай з боку Бабруйска падышла вялікая колькасць немцаў. Для многіх разведчыкаў пачаўся першы ў жыцці бой. Байцы па загаду Кліменкі адкрылі па ворагу агонь з кулямётаў і аўтаматаў. Атакі працягваліся адна за другой, і для старшага лейтэнанта наступіла апошняя: упаў, падкошаны куляй. Праз некалькі хвілін да разведчыкаў падышло падмацаванне, і вораг быў разбіты. Званне Героя Савецкага Саюза Кліменку прысвоена пасмяротна 24 сакавіка 1944 года.
У брацкай магіле пахаваны салдаты-вызваліцелі розных нацыянальнасцей. Пра аднаго з іх — Iвана Iванавіча Качына — вядома, што ён з Бураціі. Кулямётны ўзвод, якім камандаваў лейтэнант, таксама перакрываў шляхі адыходу бабруйскай групоўцы ворага.
— 30 чэрвеня сорак чацвёртага года батарэя 601-га палка размяшчалася на паўночным ускрайку мястэчка Свіслач. Камандзір разліку сяржант Павел Рагулін з таварышамі знаходзіўся ў калгасным яблыневым садзе. I раптам аб’явілі баявую трывогу. Усе 6 гармат батарэі выехалі на вуліцу і хутка апынуліся на паўднёвай ускраіне, дзе сустрэліся з начальнікам артылерыі дывізіі палкоўнікам Л.П’янковым, які вызначыў агнявыя пазіцыі для кожнага разліку, у тым ліку — Паўла Рагуліна і Iвана Андрэева. Абедзве гарматы размясціліся на галоўным накірунку варожага ўдару і павінны былі біць ворага, каб не даць яму прайсці праз мост і трапіць у мястэчка. Паглядзелі ў бінокль: калоны гітлераўцаў запрудзілі дарогу з Вуглаты і далей праз усю Слабаду. Вакол рваліся снарады, падалі забітыя байцы. Але Рагулін стаяў да апошняга. Раптам яго раніла асколкамі. Кроў заліла ўвесь твар. Прачнуўся на перавязачным пункце. Тут жа і даведаўся, што мост утрымалі і немцы ў Свіслач не трапілі. Наогул у гэты дзень фашысты імкнуліся захапіць абодва масты: і праз Бярэзіну, і праз Свіслач. Але гэта ім не ўдалося. Нашы байцы знішчылі да шасці тысяч варожых салдат і афіцэраў. Каля сямі тысяч былі ўзяты ў плен. За гэты бой Паўла Рагуліна ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны.
Ветэран вайны Е.Кассы ўспамінаў у 70-я гады: “Мне давялося адбіваць атакі азвярэлых фашыстаў на асіповіцкай зямлі. Памятаю баі за Ялізава, Чучча, Свіслач. Камандзір нашага палка падпалкоўнік Канстанцін Васільевіч Барычэўскі загадаў выставіць баявую ахову каля вёскі Чучча. 30 чэрвеня яна ўступіла ў бой з варожай разведкай. Захопленыя палонныя расказвалі, што з Бабруйска ў напрамку Мінска рухаецца каля 15 тысяч гітлераўцаў з танкамі і артылерыяй. У 4 гадзіны раніцы завязаўся жорсткі бой. За дзень адбілі 12 атак праціўніка. Дапамагалі нават мясцовыя жыхары.У самы крытычны момант бою падаспелі “Кацюшы”. Фашысты, хто не быў знішчаны, трапілі ў палон”.
Вось што расказваў пра свіслацкі бой былы камсорг 2-га батальёна 250-га стралковага палка В.Нялаеў: “Трымаліся байцы мужна. Старшына С.Федарышын дзвюма супрацьтанкавымі гранатамі знішчыў 15 фрыцаў і сам загінуў у баі. Афіцэры штаба П.Разанаў, М.Фяцісаў, Ф.Чайкін, В.Герасімук поплеч з байцамі на пярэднім краі паказвалі прыклад мужнасці. Батарэя капітана В.Яўсцігнеева за 4 гадзіны знішчыла некалькі соцень гітлераўцаў. Супрацьтанкавы артылерыйскі дывізіён, якім кіраваў Ф.Лісіцын, знішчыў шмат гітлераўскіх танкаў і бронемашын. Камандзір дывізіёна С.Расны ўстанавіў усе гарматы на прамую наводку, і артылерысты ва ўпор расстрэльвалі насядаўшых фашыстаў”.
У брацкай магіле пахаваны і яшчэ адзін Герой Савецкага Саюза — Дарафей Леўчанка.
Слухач ваеннай акадэміі ў першыя дні вайны праходзіў стажыроўку ў Гродна. Адтуль прабіраўся ў Маскву. Амаль два месяцы знаходзіўся ў акружэнні. У жніўні 1941 года каля Навасёлак сутыкнуўся разам з іншымі воінамі з немцамі. Завязаўся няроўны бой, у якім і загінуў Дарафей Цімафеевіч. Напачатку яго магіла знаходзілася на месцы гібелі.
Вуглата. З 1975 года на могілках стаіць помнік 31 невядомаму ваеннаслужачаму, што загінулі ў гады вайны.
Чучча. Брацкая магіла з надпісам 4 імён партызан: С.Ф.Пінчук, В.З.Герасімовіч, В.Н.Баразна, М.М.Клімовіч.
Кассё. 10 невядомых байцоў, загінуўшых у 1944 годзе, пахаваны ў брацкай магіле на мясцовых могілках.
Сталяры. Помнікаў тут няма, але мясцовыя жыхары вялі актыўную барацьбу супраць фашыстаў. Пацвярджэнне — наступны факт: успаміны партызана Клічаўшчыны I.Крыскаўца, апублікаваныя ў “раёнцы” ў 70-я гады: “У Ялізаве на шклозаводзе “Кастрычнік” стаяў даволі вялікі гарнізон, які трэба было знішчыць. Таму партызаны пастаянна вывучалі навакольную абстаноўку. У вёсцы Сталяры, што побач з пасёлкам, жылі браты Якаў і Міхаіл Багдановічы. Наш камандзір атрада Iгнат Iзох добра ведаў іх. Першы працаваў на заводзе, другі — старшынёй калгаса. Яны абодва дапамагалі лясным байцам”.
Слабада. На могілках у 1974 годзе ўстаноўлены 2 абеліскі з надпісам: “Вечная слава героям, павшим за честь, свободу и независимость нашей Родины 1941-1945 гг.”. У адной з брацкіх магіл ляжаць 15 невядомых салдат.
Падрыхтавала Ніна ВIКТОРЧЫК.