Адкуль бярэ свае карані цяперашні СВК «Калгас «Бярэзіна”? Проста так да іх і не дакапаешся, бо схаваны яны пад некалькімі пластамі. І перш за ўсё варта заглянуць у 1933-34 гады, калі былі арганізаваны калгасы «Рассвет” у в. Галынка, імя Леніна ў Копчы, імя Кірава ў Рыдлё і імя Молатава ў Будзе. Хто яны былі, першыя камунары? Згодна з успамінамі мясцовых жыхароў, занатаванымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка, у вёсцы Кассё, напрыклад, такіх актывістаў налічвалася спачатку толькі 7 чалавек. Сярод іх — Наталля Астрашэнка, Міхаіл Цяцерын і Васіль Цяцерын. Першым брыгадзірам у в. Краснае быў Уладзімір Лабацкі. Першы старшыня калгаса імя Кірава — Канстанцін Барнавіцкі, з 1937 года і да пачатку вайны — Уладзімір Слуцкі, а пасля Вялікай Айчыннай вайны калгас узначаліў Сямён Усаў. У 1950 годзе названыя гаспадаркі аб’ядналіся і вялікаму новаму была дадзена назва «Беларусь”. У яго склад уваходзіла 8 населеных пунктаў: Краснае — 161 двор, 351 чалавек, Кассё — 130/250, Чучча — 112/282, Шэйпічы — 104/260, Галынка — 45/126, Копча — 41/106, Сталяры — 25/60, Буда — 16/35. У 1961 годзе да «Беларусі” былі далучаны калгасы «Шлях да сацыялізму”, імя Энгельса і «Светлы шлях”. Старшынямі аб’яднанага сельгаспрадпрыемства ў розны час былі П.Ф.Багамолаў, М.К.Кандрацьеў, В.В.Татур, Р.І.Сакун, В.В.Новак, А.Ю.Германчук, М.А.Садкоў і іншыя.
Глыбокі след пакінуў у гісторыі калгаса Рыгор Ільіч Сакун. Яшчэ і зараз яго людзі з дабром успамінаюць. Кіраваў ён гаспадаркай з 1963 па 1982 год. Калгас тады славіўся, займаў у раёне лідарскія пазіцыі. На гэтым «гістарычным адрэзку” і спынімся падрабязней.
«Спраўны быў гаспадар Сакун, справядлівы кіраўнік і добры чалавек, — з задавальненнем успамінае былы галоўны аграном, адзін з лепшых у свой час спецыя-лістаў у раёне Галіна Фёдараўна Кандратовіч (Вера-шчака), — у 1975 годзе нашы нівы ўрадзілі збожжа больш за 31 цэнтнер з гектара. Для таго часу гэта быў вельмі добры вынік. Памятаю, я тады атрымала ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а старшыня — ордэн «Знак Пашаны”. Штогод мелі агульны ўмалот не менш за 2 тысячы тон. Зямлю выкарыстоўвалі мэтазгодна і ашчадна. Абавязковы план выглядаў прыблізна так: 720 гектараў — збожжа, 130 — кукурузы, 20 — караняплодаў, 110 — бульбы, ільну — 90. Дарэчы, лён тады дзялілі на ўчасткі і раздавалі працаў-нікам калгаса. Кожны сам даглядаў і апрацоўваў свой надзел, а калі прыходзіў час здаваць, самі і адвозілі на завод. Да 1960 года пункт прыёму апрацаванага льну быў у Асіповічах, пазней даводзілася яго дастаўляць у Кіраўск. Чым лепшай якасці быў вырашчаны лён, тым больш за яго можна было атрымаць грошай. Дапамагаў нам у доглядзе за гэтай культурай і шклозавод «Кастрычнік”.
Шмат было ў калгасе механізатараў — чалавек 40. Заўсёды добра працавалі Уладзімір Невяровіч, Міхаіл Васьковіч, Сяргей Цяцерын, Уладзімір Еркавец, Уладзімір Навіцкі. Да тэхнікі стараліся ставіцца беражліва, выходзілі ў поле і ў будні, і ў святы — калі была патрэба. Работа была арганізавана трыма брыгадамі, якія «базіраваліся” ў Красным, Чуччы і Шэйпічах. Адным са звеннявых быў Уладзімір Шугай.
Амаль кожная сям’я трымала прыватную гаспадарку, прычым немалую: кароў, свіней, дробную жыўнасць. Напрыклад, толькі ў Красным і навакольных вёсках было каля 90 уласных кароў”.
А вось як час 70-80-х характарызуе Марыя Міхайлаўна Гук, якая рабіла ў калгасе з 1954 па 1993 год, на працягу 28 гадоў займала пасаду галоўнага бухгалтара:
«Пачала працаваць, калі яшчэ налічвалі калгаснікам «палачкі” — працадні. У канцы года давалася натуральная аплата: зерне, бульба. З 1 ліпеня 1966 года сталі плаціць заробак грашыма. Была і так званая «13 зарплата” — розныя выплаты цялятнікам, даяркам, механізатарам. Каб заслужыць яе і адпускныя, трэба было адпрацаваць пэўную колькасць дзён. У мужчын і жанчын яна была розная — 250 і 200 адпаведна.
Важнай падзеяй былі калгасныя сходы. На іх падводзілі вынікі работы, абмяркоўвалі розныя аспекты жыцця гаспадаркі, адных ушчувалі за «паводзіны”, другіх хвалілі і ставілі ў прыклад іншым. Званне «Заслужаны калгаснік” таксама прысвойвалася на агульным сходзе. Такіх працаўнікоў у нашай гаспадарцы было чалавек 10. Сярод іх — вартаўнік Іван Багдановіч і палявод Вольга Гарадзецкая з Краснага, паляводы з Копчы Малання Кандратовіч і Вольга Дашук. Якія прывілеі давала гэтае званне? Штогод бясплатна афармлялася падпіска на газеты — часцей за ўсё гэта былі «раёнка” і якая-небудзь абласная, гаспадарка плаціла за радыё і электрычнасць. Ну а самым лепшым заахвочваннем была павага аднавяскоўцаў”.
Сваіх дамоў у 60-70-я гады гаспадарка не мела і нікога жыллём, як гэта цяпер заведзена, не забяспечвала. Гэта ўжо пазней, у пачатку 80-х, пачалі ўзводзіць калгасныя дамы, а раней было толькі некалькі выпадкаў, калі сельгаспрадпрыемства набывала ў вяскоўцаў хаты для сваіх работнікаў. На сёння, дарэчы, калгасам ужо пабудавана 39 дамоў, кожны, хто меў патрэбу, абзавёўся сваім «кутком”, ды і не абы-якім. Да слова, сярэдні ўзрост працаўнікоў калгаса ў 80-я быў каля 30-ці гадоў, а працавала тут, напрыклад, у 1989 годзе 235 чалавек.
Шмат інфармацыі заўсёды можна пачарпнуць з раённай газеты. Падшыўка 40-гадовай даўнасці — а гэта і былі часы, калі калгас «Беларусь” славіўся вытворчасцю мяса і малака — расказала нямала цікавых фактаў. Вось як, напрыклад, пра жывёлагадоўлю апавядаў заатэхнік калгаса Леанід Мікалаевіч Андрыевіч у «Запаветах Леніна” за 2 снежня 1971 года: «Нашы жывёлаводы павінны сёлета рэалізаваць 173 тоны мяса. У наступным годзе — 182 тоны і ў 1973 годзе давесці продаж ялавічыны і свініны да 222 тон… У вёсцы Кассё ўзвялі тыпавы адкормачнік на 300 галоў з поўнай механізацыяй вытворчых працэсаў… На ферме вёскі Галынка, дзе да гэтага часу вялася асноўная маса адкорму, працуе дружны калектыў даглядчыкаў. Гэта Сцяпан Аляксеевіч Гляцэвіч, Мікалай Карпавіч Смірноў і Яўген Сямёнавіч Хрушчынскі. Яны дабіваюцца самых высокіх і танных прываг у калгасе”.
На гэтай жа старонцы жывёлаводы дзеляцца вопытам дасягнення кілаграмовых прываг у гадаванцаў: «Мы даглядаем цяпер 148 галоў буйной рагатай жывёлы. Паступае да нас на адкорм маладняк па 180-200 кілаграмаў. Адразу нельга набраць поўнасцю раўнавагавай жывёлы на адкорм, таму набор вядзецца па партыях. Адвезлі на мясакамбінат адкормкаў, на іх месца ставім цялят. На ферме ўтвараецца статак з 3 катэгорый па вазе. Для кожнай катэгорыі выдаецца свой рацыён. Напрыклад, для жывёлы вагой ад 200 да 250 кіла-грамаў складзены рацыён, які ўтрымлівае 5,5-6 кармавых адзінак і 550 грамаў пераварымага пратэіну… У нас няма выпадкаў, каб каля бычка 250 кілаграмаў стаяла жывёліна вагой 350 кілаграмаў. Усе яны расстаўлены па аднолькавай вазе… Строга захоўваем распарадак дня. У 7 гадзін раніцы кормім першы раз, у 14 — другі і трэці раз — у 19 гадзін… Трэці год прымяняем карбамід. Дзённую дачу давялі да 90 грамаў на кожную галаву. Выдаем яго два разы ў суткі разам з канцэнтратамі. Пераканаліся, што карбамід не толькі кампенсуе недахопы бялку ў рацыёне, але і паляпшае апетыт жывёлы. За кошт таго, што скормліваем гэты прэпарат, атрымліваем штодня дадаткова па 100-150 грамаў прывагі ад кожнай жывёліны… Мы атрымліваем кілаграмовыя прывагі ўвесь год, 95% рэалізуемай жывёлы даводзім да вышэйшай кандыцыі”.
Наогул, жывёлагадоўля ў «Беларусі” была на добрым узроўні. Трымалі не толькі 350-400 кароў, 800-900 галоў маладняку, бычкоў на адкорме (у Галынцы яны былі па 350-400 кілаграмаў), але і свіней, авечак. Нямала ў калгасе мелася і коней — без іх нельга было справіцца з аб’ёмамі работ. Кароў даілі ўручную, норма на даярку — 12 галоў. І зараз праца аператараў машыннага даення не з лёгкіх, а тады і наогул лічылася, бадай, самай цяжкай. У ліку перадавых ферм у калгасе была Капчанская МТФ. Адна з яе працаўніц — Ніна Фёдараўна Галавач. Даярка брала сацыялістычныя абавязацельствы надаіць ад каровы 2.400 кілаграмаў малака за год — і добрасумленна іх выконвала.
Розныя складанасці не заміналі людзям мець да ўсяго добры настрой. І на работу ішлі з песнямі, і з работы. Па-сапраўднаму папулярнымі месцамі адпачынку вяскоўцаў былі сельскія клубы. Дзейнічалі яны ў вёсцы Кассё, Галынка. Хадзіў сюды народ розных узростаў: паглядзець які-небудзь фільм любілі ўсе. Акрамя таго, моладзь яшчэ бегала і на танцы. Потым з’явіўся Дом культуры і ў Красным. Ды і не толькі гэтую ўстанову пабудаваў калгас, а і дзіцячы сад, бібліятэку, кацельню, пошту — усю неабходную сельскую інфра-структуру.
Няпростыя для ўсіх 90-я запомніліся тагачасным працаўнікам калгаса адсутнасцю па 2-3 месяцы зарплаты, рознабаковай нестабільнасцю. Калгас «Беларусь”, як і шэраг іншых, не змог утрымаць ранейшых пазіцый, з перадавых гаспадарка стала адной з самых адсталых у раёне.
У кастрычніку 2002 года ён быў перайменаваны ў «Бярэзіну”.
У пачатку новага стагоддзя сельгаспрадпрыемства пад персанальную апеку ўзяў умелы гаспадар — прадпрымальнік Мікалай Сінькевіч, уліў туды пэўныя сродкі. Напрыклад, была набыта сістэма ахалоджвання малака для МТФ в. Кассё, іншае неабходнае абсталяванне, нават камбайн.
«Асноўнай задачай на той складаны час — а менавіта такім ён і быў, калі ад каровы мелі за год надой толькі 1.700 кілаграмаў — з’яўлялася захаванне статка, прасцей кажучы, не даць жывёле загінуць, — падзя-ліўся ўспамінамі Мікалай Яфімавіч. — Кармавая база была створана, справы па-ступова наладзіліся”.
Нададзены імпульс да развіцця гаспадаркі падтрымаў Іван Кандратовіч, які ўзначаліў калгас з 2005 года. Ён пачаў тут свой працоўны шлях некалі ў 1973 годзе. Быў брыгадзірам трактарнай брыгады, загадчыкам майстэрні, галоўным інжынерам. У 2008 годзе СВК «Калгас «Бярэзіна” за дасягненне добрых вынікаў у вытворчасці малака быў занесены на раённую Дошку гонару. На жаль, летась гэтага чалавека ўжо не стала…
Што такое «Бярэзіна” зараз? Гэта 90 працаўнікоў, 3 фермы — у вёсках Копча, Кассё і Чучча, 1.083 гектары раллі, 1.143 галавы буйной рагатай жывёлы, каля 4,5 тон малака ад кожнай каровы за год.
Ёсць нямала людзей, для якіх калгас стаў лёсам. З цяперашніх працаўнікоў больш за іншых тут працуюць загадчыца і цялятніца фермы «Чучча” Людміла Галацэвіч (з 1980 года) і Тамара Патапейка (з 1986). З 1985 года робіць у калгасе трактарыст Уладзімір Скіра.
Нядаўна гаспадарку ўзначаліў Валянцін Шкурын. Новы кіраўнік — новыя пачынанні. Шмат планаў ёсць на 2012 год: рэканструкцыя фермы ў Копчы і завяршэнне будаўніцтва зернесушылкі СЗК-10, атрыманне 1.000 тон цукровых буракоў. Плюс, не знізіць паказчыкі апошняга жніва, у час якога было сабрана 1.724 тоны хлеба, і давесці надоі ад каровы да ўзроўню 2010 года — да 5,5 тон.
Што ж, няхай усё атрымаецца, і ў летапіс калгаса будзе ўпісаны яшчэ адзін год плённай працы.
Валянціна КОРБАЛЬ.
У напісанні артыкула садзейнічалі праўленне калгаса «Бярэзіна”, Красненская сельская бібліятэка, ДУА «Красненскі ВПК дзіцячы сад-пачатковая школа”, ветэраны працы Галіна Кандратовіч і Марыя Гук.
Добавить комментарий
-
Выборы в местные Советы депутатов 28-го созыва
-
Афиша кино и мероприятий
-
Новые номера телефонов
-
Популярное
-
Не упустите возможность!
-
Осиповичский РОЧС сообщает
-
Опрос для Вас
Загрузка ... -
Новости БелТА
-
Присоединяйтесь!
-
Мы в социальных сетях!
-
Лента новостей
-
Архив сайта
-
Рубрики сайта
- Адукацыя (342)
- Актуальнае (946)
- Армія (305)
-
Гісторыя (482)
- "Афган" (101)
- Ведаць. Памятаць. Ганарыцца (22)
- Война: 70 фотомгновений (49)
- Грамадства (206)
- Добраўпарадкаванне (156)
- Закон і правапарадак (744)
- Здароўе (329)
- Карысна ведаць (535)
- Культура (476)
-
Людзі (883)
- Знакомьтесь (56)
- Моладзь (240)
- Мы родились! (60)
- Як жывеш, ветэран? (31)
-
Навіны (594)
- БелТА: тема недели (45)
- КАР (175)
- Хроніка (209)
- Прадпрыемствы (167)
- Прырода і экалогія (250)
-
Рознае (940)
- "АК": полезная папка (307)
- РОЧС (136)
-
Сельская гаспадарка (128)
- Ураджай-2017 (21)
- Спорт (864)
-
Улада (504)
- Выборы-2018 (12)
- На контроле — Декрет №3 (13)
- Чыгунка (85)
- Эканоміка (617)
-
Ищи нужное здесь!
БРСМ ГАИ ИОЖиРМ ОВДТ РОВД РОЧС Сельское хозяйство авто акции армия афганцы благоустройство власть внимание война выборы департамент охраны жд здоровье знакомьтесь интервью интересно знать история коратка аб розным криминал культура люди мероприятие милиция молодёжь налоги новорожденные новости образование полезно знать праздник предприятия природа райисполком сельсовет спорт торговля футбол чыгунка экономика -
Свежие комментарии
Артем Says:
Планируется ли показ Астрал 4?... -
Погода в Осиповичах
-
Праздники