Трэба натхняць уласным прыкладам! №72
Опубликовано: Редактор
Среда, 24.08.2011 20:04.
Рубрика: Спорт
Антон ЛIтвIнка, інструктар-метадыст па фізічнай
культуры ДДЛГУ «Асіповіцкі доследны лясгас», на пасаду, якую займае
трэці год, папрасіўся сам.
Ён працаваў інструктарам-метадыстам па
фізкультуры на СП ААТ «Дах», справу сваю вельмі любіў. Але пасаду
скарацілі… Таму калі ў 2008 годзе кіраўніцтва лясгаса ўвяло аналагічную штатную
адзінку, Антон не прамінуў магчымасці прапанаваць сваю кандыдатуру: «Я
проста прыйшоў да дырэктара Мікалая Раўбеля, сказаў, дзе працаваў, што рабіў і
мяне ўзялі…»
Пастаўленую перад ім адказную задачу — прывіць
інтарэс да фізкультуры і здаровага ладу жыцця работнікам трынаццаці лясніцтваў
ды Ліпеньскага дрэваапрацоўчага цэха — Літвінка выконвае адказна і паспяхова.
Антон стварыў секцыі валейбола і міні-футбола,
арганізаваў наведванне су-працоўнікамі лясгаса басейна і саўны, рэгулярна
праводзіць масавыя спаборніцтвы. Жадаючыя спрабуюць свае сілы ў валейболе,
міні-футболе, падняцці гіры, плаванні, настольным тэнісе, шашках, стральбе з
пнеўматычнай вінтоўкі, спартыўнай зімняй рыбалцы. На маё пытанне, чаму няма
спаборніцтваў па летняй рыбалцы, з усмешкай адказвае: «Летам складаней
сабраць людзей: многія ў адпачынку. Ды і пара небяспечная: вялікая па-гроза
пажараў».
Праблем з фінансаваннем няма: басейн і саўну
аплачвае прафсаюзны камі-тэт, арэнду памяшканняў для заняткаў валейболам і
міні-футболам — кіраўніцтва лясгаса. Усе іншыя выдаткі, што патрабуюць
спартыўныя мерапрыемствы, прадпрыемства і прафкам дзеляць пароўну. Калі толькі
распачыналі спартыўна-аздараўленчую дзейнасць, у Мінску пры-дбалі ўвесь
неабходны інвентар: мячы, сеткі, форму для спартсменаў, лыжную экіпіроўку…
Наведвальнікаў секцый заўжды хапае: у кожным лясніцтве працуе 25-30 чалавек, на
заняткі ходзяць сем’ямі. «Галоўнае — прапанаваць, а ахвотныя заўжды
знойдуцца», — зазначае Антон Літвінка.
— А як быць тым, хто жыве не ў горадзе? Ці маюць
яны магчымасць займацца?
— Тым нашым супрацоўнікам, якія жывуць у вёсках,
да Асіповічаў, дзе мы займаемся ў залах, наведваем басейн, ехаць далёка. Але мы
дамовіліся са школамі, каб нам дазволілі займацца ў іх спартзалах.
Пад кіраўніцтвам Антона Літвінкі каманды
Асіповіцкага лясгаса рэгулярна займаюць прызавыя месцы на раённых і абласных
спаборніцтвах па ўсіх відах спорту, якімі займаюцца яго супрацоўнікі. У раённай
спартакіядзе 2008 і 2009 гадоў каманды лясгаса занялі другое месца. А ў 2010
годзе лясгасаўцы сталі першымі па ўсіх відах спорту — за гэту перамогу
прадпрыемства было адзначана на раённай Дошцы пашаны. На мінулагодняй абласной
летняй спартакіядзе каманда прадпрыемства заняла чацвёртае месца сярод трынаццаці
каманд…
«Раней мы займалі восьмае і шостае месцы на
вобласці. Чым абумоўлены поспех… Я думаю, тут не столькі мая асабістая роля,
колькі вопыт сыгранасці спартсменаў, шматлікія трэніроўкі, спабор-ніцтвы паміж
лясніцтвамі ў межах лясгаса. Мы выбіраем найлепшых, якія прадстаўляюць нас на
раёне і на вобласці. Калі звальняюцца людзі, якія ўваходзілі ў каманды, на іх
месца прыходзяць новыя, з іх таксама выбіраем наймацнейшых. Так што
атрымліваецца няспынны працэс абнаўлення… Калектыў у нас дружны, таму ўсё і
атрымліваецца!» — зазначае Антон.
Ён з задавальненнем называе імёны і перамогі
лясгасаўскіх работнікаў, для якіх фізічная культура ўжо стала неад’емнай
часткай жыцця. Нарыхтоўшчык піламатэрыялаў Ліпеньскага лясніцтва Таццяна
Цітавец выступае ў спаборніцтвах разам з дачкой Вікторыяй. На раённых
спаборніцтвах па валейболе яны сталі найлепшымі ігракамі раёна. Майстар лясгаса
Святлана Буханава сёлета заняла другое месца ў абласных спаборніцтвах па
настольным тэнісе. Бухгалтар Асіповіцкага лясніцтва Вольга Чамко бярэ прызавыя
месцы па спартыўным арыентаванні, лёгкаатлетычным мнагабор’і.
Не адстаюць і мужчыны: майстар Цэльскага
лясніцтва Сяргей Русаў паспяхова выступае на раённых і абласных спартакіядах па
мнагабор’і, інжынер лясгаса Аляксей Санец паказвае добрыя вынікі ў турнірах па
міні-футболе ды стральбе.
Намеснік дырэктара лясгаса па сацыяльных
пытаннях Аркадзь Новікаў актыўна і паспяхова ўдзельнічае ў спаборніцтвах па
ўсіх відах спорту. Летась у рэспубліканскім турніры сярод прадпрыемстваў лясной
гаспадаркі краіны па спартыўным арыентаванні ён стаў наймацнейшым у асабістым
заліку, выступаў з беларускімі калегамі на міжнародных еўрапейскіх
спаборніцтвах.
«Я не толькі праводжу інструктаж падчас
трэніровак ды арганізую спартыўныя мерапрыемствы, але і сам з задавальненнем
прымаю ў іх удзел. Трэба натхняць іншых уласным прыкладам!» — гаворыць
Антон Літвінка.
Ася ПАПЛАЎСКАЯ.
Чемпионат РБ по футболу (2 лига) 18 тур №74 »