Адзіная ў Смыку вуліца — Цэнтральная — адмыслова выгінаецца, ствараючы нейкі загадкавы лабірынт, а дом пад нумарам 32 прытаіўся ў тым месцы, дзе, па логіцы, ён быць не павінен. Пражывае там 85-гадовы гаспадар, таму, адчыніўшы брамку вясковай сядзібы, здзівіліся: у двары стаіць трактар, навязана карова, прагульваюцца куры, песціцца на сонцы з паўдзясятка катоў. Мо, не туды трапілі?
Сумненні развейваюцца, калі ў хаце сустракае Віктар Iосіфавіч ЖУКОЎСКІ — бадзёры, стройны мужчына з ваеннай выпраўкай у строгім касцюме, аздобленым медалямі. Хаця не ваенную службу нёс гэты чалавек, а амаль паўвека(!) адпахаў — у літаральным сэнсе — на трактары. I гэта — толькі ў калгасе. Уласны ж участак працягвае апрацоўваць і цяпер, таму радуецца веснавому сонейку, якое набліжае сяўбу. I “жалезны конь” ужо сёння гатовы да работы…
Ён з мясцовых. Нарадзіўся побач, у Паташні, у сям’і рабочага вязскага леспрамгаса і калгасніцы. Тут разам з чатырма братамі і сястрой наведвалі школу. Але скончыў хлопчык толькі чатыры класы, а далей прыйшлося засвойваць іншую навуку: як не загінуць самому і абараніць малодшых ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Старэйшы брат пайшоў у партызаны, а 12-гадовы Віктар дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Жылі з таго, што вырасце ў агародзе.
Аднойчы пайшоў хлопец на базар па соль. Шлях да райцэнтра быў звыклым: да вайны не раз даводзілася бегаць у Асіповічы, каб купіць хлеба. Напрамкі вёрст дзесяць, пераадолець якія на гэты раз не ўдалося. Схапілі ворагі, даставілі ў астрог, што знаходзіўся ў раёне “сёмай пляцоўкі”. Там размяшчаліся жаночы і мужчынскі баракі. Віктар быў самым, бадай, малодшым з мужыкоў, але палёгкі фашысты не давалі, прымушалі працаваць на чыгуначных пуцях нараўне з астатнімі. Атрымлівалі за тое па 100 грамаў хлеба з апілак і трухі і нейкія памыі ў якасці супа. Балелі ногі, абутыя ў драўляныя калодкі. Пры разгрузцы платформ з пяском старэйшыя вучылі: “Рабі выгляд, што стараешся, але бяры на лапату паменш пяску. Больш адпачывай, калі не бачыць ахоўнік…”
Сем месяцаў прабыў ён у няволі. Аб вызваленні ўспамінаць без слёз не можа: вельмі страшным быў дзень, калі яго ледзь не парваў нямецкі сабака. Матуля дапамагла, выратавала. Далей уся сям’я хавалася ў лясах у грамадзянскім лагеры. Зямлянка здавалася больш надзейнай за родную хату. Фашысты ўчынялі блакады, білі па лесе з мінамётаў, спадзяючыся выгнаць адтуль лю-дзей. А мясцовасць навокал была балоцістая, даво-дзілася і па пояс у вадзе прабірацца на іншае месца…
Але час бесперарыўнага жаху скончыўся. Жыхары змаглі вярнуцца ў свае хаты, наладзіць нармальнае жыццё. Калгас накіраваў Віктара вучыцца на механізатара. Пасля курсаў атрымаў колавы трактар ХТЗ, пачаў працаваць. З удзячнасцю за дапамогу ўспамінае механізатар Ганну Піліпаўну Радкевіч — жанчыны на трактары тады не былі рэдкасцю. У Вяззі працавала 9 трактароў, потым 2 перадалі ў Ліпень. Кожнай машыне даводзілася апрацоўваць вялікую плошчу, таму баранку выпускалі з рук толькі каб крыху паспаць, а пра выхадныя і не марылі. МТС абслугоўвала некалькі калгасаў, ездзілі практычна па ўсім раёне.
Тая векапомная сустрэча адбылася ў час такіх пераездаў. У вёсцы Смык дзяўчаты малацілі жыта. Iх было многа, рабілі спорна, белыя хусцінкі толькі мільгалі навокал. А позірк маладога механізатара быў прыкаваны да адной. “У яе такія працавітыя рукі, добрыя вочы ды ладная фігура — прыгажэй дзяўчыны не бачыў ва ўсім раёне,” — канстатуе Віктар Iосіфавіч сёння, праз больш як шэсць дзесяцігоддзяў. Карацей, Зінаіда проста закружыла галаву юнака. Доўга абыходжваць нявесту не ставала часу, таму маладыя — абодвум не было яшчэ і дваццаці — хутка пабраліся шлюбам. Так і перабраўся Жукоўскі ў Смык, дзе жыве і дагэтуль.
У пяцідзясятым яго прызвалі ў армію. Хацелі годам раней, але ішла пасяўная, потым сенакос, уборачная — як без лепшага механізатара? У войску салдат служыў у інжынернай часці, звыкла выконваў розныя работы на трактары. Ездзіў у камандзіроўкі ў Кіеў, Рыгу, адтуль прыганяў тэхніку. Пасля службы “вербавалі” на цаліну, але мужчына адказаў, што паедзе толькі ў тым выпадку, калі дадуць дом, куды зможа перавезці жонку і дачку. Жылля ж, як вядома, у тым неабжытым краі не было, таму салдат вярнуўся дадому, каб зноў пахаць-сеяць-убіраць…
Гісторыю трактароў і краін-вытворцаў руплівец вывучаў на практыцы: ездзіў на першай пасляваеннай мадэлі ХТЗ, расійскім У-2, нават амерыканскім “кейсе”, які хутка спісалі з-за адсутнасці запчастак, айчынным МТЗ. Быў лепшым і ў калгасе, і на МТС. Мае ордэн “Знак Пашаны”, срэбраны медаль ВДНГ, атрымоўваў каштоўныя падарункі. Але не ўступаў ні ў камсамол, ні ў партыю. Лічыў, што членства ў гэтых арганізацыях аніяк не ўплывае на працу і для яго зусім не патрэбна.
Сваіх траіх дзяцей выхоўвалі з жонкай у працы, унукі таксама не заставаліся ў баку ад сельгасработ. Адзін з іх і зараз можа ўскочыць у дзедаў трактар, каб дапамагчы нарыхтаваць сена ці прывезці дроў. Гэту тэхніку, дарэчы, дзядуля атрымаў у дар ад роднага калгаса, калі пайшоў на пенсію. Праўда, яшчэ потым 3 гады працаваў на ёй на… калгасных палетках. Што вінен, аддаць павінен…
Ляжаць на печы ды стагнаць Віктару Iосіфавічу не хочацца — лепш карову падаіць ці паркан падрамантаваць. Такой ужо ён закваскі. Таму і выглядае даволі маладжава. Вельмі ганарыцца сваімі дзецьмі, кожны з якіх стаў годным чалавекам. I не губляе сувязі з родным калгасам, дзе яго і памятаюць, і паважаюць.