БЕСПРАЦОЎЕ. На ўліку па беспрацоўі ў аддзеле працы і занятасці насельніцтва райвыканкама знаходзіцца 57 чалавек. З пачатку года працаўладкавалася 43 беспрацоўных. Лідарам па забеспячэнні вакансіямі па-ранейшаму застаецца вагонабудаўнічы завод.
БАСЕЙН. У сярэднім за тыдзень басейн наведвае па абанементах 700 чалавек, а саўну — 215. Каля 900 вучняў з гарадскіх школ і гімназіі з задавальненнем прыходзяць у «Дэльфін».
ЖКГ. З надыходам маразоў спажыванне газу сістэмамі камунальнага цеплазабеспячэння павялічылася на 60%, мясцовых відаў паліва — на 26%. Нягледзячы на гэта, перарасходу няма, да канца абагравальнага сезона будзем у цяпле.
ДУКВП «РАЙСЭР-ВIС». На пачатак года было нарыхтавана 1,5 тыс. тон солі і 500 «кубоў» пяску. За тры тыдні студзеня на пасыпку пешаходных і аўтамабільных дарог затрачана 270 тон пясчана-саляной сумесі. За снежань-2013 — 350 тон.
ПУНКТ ПРАКАТУ КАНЬКОЎ I ЛЫЖ з гарадскога парка пераехаў на стадыён «Алімпіец». Тут ён і будзе працаваць у аўторак — пятніцу з 14.00 да 21.00, суботу — нядзелю з 10 да 21 гадзіны.
РАЙЦГЭ паведамляе, што з 20 па 25 студзеня ў раёне зарэгістравана 330 пацыентаў з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі — на 56 выпадкаў больш, чым за папярэдні тыдзень. За аналагічны перыяд мінулага года з ВРЗ было 458 чалавек.
БРАТЫ МЕНШЫЯ. З пачатку года ў райветстанцыю за дапамогай звярнулася больш сотні ўладальнікаў сабак і катоў. Лечаць сваіх любімцаў ад розных хвароб — інфекцый вушэй, дыхальных шляхоў, мочапалавой сістэмы і г.д. Нярэдка праводзяцца аперацыі. Плюс, на вакцынацыю супраць шаленства, чумкі і іншых хвароб удзень прыводзяць жывёл 6-8 чалавек.
С 1 ПА 20 ЛЮТАГА ў чытальнай зале навукова-технічнай бібліятэкі ст. Асіповічы пройдзе выстава літаратуры “Маркетынг і лагістыка: сучасныя тэхналогіі на транспарце”, дзе будуць прадстаўлены больш за 30 выданняў з фонду – кнігі, перыёдыка, прамысловыя каталогі, нарматыўна-тэхнічныя і патэнтавыя дакументы і г.д.