РАУС
У перыяд з 31 сакавіка па 6 красавіка зафіксавана 9 супрацьпраўных учынкаў: 2 крадзяжы, 3 выпадкі парушэння антыалкагольнага заканадаўства, 4 – нанясення цялесных пашкоджанняў.
Затрыманы 2 асобы, якія ўхіляліся ад выплаты аліментаў.
31 чысла ў п. Татарка здзейснены крадзеж адзення і абутку сукупным коштам каля 25 млн. рублёў. Злачынства раскрыта па «гарачых слядах» — затрыманы два раней не судзімыя бабруйчаніны.
У той жа дзень у ЦРБ дастаўлены 40-гадовы непрацуючы асіпаўчанін з нажавымі ранамі твару. Траўмы нанёс сабутэльнік падчас спрэчкі, якая пачалася пасля сумеснага ўжывання алкаголю.
1 красавіка пры падзенні з 3 паверха дзіцячага санаторыя «Свіслач» атрымаў цяжкія траўмы 15-гадовы навучэнец дапаможнай школы г. Бабруйска. Па папярэдняй інфармацыі, падлетак скочыў з небяспечнай вышыні па ўласным жаданні.
3 чысла з масіўным унутраным крывацёкам, разрывам кішэчніка і шэрагам іншых траўм шпіталізаваны 37-гадовы мужчына. Злачынца, які нанёс пабоі, выяўлены на наступны дзень. Ён быў ужо раней судзімы за грубае парушэнне правілаў дарожнага руху, а чарговы крымінальны ўчынак стаў вынікам выпадковай вулічнай спрэчкі.
6 красавіка ва ўласнай ванне знойдзены труп 90-гадовага пенсіянера. Па папярэдняй інфармацыі, мужчына патануў падчас купання.
РАСК
Узбуджана 7 крымінальных спраў. У іх ліку:
- крадзеж рыштунку пляцоўкі для адпачынку на 74 кіламетры шашы Мінск-Гомель. Невядомая асоба, якая ўкрала стол, лаўку і дзве ўрны, нанесла ўрон ДЭУ № 73 агульным памерам 3,7 млн. рублёў;
- нанясенне цялесных пашкоджанняў 47-гадовай жыхарцы в. Коханаўка. Два нажавыя ўдары ў спіну 16 лютага ёй нанесла ўласная дачка;
- ухіленне ад рашэння гаспадарчага суда аб вы-плаце запазычанасці прад-прымальніка, які з мая 2013 года наўмысна «не спяшаецца» вяртаць філіялу «Белшына-агра» ААТ «Белшына» 88,6 млн. рублёў.
ДАI
Спынена 109 парушэнняў правілаў руху, прыцягнута да адказнасці 2 п’яныя вадзіцелі, 22 парушальнікі хуткаснага рэжыму, 11 пешаходаў без святлоадбіваючых элементаў. Адбылося 5 ДТЗ.
1 красавіка вадзіцель аўтамабіля «ВАЗ-21063″ на дарозе Градзянка-Каменічы праявіў няўважлівасць пры сустрэчным раз’ездзе з трактарам «Беларус-1221″, які транспартаваў навясны культыватар. Пры манеўраванні побач з перашкодай дарожнага руху легкавы аўтамабіль урэзаўся бортам у негабарытную сельгасмашыну.
АУСТ
Узбуджана 2 крымінальныя справы па фактах крадзяжу маёмасці і 1 — кардынгу (зняцця грошай з чужой банкаўскай карткі без дазволу гаспадара апошняй). Складзена 107 адміністрацыйных пратаколаў.
У перыяд з 3 па 6 красавіка праводзілася рэспубліканская аперацыя «Прыгарадны поезд», падчас якой супрацоўнікі АУСТ суправаджалі ўсе цягнікі рэгіянальных ліній. Падчас акцыі было затрымана 20 неадэкватных пасажыраў і 3 злачынцы, што знаходзіліся ў вышуку.
РАНС
31 чысла загарэўся жылы дом па вул. Гарбатава. У агні загінула 82-гадовая жанчына.
Надвячоркам 5 красавіка пачаўся пажар на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства «Сеўра» ў в. Пагарэлае. Знішчана лазня, бытоўка, пашкоджаны склад гатовай прадукцыі — драўнянага вугалю. Таксама панесла ўрон нерухомая маёмасць СВК «Калгас «Чырвоны ўдарнік» — згарэў дах навесу для сена.
IАЖіРС
Складзены 3 пратаколы па фактах браканьерскай здабычы рыбы, 4 — збору мядзведжай цыбулі, 2 — гандлю гэтай раслінай.