На сесіі райсавета
28 мая адбылася другая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, у рабоце якой прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта Пётр Шукаловіч, намеснікі, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, адміністрацыйных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў адукацыі, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі СМI.
Аб стане пажарнай бяспекі на Асіповіччыне дакладваў начальнік РАНС Iгар Логвін. У 2013 годзе ў раёне адбыўся 61 пажар, на якіх загінула 7 чалавек, у тым ліку 1 дзіця. 23 пажары зафіксавана ўжо сёлета, не стала 5 дарослых землякоў. Пажары зарэгістраваны як у райцэнтры — 14, так і ў Лапіцкім, Пратасевіцкім, Градзянскім, Карытненскім, Ліпенскім, Свіслацкім і Ясенскім сельсаветах. Часцей за ўсё прычынай трагедыі становіцца неасцярожнае абыходжанне з агнём. У рабоце па пажарнай бяспецы, якая праводзіцца суб’ектамі гаспадарання, ёсць шэраг недахопаў. Асабліва шмат заўваг маюць сельгаспрадпрыемствы.
Старшыня Пратасевіцкага сельскага Савета дэпутатаў Анатоль Дрывіцкі працягнуў актуальную для раёна тэму пажарнай бяспекі. Неспрыяльны фактар — аддаленасць населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета. У 9 з 22 вёсак засталося літаральна некалькі жыхароў. Павысіць эфектыўнасць праводзімай работы павінны сельскія сходы і больш актыўная дзейнасць аглядных камісій. На сёння абследаваны ўсе дамы, дзе пражываюць сем’і сацыяльнай рызыкі, шматдзетныя, ветэраны вайны і інваліды, аднак гэта складае толькі трэць ад усіх домаўладанняў.
Сваімі выступленнямі больш грунтоўна раскрылі ўзнятую праблему і дэпутаты Міхаіл Садкоў і Валянціна Грышановіч.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Аксана Гарбунова расказала аб рэалізацыі ў раёне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. Прымаюцца арганізацыйныя і практычныя меры, накіраваныя на выкананне яго норм і патрабаванняў, наладжана сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння. Створаны адзіны банк даных аб асобах, абавязаных пакрываць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. Такіх даўжнікоў у раёне 295. Колькасць бацькоў, павінных аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама — 158, цалкам аддаюць доўг 14, часткова — 107, не кампенсуюць выдаткі 37 чалавек. Адзначаны недастатковыя намаганні шэрагу арганізацый па рабоце з такой катэгорыяй грамадзян. Нярэдка існуюць фармальныя адносіны наймальнікаў да кантролю за яўкай абавязаных асоб на работу і ўліку рабочага часу. Не заўсёды прымаюцца дзейсныя прафілактычныя меры да прагульшчыкаў і з боку аддзела ўнутраных спраў. Трэба больш своечасова выяўляць і ставіць на ўлік дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
У час сесіі быў разгледжаны і шэраг іншых пытанняў. Напрыклад, аб накіраванні сродкаў раённага бюджэту, прадастаўленні паляўнічых угоддзяў у арэнду, уносіліся дапаўненні і змяненні ў некаторыя ранейшыя рашэнні райсавета дэпутатаў. Па ўсіх пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.