У Дараганаўскім сельсавеце добраўпарадкоўваюцца вуліцы, прысядзібныя ўчасткі. Сумесна з мясцовай школай праведзены суботнік па ўборцы сквера ў аграгарадку. Накіраваны пісьмы арганізацыям, размешчаным на тэрыторыі Савета, аб навядзенні парадку на зямлі, замацаванай за імі. На II квартал запланавана ліквідацыя 4 кінутых дамоў, касметычны рамонт адміністрацыйнага будынка і двух абеліскаў у вёсках Каўгары і Радуцічы.
Фізіятэрапеўтычны кабінет райпаліклінікі за адну рабочую змену наведвае каля 400 пацыентаў, у тым ліку — звыш 70 дзяцей і падлеткаў. Самыя запатрабаваныя працэдуры — магніта-, крыа-, механатэрапія, падводны душ-масаж, скіпідарныя і мінеральна-жамчужныя ванны. Хутка з’явіцца яшчэ адна водная працэдура — ванна з экстрактамі гразей.
Пункт па абслугоўванні карпаратыўных кліентаў “Бізнес-пошта” пры гарадскім аддзяленні паштовай сувязі № 5 аказвае свае паслугі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам. У ліку пастаянных кліентаў суд, крымінальна-выканаўчая інспекцыя АУС, ЗТАА “Дахавы завод ТэхнанIкОль”, завод жалезабетонных канструкцый. Усяго на такім абслугоўванні знаходзіцца каля 40 прадпрыемстваў. У I квартале выручка ад такога віду паслуг склала амаль 147 мільёнаў. Штодзённы аб’ём перасылаемых адпраўленняў — каля 310 штук.
Жыхары аграгарадкоў Каменічы і Краснае праз некалькі месяцаў атрымаюць магчымасць падключэння да высокахуткаснага інтэрнэта byfly і інтэрактыўнага тэлебачання «ZALA». Зараз вядуцца работы па пракладванні оптавалаконнага кабеля. Абанентамі новай паслугі стануць прыкладна 100 чалавек.
Работа па азеляненні роднага горада, якой займаецца ДУКВП “Райсэрвіс”, актыўна пачалася напрыканцы сакавіка. Выконваюцца як заяўкі дваровых камітэтаў, так і арганізацый. Ужо высаджана каля сотні каштанаў, 77 дубкоў. Апошнія знайшлі прапіску ў парку імя 50-годдзя ВЛКСМ. Яшчэ 30 будучых веліканаў хутка з’явіцца на Алеі Герояў.
Насенная прадукцыя ААТ “Гандаль” карыстаецца вялікім попытам у насельніцтва. За люты-сакавік было рэалізавана 3,5 тоны цыбулі-сеянкі, што ў некалькі разоў перавысіла мінулагодні паказчык, паўтары — бульбы. Добра ідзе і продаж насення агародных, кветкавых культур. Раскуплена таксама каля 4 тон грунту для пасадкі раслін.