У скрынI з календарамі… №72
Опубликовано: Редактор
Среда, 24.08.2011 20:02.
Рубрика: Гісторыя
Кішэнны каляндарык — гэта, па вялікім рахунку,
сродак самарэкламы, а не проста даведнік па днях, месяцах і святах, і ў многіх,
нават невялічкіх зараз арганізацый, маюцца такія кампактныя плакацікі. У межах
Расійскай імперыі першы дробны каляндар з’яўляецца ў 1760 годзе і з таго часу
паступова ўваходзіць у шырокае карыстанне. Але дзесьці з 1930-х па 1960-я гады
ўжо на тэрыторыі Савецкага Саюза такая патрэбная рэч становіцца маладаступнай.
Чаму? Бо рэвалюцыя 1917 года і наступныя гістарычныя падзеі прыпыняюць развіццё
выдавецкай справы. З 1940-х па 1960-я выпуск каляндарыкаў манапалізуюць
«Дзяржстрах”, «Ашчадкаса”, «Аэрафлот” і выдавецтва «Мастацтва”. І толькі ў
1970-я прадукцыя пачынае вяртаць свае ранейшыя пазіцыі. Хаця толькі праз 10
гадоў выпуск каляндарыкаў сапраўды становіцца масавым. Сапраўды ж бум на іх
прыпадае на перыяд 1990-х. І гэта пры тым, што самае першае выданне
каляндарнага тыпу на стараславянскай мове было надрукавана ажно ў 1522 годзе
нашым знакамітым суайчыннікам — «Малая спадарожная кніжыца” Францыска
Скарыны…
Калі асіпаўчанка Ганна Комлік, харэограф клуба
чыгуначнікаў, распавяла, што каля 30 гадоў збірае кішэнныя каляндарыкі і мае
салідную калекцыю (цэлая абутковая скрыня!), то адразу ўзнікла наступнае
пытанне: «Навошта?” Аднак калі з той калекцыяй пазнаёмілася, то адкрыла для
сябе адну рэч: гэта вельмі цікавы і незвычайны праваднік па гісторыі як цэлай
краіны, так і канкрэтна ўзятага чалавека — Ганны Анатольеўны.
Пра што ж можна ўспомніць ці даведацца,
капаючыся ў яе абутковай скрыні з календарамі?
1970-я. «Дзяржстрах” — лідар на рынку рэкламы
Першыя каляндарыкі з «абутковай” калекцыі
датуюцца 1972 годам. Каштавалі яны тады 3-4 капейкі і друкаваліся накладам ад
50 да 500 тысяч экзэмпляраў. Для параў-нання: тыраж аднаго віду каляндарыка
«Белдзяржстраху” за 2011 год — 120 тысяч. А такіх відаў запар выдаецца
некалькі…
— Калекцыяніраваць каляндарыкі пачала дзякуючы
маме, — адзначае іх уладальніца. — Па-першае, яна сама збірала ледзь не ўсё —
ад паштовак да насовак. Па-другое, штогод знаходзіла каго альбо што можна
застрахаваць, таму ў нас пастаянна з’яўляліся новыя каляндарыкі ад
«Дзяржстраху”. З іх і пачалася мая калекцыя.
Тэматыка аздаблення каляндарыкаў гэтага перыяду
досыць абмежаваная: фота-здымкі са святаў, пэўныя архітэктурныя і гістарычныя
аб’екты, рэпрадукцыі карцін і, канешне, рэклама страхавання. Прычым у дадзенай
калекцыі прэвалююць выявы, якія так ці інакш звязаны з Вялікай Айчыннай вайной.
Калі пільна прыгледзецца, то да 1991 года ў выхадных
дадзеных каляндарыкаў побач з нумарам заказу і тыражом змяшчаюцца незразумелыя
звычайнаму чалавеку літары і лічбы — кшталту «АТ 25169”. Гэта вельмі цікавая
рэч, якая называецца «літ” альбо нумар цэнзурнага дазволу. Менавіта з-за
жорсткай цэнзуры тагачаснае ўпрыгожанне каляндарнай прадукцыі было такім
маларазнастайным…
Найбольшы наклад у 3 мільёны ў тое дзесяцігоддзе
маюць каляндарыкі 1979 года выпуску, якія рэкламуюць Маскоўскую Алімпіяду-80.
Каштавалі яны 4 капейкі і мелі, шчыра кажучы, не дужа прывабны выгляд.
— Некалькі такіх набыла ў час экскурсіі па
Маскве, — успамінае асіпаўчанка. — Гэта была запамінальная паездка: з гадзіны
ночы мы стаялі ў неверагоднай чарзе ў маўзалей, каб падзівіцца на Леніна.
Дагэтуль памятаю крамлёўскія зоры. Нам падавалася, што навобмацак яны
аксамітныя…
1980-я. Мары ад «Кінацэнтра”
На стыку дзесяцігоддзяў стыхійнае збіранне
каляндарыкаў у Ганны Анатольеўны перарастае ў філуменію ці календарыстыку. Тады
яшчэ школьніца, яна перыядычна робіць агляд усіх гарадскіх кіёскаў і набывае
ўсе новыя каляндарыкі.
— Прычым мама заўжды была ў курсе маіх
збіральніцкіх спраў і не толькі не забараняла «марнаваць” грошы, але і
заахвочвала да гэтага, — дадае яна. — Сама прывозіла мне каляндарыкі нават з
Рыгі, куды ездзіла ў камандзіроўкі. Нягледзячы на сваю «савецкасць”, у Латвіі
можна было знайсці вельмі арыгінальныя і стыльныя рэчы, якія кардынальна адрозніваліся
ад прадукцыі савецкай Беларусі і, натуральна, у нас не прадаваліся. Мае любімыя
латышскія каляндарыкі — з маляванымі жывёламі на аднатонным фоне. Вельмі
эстэтычна! Яшчэ маці набывала для мяне варыяскапічныя* экзэмпляры, аднак яны не
дужа падабаліся…
Напрыканцы 1980-х і ў Беларусі з’явілася багата
густоўна выкананых каляндарыкаў. Цікавымі работамі вылучалася маскоўскае
выдавецтва «Плакат”, у якім працавалі таленавітыя маладыя мастакі.
— Была ў гэтага выдавецтва серыя пад назвай
«Паход ашчадных”, — распавядае філуменістка. — Яе галоўнае ідэя — ахова
навакольнага асяроддзя. Прычым візуальна яна абыгрывалася часам прос-та
геніяльна. Напрыклад, на карцінцы намаляваны некалькі пянькоў ад ссечаных
дрэваў, над якімі кружаць птушкі. І подпіс: «Гракі прыляцелі…”. Калі сыну
Віталю у школе па-трабавалася рыхтаваць нейкія маляваныя работы, многія ідэі мы
пазычалі менавіта з тых карцін-каляндарыкаў.
Але выходзілі такія рэчы сціплым накладам, тады
як самарэкламкі «Дзяржстраху” выпускаліся тыражамі ў 6 мільёнаў…
— У 1989 годзе мы не маглі адарвацца ад работ
выдавецтва «Кінацэнтр”, — прызнаецца жанчына. — На адной з іх, да прыкладу,
фотаздымак Ірыны Цывінай у… чырвоных калготках! Тады пра такі аксэсуар
дзяўчаты маглі толькі марыць. Альбо каляндарык з Наталляй Нягодай, якая першая
ў савецкім кіно агаліла грудзі ў фільме «Маленькая Вера”. Тую стужку
пераглядалі не адзін раз, часам для адной толькі сцэны з агаленнем. Гэта быў
ужо зусім іншы і незнаёмы нам свет. Тады пікам танцавальнай моды была ўсяго
толькі ламбада! Памятаю, калі яшчэ працавала ў Дараганаўскім Доме культуры,
падрыхтавала на Купалле русалчын танец. Пад вечар на Пцічы з’явіўся човен, у
якім сядзелі Няптун і русалкі-танцоўшчыцы. За некалькі метраў ад берага
дзяўчаты вылезлі з чоўна і па вадзе накіраваліся да зямлі. На іх былі апрануты
спадніцы для вальса, якія мы, падкалоўшы, укарацілі. І на беразе мае русалкі
танцавалі ламбаду. Гэта быў фурор!
1990-я. Юрмальскія першаадкрыцці
З адменай цэнзуры ў краіну абрынулася лавіна
інфармацыі, у тым ліку і на каляндарыках. Трэба сказаць, што ў 1990-я гады
найбольш падобнай прадукцыі ў свеце выдавалася ў постсавецкіх краінах.
Напры-клад, у 1991 годзе было надрукавана 800 мільёнаў экзэмпляраў з 5,5
тысячамі розных малюнкаў.
— У чарговай паездцы да цёці, якая жыла ў
Юрмале, пабачыла каляндарыкі «Вар’етэ”, — прыгадвае Ганна Анатольеўна. — І
падумала: «Вось гэта сцэнічныя касцюмы! Няўжо такое бывае?” Дзяўчаты былі
апрануты ў вопратку з небяспечнымі дэкальтэ і неверагоднымі разрэзамі, у
скураных гарсэтах, з фантастычнымі макіяжам і прычоскамі. І гэта ў той час, як
у нас самым эфектным касцюмам лічыўся крыху мадэрнізаваны камбінезон… Мы з
мамай, канечне, набылі каляндарыкі для калекцыі.
З такой жа серыі мяне зацікавіў каляндарык
калгаса «Ілумяэ”. На ім выяўлены палетак, па якім побач няспешна крочаць конь і
голая дзяўчына. Што такім чынам хацела прарэкламаваць кіраўніцтва калгаса, для
мяне застаецца загадкай…
— Паколькі прадукцыі стала зашмат, то ўжо не
паспявала набываць усё, што выдавалася, — кажа Ганна Анатольеўна. — Таму з
гэтага часу каляндарыкі ўжо не купляла, а толькі атрымоўвала ў падарунак. У
калекцыі ёсць каляндар ад спявачкі Ірыны Раманоў-скай, якая мне яго ўласнаручна
і падаравала. Ёсць каляндарык танцавальна-спартыўнага клуба «Легенда”,
народнага ансамбля «Люлечка”. Намнога цікавей зараз збіраць каляндарыкі,
звязаныя з нейкімі па-дзеямі ва ўласным жыцці ці знаёмымі людзьмі. Зусім
нядаўна давялося пабываць у Нясвіжы. Праз некаторы час у мінскай кнігарні
ўбачыла цудоўную серыю беларускіх каляндарыкаў пад назвай «Краявіды Беларусі”.
Даўно не сустракала так густоўна зробленых рэчаў! Не ўтрымалася, вырашыла ў
першы раз за многія гады набыць каляндарык. Які выбраць? Спынілася на выяве
Нясвіжа — у напамін аб маім візіце ў гэты горад. Але планую скупіць усю серыю…
Ганна МАЦКЕВІЧ.
* Варыяскапічны — карцінка мяняецца ў залежнасці
ад вугла назірання.
« Чтобы люди знали своего Священника №72