— Рэспубліканскі семінар “Вопыт настаўнікаў працоўнага навучання ва ўмовах сучаснага інфармацыйнага асяроддзя і выкарыстання эфектыўных адукацыйных тэхналогій”, які прымалі дзве школы Асіповіччыны, галоўнай ідэяй меў павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў ва ўзгаданых тэхналогіях і магчымасцях іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе па працоўным навучанні, — раскрыла мэты мерапрыемства і расказала аб яго ходзе загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Панфіловіч.
— У спісе ўдзельнікаў былі спецыялісты аддзелаў адукацыі, спорту і турызму выканкамаў розных раёнаў Беларусі, метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі і, безумоўна, настаўнікі працоўнага навучання. Першая частка семінара ладзілася ў СШ № 1. Дырэктар школы Сяргей Сувееў пасля прывітальных слоў расказаў аб вопыце педагагічнага калектыву па стварэнні навучальнага асяроддзя, якое садзейнічае фарміраванню ў выхаванцаў падрыхтаванасці да працоўнай дзейнасці. У гасцей была магчымасць наведаць у гэтай школе некалькі заняткаў.
У рамках семінара дзейнічала выстава “Майстэрства і талент настаўніка — творчаму вучню”, дзе дэманстраваліся праекты-прызёры трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, а таксама партфоліа школьнікаў. Проста нельга было не захапіцца здольнасцямі хлопчыкаў і дзяўчынак! У “Горадзе майстроў” адбылося знаёмства з саломапляценнем, геаметрычнай і аб’ёмнай разьбой па дрэве, тут жа можна было паўдзельнічаць у майстар-класах па бісерапляценні, цестапластыцы і іншых. Наогул, на семінары існавала магчымасць убачыць шмат новага і прыгожага. Ну і, канечне, павучыцца. Напрыклад, на тым жа ўроку, паказаным настаўніцай абслугоўваючай працы з гімназіі Iнесай Няверка, можна было даведацца не толькі інфармацыю аб хатніх раслінах і доглядзе за імі, але і тут жа замацаваць тэорыю крэатыўнай практыкай, састаўляючы эстэтычныя кампазіцыі з вазонаў. Хіба не каштоўныя сакрэты дамашняй утульнасці для будучых гаспадынь? Прынамсі, не толькі будучых — дарослыя таксама з задавальненнем успрымалі цікавыя звесткі. Наогул, усе прадстаўленыя ўрокі і заняткі прайшлі на высокім узроўні. Уразілі гасцей і добра абсталяваныя кабінеты — як падзяліліся прысутныя, такія ёсць далёка не ва ўсіх установах адукацыі. Па-сапраўднаму здзівіла аператыўнасць школьнага прэс-цэнтра СШ № 1: напрыканцы семінара госці атрымалі ў падарунак “гарачы” тэматычны выпуск школьнай газеты “Школьная краіна” з фатаграфіямі і меркаваннямі некаторых удзельні-каў.
Вяззеўская школа прадстаўляла вопыт работы настаўнікаў працоўнага навучання Жанны Міс і Аляксандра Ляўкова, якія паказалі фрагменты заняткаў. Кіраўнік установы адукацыі Валянціна Грышановіч раскрыла шляхі ўзаемадзеяння школы з сельвыканкамам і шэфскімі арганізацыямі па фарміраванні ў дзяцей прэстыжу чалавека працы. Надоўга прыцягнула ўвагу гасцей наладжаная тут выстава работ народных умельцаў Асіповіччыны. Дзякуй ім, што падтрымалі ініцыятыву!
А што наконт сустрэчы могуць сказаць педагогі, якія прымалі ў семінары непасрэдны ўдзел? З такім пытаннем звярнулася да настаўніка тэхнічнай працы гарадской СШ № 1 Святланы Калеснік, якая разам з калегай з гімназіі Лідзіяй Папулавай правялі “Конкурс майстроў”:
— Тэму выкарыстання інфармацыйных тэхналогій на ўроках працоўнага навучання вывучаю і ўкараняю ў практыку ўжо на працягу некалькіх гадоў, а сёлета абагульняю вопыт. Прайшоўшае мерапрыемства якраз і дало магчымасць падвесці пэўную рысу.
Асноўнымі задачамі адкрытага занятку было замацаванне і сістэматызацыя ведаў вучняў аб ручной апрацоўцы драўніны і металу, развіццё пэўных навыкаў і ўменняў. Конкурс складаўся з некалькіх заданняў, падабраных з улікам узроставых асаблівасцей і інтарэсаў вучняў-шасцікласнікаў. Так, пры адказе на тэарэтычныя пытанні дзеці выбіралі з магчымых спосабаў рашэння найбольш рацыянальныя. Практычнае заданне базіравалася на існуючых у вучняў ведах і навыках, таму цяжкасцей у выкананні не выклікала, а, наадварот, дало магчымасць прадэманстраваць свае ўменні. Конкурс выявіў лепшага “слесара” і “сталяра”, што дапамагло вызначыць перспектыўных вучняў, якія потым, магчыма, стануць пераможцамі алімпіяд. Лічу, што правядзенне такіх заняткаў не толькі павышае цікавасць дзяцей да прадмета, развівае іх творчыя здольнасці, паглыбляе тэарэтычныя веды і практычныя ўменні, але і можа паўплываць на выбар будучай прафесіі. Што асабіста мне даў удзел у семінары? Па-першае, імпульс для далейшага прафесійнага развіцця, па-другое, магчымасць раскрыць сваіх вучняў з новага боку, па-трэцяе, шанс пазнаёміцца з дзейнасцю калег з розных рэгіёнаў Беларусі, што вельмі цікава і не менш карысна.
Пагутарыўшы яшчэ з некалькімі ўдзельнікамі семінара, пераканалася, што гэтым маштабным мерапрыемствам засталіся задаволеныя ўсе: асіпаўчане — тым, што змаглі дастойна прадставіць сябе і раён, госці — разнастайнасцю набытага новага вопыту і яркіх уражанняў.
Валянціна КОРБАЛЬ.